Складанасць заданняў на вынікі не паўплывала

- 16:41Адукацыйная прастора, Рознае

Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і астраноміі адбыўся на мінулым тыдні ў Магілёве. Свае веды па гэтых прадметах дэманстравалі звыш трохсот разумнікаў і разумніц з усіх рэгіёнаў краіны. Шлях на інтэлектуальны алімп аказаўся для ўдзельнікаў даволі няпростым, кожная перамога стала цалкам заслужанай.

Так, па словах старшыні журы Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, загадчыка кафедры камп’ютарнага мадэлявання фізічнага факультэта БДУ, дацэнта, кандыдата фізіка-матэматычных навук Анатоля Іванавіча Слабадзенюка, сёлетнія ўдзельнікі паказалі добрую падрыхтоўку, а таксама ўпартае імкненне да перамогі.
— Алімпіяднікі прадэманстравалі даволі высокія вынікі. Нулявых работ не было ўвогуле, а вось максімальнага ўзроўню некалькі ўдзельнікаў амаль што дасягнулі. І гэта вельмі радуе, бо, нягледзячы на тое, што алімпіядныя заданні мы фарміруем у рамках школьнай праграмы, яны ўсё ж крыху шырэй школьнага курса, — адзначыў Анатоль Іванавіч.
Напрыклад, дзевяцікласнікам сёлета прапаноўвалася вызначыць адлегласць, з якой можна ўбачыць цень ад самалёта, рашыць заданні на вывучэнне дэфармацыі спружын, магнітнага ўзаемадзеяння. Няпростыя задачы былі падрыхтаваны для вучняў дзясятых класаў. Як на тэарэтычным, так і на эксперыментальным туры дзесяцікласнікі сутыкнуліся з заданнямі на даследаванне пераходных працэсаў у электрычных ланцугах. Спачатку ім трэба было разлічыць, як адбываюцца гэтыя працэсы, а потым на практыцы пацвердзіць сваю тэорыю. Дарэчы, да падобнай пераемнасці заданняў арганізатары фізічнай алімпіяды звяртаюцца не ўпершыню.
— Я ўжо другі раз удзельнічаю ў рэспубліканскай алімпіядзе. Здаецца, у гэтым годзе задачы крыху змянілі свой кірунак, аднак не магу сказаць, што мы не былі гатовы да гэтага. Складанымі яны падаліся толькі на першы погляд, а калі сталі разбірацца, аказалася, што ўсё проста і зразумела. Больш за тое, на мой погляд, крыху павялічыўся час, адведзены на рашэнне заданняў, таму справіцца з імі пры пэўнай падрыхтоўцы мог кожны, — падзяліўся ўражаннямі прадстаўнік каманды Ліцэя БДУ Стасіс Чучурка.

На тэарэтычным туры алімпіяды па астраноміі навучэнцы рашалі задачы, звязаныя з усімі раздзеламі астраноміі, астрафізікай, астраметрыяй, нябеснай механікай, зорнай астраноміяй і нават касмалогіяй. Практычны тур адпавядаў тэорыі. Удзельнікам прапаноўвалася праз відэафайл, што мадэляваў натуральнае зорнае неба, выявіць, які ўчастак зорнага неба назіраецца ў заданні, адзначыць яго найбольш яркія зоркі і сузор’і. Цікавай была таксама задача на даследаванне палёту самалёта па дузе вялікага кола і іншыя.
— Заданні, якія мы падрыхтавалі ў гэтым годзе, па сваёй складанасці адпавядалі міжнароднаму ўзроўню, але ў асноўным удзельнікі набралі больш як палову балаў з магчымых. Гэта значыць, што падрыхтоўка алімпіяднікаў стала больш якаснай, іх веды — больш дасканалымі, — падкрэсліў старшыня журы алімпіяды па астраноміі, дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, кандыдат фізіка-матэматычных навук Станіслаў Станіслававіч Секержыцкі.

Высокія вынікі прадэманстравалі і ўдзельнікі Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.
— Сёлета мы падрыхтавалі для ўдзельнікаў алгебраічныя і геаметрычныя задачы, задачы па тэорыі лікаў, былі заданні і камбінаторнага характару. Усе яны аказаліся навучэнцам па сілах, не засталося такой задачы, якая б не была рэшана. Увогуле большасць алімпіяднікаў атрымала добрыя балы. Гэта сведчыць пра тое, што яны навучыліся размяркоўваць час і канцэнтравацца на заданнях, каардынаваць сваю работу, а значыць, дасягаць лепшых вынікаў, — паведаміў старшыня журы, загадчык кафедры вышэйшай матэматыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Сяргей Аляксеевіч Мазанік.

