Скі-крос — балет на лыжах!

- 13:02Спартыўныя падзеі

“Кажуць, што ў ката сем жыццяў. Дык вось не толькі ў ката, у фрыстайліста таксама! — усміхаецца Аляксандр Наканечны. — Фрыстайліст, як і кот, настолькі адчувальны да любога змянення свайго цела ў прасторы, што ён, як яго ні кінь, усё роўна прызямліцца на лыжы. Бывала і так: ляціш, галава знізу, лыжы зверху, снег ужо амаль пад галавой. І літаральна ў апошнюю хвіліну мышцы нейкім цудам становяць цябе на ногі”.
Саша — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і адзін з нямногіх прадстаўнікоў скі-кросу ў нашай краіне. Сусветная зімняя ўніверсіяда-2015 стала для яго трэцяй па ліку.

Да таго як выбраць спорт і скі-крос у прыватнасці, Аляксандр Наканечны атрымаў педагагічную адукацыю: ён настаўнік геаграфіі і спецыяліст па ахове прыроды.
“Свой першы ўніверсітэт я скончыў для душы, — адзначае мой суразмоўца. — Тэма мне вельмі блізкая, я захоплены паляваннем. Выкладаць у школу не пайшоў — мяне поўнасцю захапіў спорт. Я ўвогуле такі чалавек, што іду ўслед за справай, якая прыносіць мне сапраўднае задавальненне. Сёння мару пра тое, каб у маёй краіне быў комплексны падыход да скі-кросу”.
Скі-крос — складаны, тэхнічны і вельмі траўманебяспечны від спорту. З’яўляецца алімпійскім відам з 2010 года, і, думаецца, не ў апошнюю чаргу дзякуючы сваёй відовішчнасці. Сутнасць у тым, што чатыры лыжнікі спускаюцца па трасе, абсталяванай рознага роду перашкодамі: віражамі, трамплінамі, хвалямі. Скі-крос называюць самай складанай дысцыплінай фрыстайла, паколькі ў гэтым відзе патрабуецца не толькі выдатная тэхніка катання і праходжання перашкод, але і ўменне спартсмена выбудоўваць тактыку праходжання дыстанцыі. Лыжніку важней апярэдзіць канкурэнтаў па заездзе,чым паказаць самыя хуткія секунды.
“На поспех у гэтым відзе ўплывае вельмі шмат фактараў, — падкрэслівае Аляксандр Наканечны, — і прагназаваць яго вельмі складана. Калі чалавек улюбляецца ў скі-крос, для яго гэта вельмі дорага каштуе, бо да выніку трэба ісці гадамі. Сёння трасы для скі-кросу канструююцца такім чынам, каб максімальна раскрыць тэхнічны патэнцыял лыжніка, дазволіць яму праявіць усе свае спартыўныя якасці. Таму выкарыстоўваюцца прамыя і закручаныя трампліны, трапецыі, якія патрабуюць вертыкальнага акрабатычнага выхаду, піраміды, самыя розныя хвалі… Такая разнастайнасць элемантаў патрабуе карпатлівай падрыхтоўкі, неабходна адпрацаваць кожны з іх. Разам з тым прагрэс не стаіць на месцы, і ў нашым відзе спорту з’яўляюцца ўсё новыя элементы. Існуе мінімальны комплекс, які выкарыстоўваецца ўсюды, а вось дадатковыя элементы ўносяцца па рашэнні саміх арганізатараў спаборніцтваў.
На шчасце, трасы для скі-кросу рыхтуюцца і тэсціруюцца на высокім узроўні. Няма такога, як у горных лыжах, калі папярэдне трасу нельга нават паспрабаваць. У скі-кросе ёсць тэстары, якія выносяць вердыкт яе падрыхтоўцы. Пасля трасу могуць паспрабаваць самі спартсмены, а потым на спецыяльнай сустрэчы яна абмяркоўваецца і пры неабходнасці карэктуецца.
Бывае, што ты рыхтуешся да гонкі і заўважаеш на дыстанцыі новы элемент. Яго трэба пераадолець! Гэта не складана для прафесіянала, і кожны з нас зробіць гэта, іншая справа, з якой хуткасцю. Прайграеш ты на ім, выйдзеш у нуль ці выйграеш? Калі едзеш у чацвёрцы, важны дакладны разлік!”
