На ўроках Наталлі Банцэвіч з сярэдняй школы № 8 Ліды імя В.Ф.Казакова заўсёды зразумела і цікава, таму яе вучні штодзень імкнуцца атрымаць вынік — індывідуальны і калектыўны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Прынцыпамі маёй педагагічнай дзейнасці з’яўляюцца індывідуальны падыход, імкненне раскрыць таленты дзіцяці і выклікаць у яго жаданне да самаразвіцця і самаўдасканалення. Знайсці агульную мову з кожным і не душыць ініцыятыву — мэта маіх зносін з дзецьмі, — адзначыла настаўніца пачатковых класаў.
Рабіць урочную дзейнасць разнастайнай Наталлі Аляксандраўне дапамагае прымяненне метадаў і прыёмаў розных педагагічных тэхналогій — кааператыўнае навучанне (работа ў групах, калі навучэнцы вучацца адзін у аднаго, развіваючы навыкі каманднай работы і міжасобасных зносін), лічбавыя інструменты (анлайн-платформы, розныя дадаткі, інтэрактыўныя гульні для стварэння інтэрактыўнага і дынамічнага вучэбнага асяроддзя). Для павышэння ўцягнутасці і матывацыі да вучобы настаўніца звяртаецца да гульні, для фарміравання функцыянальнай адукаванасці вучняў выкарыстоўвае тэхналогію мнагамернага чытання. Да таго ж яна праводзіць дні самаадукацыі, калі навучэнцы здабываюць веды самастойна з энцыклапедый і дзеляцца імі з аднакласнікамі.
Па меркаванні педагога, складнікамі паспяховага ўрока з’яўляюцца:
- вызначэнне канкрэтных адукацыйных мэт, якія павінны быць дасягнуты на працягу ўрока;
- наяўнасць усіх неабходных вучэбных рэсурсаў і матэрыялаў, уключаючы прэзентацыі, раздатачны матэрыял і абсталяванне;
- лагічная паслядоўнасць этапаў урока (уводзіны, асноўная частка, замацаванне і падвядзенне вынікаў);
- выкарыстанне розных метадаў, якія ўключаюць вучняў у адукацыйны працэс (групавыя заданні, дыскусіі, практычныя работы);
- улік індывідуальных асаблівасцей і патрэб навучэнцаў, выкарыстанне заданняў рознага ўзроўню складанасці;
- рэгулярнае прадастаўленне навучэнцам зваротнай сувязі адносна іх поспехаў і цяжкасцей, што дапамагае ім карэкціраваць свае дзеянні;
- стварэнне прыязнай і падтрымліваючай атмасферы, дзе вучні адчуваюць сябе камфортна і ўпэўнена;
- стымуляванне цікавасці і актыўнага ўдзелу вучняў ва ўрочнай дзейнасці праз інтэрактыўныя заданні і абмеркаванні;
- правядзенне ацэньвання для вызначэння ступені засваення матэрыялу і дасягнення мэт урока;
- падвядзенне вынікаў урока, абмеркаванне таго, што ўдалося, а што можна палепшыць, прычым як настаўніку, так і вучням.
Багаты прафесійны вопыт педагога запатрабаваны сярод калег. Наталля Банцэвіч — пастаянны вядучы майстар-класаў, лектар на курсах павышэння кваліфікацыі, удзельнік конкурсаў і навукова-практычных канферэнцый. Яна стваральнік віртуальных кабінетаў у сваёй школе, актыўна прасоўвае ідэі і інструменты інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
У яе скарбонцы прафесійных дасягненняў — удзел і перамога на раённым і абласным этапах конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”. Канечне ж, будучы на перадавой, Наталля Аляксандраўна не застаецца ў баку ад інавацый. Яна ўдзельнічала ў рэалізацыі інавацыйных праектаў “Укараненне мадэлі выкарыстання ІКТ у праектна-даследчай дзейнасці навучэнца”, “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай адукаванасці”. Яе вучань Іван Грынюк стаў удзельнікам заключнага этапу алімпіяды па фінансавай адукаванасці сярод вучняў 4-х класаў.
— Прафесія настаўніка — увасабленне маёй мары. Часта ўспамінаю сваю першую настаўніцу Ірыну Станіславаўну Майсак, яе патрабавальны, але ласкавы голас, чулыя адносіны да вучняў. У свой час яна паўплывала на мой прафесійны выбар. Калі я прыйшла працаваць у школу, то зразумела, што менавіта пачатковая школа з’яўляецца падмуркам у жыцці кожнага чалавека, бо тут мы атрымліваем вопыт зносін у калектыве, вучымся спазнаваць навакольны свет, раскрываем свае здольнасці, развіваем творчы патэнцыял. Кожны дзень на мяне ўважліва глядзяць вочы маіх вучняў. За партамі на ўроках сядзіць будучыня краіны. І ў гэтай будучыні мне таксама жыць. Ад таго, якімі стануць гэтыя дзеці, залежыць наша жыццё, — адзначыла Наталля Банцэвіч.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА