Складаныя заданні — больш цікавыя

Сёлета ў абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды на Брэстчыне ўдзельнічала каля 1,1 тысячы навучэнцаў. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе школ і ПТНУ Брэста, Баранавіч, Кобрына, Івацэвіч і Маларыты, а таксама абласнога інстытута развіцця адукацыі.

У абласных алімпіядах па хіміі і біялогіі ўдзельнічала па 81 навучэнцы 9 — 11 класаў. Тэарэтычны тур праходзіў у Брэсцкім абласным ІРА, а практычны — у БрДУ імя А.С.Пушкіна.
— На рашэнне заданняў тэарэтычнага тура адводзілася 4 гадзіны, а практычнага тура — ад 3 да 4 гадзін (у залежнасці ад класа), — расказаў старшыня журы абласной алімпіяды па біялогіі, дэкан біялагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат біялагічных навук Уладзімір Іванавіч Бойка. — У тэарэтычным туры трэба было адказаць на тэарэтычныя пытанні тэставага характару па ўсіх раздзелах біялогіі. Практычны тур прадугледжваў выкананне лабараторных работ, дзе неабходна было абгрунтаваць тэарэтычныя даныя ў ходзе эксперыментаў. Трэба адзначыць, што сёлетнія, як, дарэчы, і мінулагоднія, алімпіядныя заданні з’яўляліся аптымальнымі па ўзроўні якасці і складанасці.
Падчас практычнага тура навучэнцы займаліся ў кабінетах батанікі, заалогіі, анатоміі чалавека, батанікі і фізіялогіі раслін, генетыкі і біяхіміі. Дзевяцікласнікі вызначалі сямейства, да якога адносіцца пузыраплоднік каліналісцевы, формулу яго кветкі і тып плода, вызначалі гісталагічны прэпарат і рабілі неабходныя малюнкі і тлумачэнні да іх, а таксама вызначалі заалагічныя аб’екты (бакаплава і дафнію) і апісвалі іх сістэматычнае становішча. Дзесяцікласнікі і адзінаццацікласнікі размяркоўвалі пігменты ліста расліны хроматаграфічным метадам, рашалі задачы па дыханні і інтэнсіўнасці фотасінтэзу, а таксама вызначалі хімічныя рэчывы раслін (крухмал) з дапамогай якасных рэакцый і рашалі генетычныя задачы.
Вынікі алімпіяды паказалі, што ўстановы адукацыі вобласці сталі больш сур’ёзна падыходзіць да падрыхтоўкі навучэнцаў: выкарыстоўваюць дадатковыя формы работы, прыцягваюць да алімпіяднай дзейнасці ўніверсітэцкіх выкладчыкаў. Дзякуючы гэтаму палепшылася якасць падрыхтоўкі школьнікаў, у тым ліку ў практычным плане.
— Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў варта ўлічваць, што алімпіядныя заданні разлічаны на навучэнцаў, чые веды выхо-дзяць за межы школьнай праграмы, — заўважыў У.І.Бойка. — Алімпіяднікам неабходна асвойваць у пэўнай ступені і ўніверсітэцкую праграму. Гэта цяжка. Але заўсёды прыемна бачыць настаўнікаў і навучэнцаў, якія паспяхова спраўляюцца з усімі цяжкасцямі і паказваюць цудоўныя вынікі. Сярод пераможцаў Абласной алімпіяды па біялогіі шмат выхаванцаў навучальных устаноў Брэста, Баранавіч, Пінска і Лунінецкага раёна. Падрыхтоўка пастаянных удзельнікаў інтэлектуальнага спаборніцтва вышэйшая, чым у навічкоў.

Дзевяцікласнік Станіслаў Сосік з гімназіі № 1 Брэста ўдзельнічае ў алімпіядах па розных прадметах з 6 класа. На абласныя спаборніцтвы прыехаў упершыню. Інтарэс да біялогіі ў юнака заканамерны — ён з дынастыі медыкаў. Ды і з настаўніцай хлопцу пашанцавала. Вольга Яўгенаўна Сітдзікава ўмее захапіць прадметам.
Алімпіядныя заданні, асабліва практычныя, выклікалі ў Станіслава пэўныя цяжкасці, бо выходзілі далёка за межы школьнай праграмы. Да некаторых пытанняў, шчыра прызнаўся юнак, ён быў непадрыхтаваны. Гэта зразумела, калі ўлічыць, што да спаборніцтваў хлопец рыхтаваўся ў асноўным самастойна.
Па словах Станіслава, удзел у алімпіядах — гэта цудоўная магчымасць самасцвердзіцца і паступіць (пры ўдачы) без экзаменаў ва ўніверсітэт. А яшчэ званне алімпіядніка выклікае гонар сярод равеснікаў. У планах юнака — працяг сямейнай медыцынскай дынастыі.