Скі-крос прыцягвае ўвагу балельшчыкаў непрадказальнасцю заездаў, хвалюе небяспечнымі момантамі, інтрыгуе вынікам барацьбы і прыносіць мноства самых розных эмоцый. Гэты від нярэдка параўноўваюць з гарналыжным спортам, паколькі ў іх нямала падобных тэхнічных элементаў. Сапраўды, гарналыжнікі нярэдка пераходзяць у скі-крос, але для такой перападрыхтоўкі патрабуецца, па падліках спецыялістаў, не менш за 300 тысяч еўра, што забяспечыць год-паўтара паўнацэннай падрыхтоўкі.
Разважаючы аб папулярнасці скі-кросу ў Беларусі, Аляксандр Наканечны пагаджаецца: ёсць герой у відзе спорту — ёсць папулярнасць.
“Аднак такога героя рэальна стварыць, — парыруе мой суразмоўца. — Няма гор, і мы адразу заганяем сябе ў рамкі? Схілы для пачатковай падрыхтоўкі ў нас ужо ёсць. Да таго ж сёння такія тэхналогіі — усё можна стварыць. А потым можна ехаць у горы разам са спартсменамі сусветнага ўзроўню. Гэта нармальная еўрапейская практыка — далучацца да трэніровачнага працэсу іншых каманд. У нас у гэтым плане вельмі цесны кантакт з расіянамі. Там дружалюбныя хлопцы. Сакрэты, зразумела, нам ніхто не раскрывае, аднак яны не супраць развівацца разам. Мы нават жартуем паміж сабой: самы лепшы вынік спаборніцтваў, калі на першым месцы расіянін, на другім беларус і на трэцім зноў расіянін”.
Аляксандр расказвае, наколькі важная ў скі-кросе пастаянная практыка. Калі спартсмен працуе ў гарах, на трасе, якая мае шмат элементаў, ён дакладна разумее, што ў яго атрымліваецца, а што не. Толькі так становіцца зразумела, якім элементам падрыхтоўкі ўдзяляць больш увагі.
У беларускіх фрыстайлістаў, як і ў гарналыжнікаў, няма свайго сэрвісмена, лыжы яны таксама рыхтуюць самастойна.
“Іншым разам гэта ператвараецца ў яшчэ адну гонку, — смяецца Аляксандр. — Прыязджаем з гор і пачынаем плавіць лыжы, толькі потым пераапранаемся і абедаем. Пасля абеду цыклім лыжы і зноў пакрываем змазкай. Мы пастаянна да іх прывязаны, гэта ж нашы другія ногі. Спаць кладзёмся не раней за адзінаццаць вечара менавіта па гэтай прычыне. А ў дзень стартаў удзяляем ім яшчэ больш увагі — для гэтага рана ўстаём, а значыць, менш адпачываем. Адным словам, рызыковая справа. Адчуванне каардынацыі фарміруецца ў мазжачку. Калі спартсмен стомлены, каардынацыя парушаецца, што можа прывесці да страты кантролю і павялічыць рызыку траўм. Траўма — гэта мінус сезон, а мінус сезон — гэта няспраўджаныя надзеі і ўпустую затрачаныя фінансы”.
Аляксандр Наканечны з тых, хто верыць у сваю мару. Упэўнены, што застанецца ў скі-кросе, магчыма, з часам і ў якасці трэнера. Пакуль жа і ў спартыўнай кар’еры яшчэ многае наперадзе, бо ў гэтай дысцыпліне ў залежнасці ад здароўя і формы канкурыруюць як маладыя, так і дастаткова сталыя спартсмены.
“Скі-крос дае магчымасць жыць у спорце поўным жыццём, — падсумоўвае Аляксандр, — ён пабудаваны на тонкіх адчуваннях. Гэта адчуванне слізгання, цела ў паветры, звязкі з рэльефам. Калі ты ў скі-кросе, то мышцы мяняюць сваю структуру. Скі-крос — гэта пластыка, харэаграфія, адным словам, балет на лыжах!”

Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.