Па выніках алімпіяды дыпломамі розных ступеней, пахвальнымі водзывамі, а таксама спецыяльнымі прызамі было адзначана звыш 150 хлопцаў і дзяўчат.
Абсалютнымі пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў І ступені па астраноміі сталі навучэнец гімназіі № 3 Гродна Антон Кедук, навучэнка Ліцэя БДУ Настасся Капінская і навучэнец ліцэя № 2 Мінска Дзмітрый Міхайлаў.
За лепшыя веды па матэматыцы ўдастоены дыпломаў І ступені прадстаўнікі каманды Ліцэя БДУ Дзяніс Кім, Валянцін Віцязь, Сяргей Арлоўскі і Раман Марчанка, навучэнцы гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Уладзіслаў Абрамчык, Аляксей Васілеўскі, Яўген Кукель, Святаслаў Барадачоў, Канстанцін Касцевіч і Дзмітрый Баброў, навучэнцы гімназіі № 1 Ліды Уладзіслаў Казлоўскі і Аляксандр Піваварчык, вучань сярэдняй школы № 1 Любані Павел Астапенка, навучэнец гімназіі № 51 Гомеля Рыгор Дубовік, навучэнец гімназіі Шчучына Андрэй Асанаў, навучэнец гімназіі № 29 Мінска Дзмітрый Вайноў.
У веданні фізікі не было роўных ліцэістам БДУ Стасісу Чучурку і Яўгену Шурыгіну, навучэнцам гімназіі № 14 Гомеля Мікіту Ісакаву і Антону Талкачову, навучэнцу гімназіі № 3 Гродна Дзмітрыю Грыню, навучэнцу сярэдняй школы № 16 Полацка Віталю Вістунову, навучэнцу Гродзенскай гарадской гімназіі Эрыку Камлыку, навучэнцу гімназіі № 3 Салігорска Ільі Перапечку, навучэнцы гімназіі № 5 Мінска Марыі Быстровай, навучэнцу гімназіі № 29 Мінска Антону Хвалюку і навучэнцу гімназіі № 22 Мінска Багдану Звяжынскаму.

Спецыяльныя прызы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь былі ўручаны навучэнцам Аляхновіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці Яфіму Клімашэўскаму, Узоўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Канстанціну Атарыку і сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Яўгену Кораню.
Парк высокіх тэхналогій і фірма “Альян” уручылі спецыяльны прыз навучэнцу сярэдняй школы № 21 Магілёва Валянціну Дарафееву, які стаў самым юным удзельнікам усіх трох алімпіяд. Ад Беларуска-Расійскага ўніверсітэта падарункі атрымалі навучэнка гімназіі № 2 Магілёва Аляксандра Якімава, якая паказала лепшы вынік сярод дзяўчат у камандзе Магілёўскай вобласці па матэматыцы; навучэнец гімназіі № 1 Барысава Мінскай вобласці Віталь Няхай — за імкненне да навукі ва ўмовах мнагадзетнай сям’і; навучэнец ліцэя № 1 Гродна Аляксандр Даламбоўскі — за волю да перамогі. Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання за ўпартую працу па дасягненні сваёй мэты заахвоціў падарункам навучэнку магілёўскага абласнога ліцэя № 2 Аліну Львову. Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова адзначыў вучня Лужкоўскай сярэдняй школы Шаркоўшчынскага раёна Віцебскай вобласці Мікалая Захарэвіча як самага юнага ўдзельніка алімпіяды па матэматыцы; навучэнца Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Арцёма Саламаціна за лепшае рашэнне самай складанай задачы па фізіцы; навучэнку Ліцэя БДУ Настассю Капінскую як абсалютную пераможцу алімпіяды па астраноміі. Спецыяльныя прызы ўдзельнікам алімпіяд уручаліся таксама і ад магілёўскіх абласных ліцэяў.

Нельга пакінуць без увагі той факт, што ў рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы і матэматыцы прымалі ўдзел маскоўскія школьнікі. І хоць іх удзел ацэньваўся асобна, яны таксама атрымалі дыпломы і падарункі. Без памятных падарункаў не застаўся ніхто. Кожная каманда ўсіх трох алімпіяд атрымала разнастайную друкаваную прадукцыю выдавецтва “Аверсэв”. Юныя інтэлектуалы пакідалі горад на Дняпры з пазітыўным настроем. Адны радаваліся заслужаным перамогам, а тыя, каму ўдача сёлета ўсміхнулася крыху менш, не сумавалі. Заахвочаныя падарункамі і прызамі, яны настройваліся на поспех у наступным годзе.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.