Адзінаццацікласнік Мікалай Піліпчук з гімназіі Белаазёрска таксама плануе звязаць далейшае жыццё з медыцынай. Юнак з дзяцінства захапляецца вывучэннем флоры і фаўны (нават разводзіў у дамашніх умовах жукоў-насарогаў). Бацькі-медыкі асабістым прыкладам падштурхнулі да прафесійнага выбару.
Нягледзячы на тое, што алімпіядныя заданні падаліся Мікалаю вельмі складанымі, ён з імі ў цэлым справіўся. Найбольшую цяжкасць выклікаў тэарэтычны тур. Да спаборніцтваў юнак рыхтаваўся самастойна. Настаўніца біялогіі Ала Анатольеўна Басых толькі накіроўвала ў неабходнае рэчышча.
Дыпломы І ступені па біялогіі атрымалі дзевяцікласнік Данііл Гарбачук з Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна, дзесяцікласніцы Настасся Занько з брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна, Ксенія Варанцова і Ганна Чуль з гімназіі № 5 Брэста, а таксама адзінаццацікласніцы Ганна Снятко з гімназіі № 1 Брэста і Настасся Буцанец з брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна.
— Алімпіяда па хіміі традыцыйна складалася з тэарэтычнага (20 тэставых заданняў і 5 задач) і практычнага тураў, — расказала старшыня журы Абласной алімпіяды па хіміі, загадчыца кафедры хіміі БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат тэхнічных навук Нона Сцяпанаўна Ступень. — Тэарэтычныя заданні для дзевяцікласнікаў былі больш складаныя, чым для дзесяці- і адзінаццацікласнікаў. А вось заданні эксперыментальнага тура не выклікалі ва ўдзельнікаў вялікіх праблем. Дзевяцікласнікі вызначалі рэчывы з дапамогай якасных рэакцый, дзесяцікласнікі — саляную і борную кіслату шляхам цітравання, а адзінаццацікласнікі займаліся колькасным вызначэннем глюкозы рэактывам Бенядзікта. Падрыхтоўка школьнікаў да практычнага тура вельмі парадавала.
Што тычыцца цяжкасцей, то іх, як правіла, выклікалі заданні, што патрабавалі спецыялізаванай падрыхтоўкі за межамі школьнай праграмы (заданні па крышталяхіміі ў 10 класе, радыеактыўнасці і ядзерных рэакцыях у 9 класе).

Дзесяцікласнік Арцём Пацяюк з Дарапеевіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Маларыцкага раёна шмат увагі ўдзяляе хіміі і біялогіі, бо плануе стаць урачом. У алімпіядным руху юнак — з 4 класа. Спрабаваў сілы ў розных прадметах, але спыніўся ўсё ж на хіміі.
Арцём лічыць узровень складанасці алімпіядных заданняў цалкам прымальным. Асабліва цяжкім хлопцу падалося заданне, звязанае з вызначэннем хімічнага элемента амерыцыя, які не вывучаецца ў школе. Астатнія заданні таксама выходзілі за межы школьнай праграмы.
Адзінаццацікласнік Аляксей Бакавец з брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна ўдзельнічае ў алімпіядах па хіміі з 8 класа, прычым з вялікім задавальненнем. Прадмет захапіў юнака лагічнасцю, разнастайнасцю і практычнай арыентаванасцю. Спаборніцтвы знаёмяць з цікавымі равеснікамі, выклікаюць азарт пры сутыкненні з чымсьці новым і нязведаным, няхай спачатку і цяжкім для разумення.
У параўнанні з мінулагоднімі сёлетнія заданні Аляксей лічыць больш лёгкімі. Складаныя заданні, прызнаўся юнак, з’яўляюцца для яго самымі цікавымі, бо прымушаюць актывізаваць назапашаныя веды і мысленне.
Да алімпіяды Аляксея рыхтавалі настаўніца хіміі Галіна Іванаўна Праневіч, выкладчык БрДУ імя А.С.Пушкіна Вадзім Анатольевіч Кавалевіч і выкладчыца БрДТУ Наталля Міхайлаўна Голуб. Шмат давялося працаваць і самастойна.
З будучай прафесіяй юнак пакуль не вызначыўся, але запэўніў, што яна абавязкова будзе звязана з любімай хіміяй.
Дыпломы І ступені па хіміі атрымалі дзевяцікласнікі Сяргей Сахарчук з гімназіі № 2 Пінска і Раман Пузанаў з гімназіі № 1 Брэста, дзесяцікласнік Раман Навіцкі з гімназіі № 4 Баранавіч і адзінаццацікласнікі Аляксей Бакавец з брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна і Анатоль Каралюк з сярэдняй школы № 2 Кобрына.

 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.