Складана, але магчыма

- 9:16Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Гэта прафесійнае крэда маладога настаўніка працоўнага навучання сталічнай сярэдняй школы № 173 Вадзіма Аляксеевіча Яруліна — актывіста, спартсмена, гумарыста і, канечне, майстра на ўсе рукі.

Два гады назад педагагічны калектыў сярэдняй школы № 173 Мінска папоўніўся маладым педагогам В.А.Яруліным. Ён выбраў гэтую школу ў якасці першага працоўнага месца пасля заканчэння Індустрыяльна-педагагічнага каледжа па спецыяльнасці “Тэхнічная праца і чарчэнне”. “Я лічу такі прадмет, як тэхнічная праца, адным з асноўных для хлопчыкаў, якія ў будучыні стануць мужчынамі, — перакананы Вадзім Аляксеевіч. — У 173-й школе педагогі-калегі прынялі мяне сардэчна, ва ўсім падтрымлівалі і дапамагалі парадамі, асабліва настаўніца працоўнага навучання Наталля Мікалаеўна Казакевіч”.

У педагагічнай дзейнасці Вадзім Ярулін імкнецца выкарыстоўваць сучасныя падыходы, адукацыйныя і інтэрактыўныя платформы для больш даступнага выкладання часам складанага матэрыялу. Яшчэ два гады назад яго першыя прафесійныя крокі часам былі няўпэўненымі, але калегі дапамаглі хутчэй уключыцца ў прафесію. 

“Важна мець падтрымку з боку калег, дзякуючы якой пачынаеш адчуваць сябе карысным і запатрабаваным, — прызнаўся В.А.Ярулін. — Сёння я дакладна ведаю, што мне па дарозе з маімі вучнямі. Думаю, што аўтарытэт сярод дзяцей удалося завая­ваць дзякуючы таму, што я заўсёды ў адносінах з імі прытрымліваюся залатой сярэ­дзіны, пастаянна цікаўлюся іх інтарэсамі. Я адкрыты з імі, хвалю, падтрымліваю і, канечне, стараюся апраўдаць іх давер. Вучні — навігатар майго жыцця, арыенцір для развіцця творчага патэнцыялу і матыватар для пастаяннай работы над сабой і ўдасканальвання сваіх прафесійных навыкаў”.

Сапраўдны педагог не абмяжоўвае свае зносіны з вучнямі 45 мінутамі ўрока.

Калегі гавораць пра В.А.Яру­ліна як пра чалавека, гатовага на ўсё. “Памятаеце героя Фе­дзю (у выкананні Аляксея Смірнова) з фільма “Аперацыя “Ы…”, які на пытанне, хто хоча сёння папрацаваць, гатовы быў пры­няць нарад і ў пясчаны кар’ер, і на цэментны завод, і на пагрузку вугалю? Вось так і наш Ва­дзім Аляксеевіч гатовы на ўсё, бо трэба”, — з гумарам расказала пра маладога педагога настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Міхайлаўна Якаўлева.

Сапраўды, Вадзім Аляксеевіч актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці школы. Ён старшыня школьнай пярвічнай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, якая, дарэчы, стала лепшай у Заводскім раёне сталіцы па выніках 2021 года. А яшчэ ён — сябар маладзёжнага савета Заводскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Вучні — навігатар майго жыцця, арыенцір для развіцця творчага патэнцыялу і матыватар для пастаяннай работы над сабой.

Да таго ж педагог з’яўляецца класным кіраўніком аднаго з 7-х класаў. У пазакласнай рабоце вялікую ўвагу ўдзяляе фарміраванню класнага калектыву, стварэнню спрыяльных умоў для раскрыцця і далейшага развіцця індывідуальных здольнасцей вучняў, выхаванню ў іх культуры паводзін, грамадзянска-патрыятычнаму і маральнаму выхаванню, фарміраванню працоўных уменняў і навыкаў здаровага ладу жыцця. Праводзіць разнастайныя па тэматыцы класныя гадзіны, конкурсы, гутаркі.

“Вадзім Аляксеевіч мае добрыя арганізатарскія здольнасці, любіць дзяцей, валодае педагагічным тактам. Захапленне сваёй справай, шырокі кругагляд, высокая працаздоль­насць — усё гэта ўмацоўвае яго аўтарытэт сярод вучняў, калег і бацькоў”, — падкрэсліла дырэктар школы І.Л.Шукелойць.

Вольга АНТОНЕНКАВА.