СКЛАДНІКІ ВУЧЭБНАЙ МАТЫВАЦЫІ: самастойнасць, свабода выбару, паспяховасць

- 11:09Якасць адукацыі
На базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбылася панарама вопыту настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры “Павышэнне якасці моўнай і літаратурнай адукацыі школьнікаў: вопыт і перспектывы”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, кіраўнікі раённых і школьных метадычных аб’яднанняў.
Педагогі Міншчыны прэзентавалі ўласны вопыт па праблеме павышэння якасці моўнай і літаратурнай адукацыі, абмеркавалі існуючыя шляхі і новыя кірункі дасягнення эфектыўнасці выкладання беларускай мовы і літаратуры. У ходзе гутаркі знайшлі адлюстраванне пытанні выкарыстання сучасных педагагічных і інфармацыйных тэхналогій, развіцця матывацыйна-пазнавальнай сферы і рэфлексіўных уменняў школьнікаў на ўроках, забеспячэння пераемнасці ў сістэме “ўрок—факультатыў” і інш.
Тэхналогія перадавых настаўнікаў і творчых навучэнцаў

Настаўніца Мар’інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна Ірына Уладзіміраўна Рэпенка расказала прысутным пра арганізацыю работы з выкарыстаннем логіка-сэнсавых мадэлей на ўроках і ў навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў. З 2006/2007 навучальнага года на базе гімназіі пачала работу рэспубліканская інавацыйная пляцоўка “Выкарыстанне тэхналогіі мнагамерных дыдактычных інструментаў у вучэбным працэсе”. З самага першага дня настаўніца ўключылася ў работу па вывучэнні гэтай тэхналогіі. Спачатку былі разгледжаны яе тэарэтычныя аспекты, у аснову якіх пакладзены семантычныя фракталы Штэйнберга.
У выніку работы былі складзены логіка-сэнсавыя мадэлі па многіх тэмах беларускай мовы. Спачатку ЛСМ складаліся толькі настаўніцай. Навучэнцы знаёміліся з гэтымі мадэлямі, усведамлялі іх, вучыліся “чытаць” і прымяняць іх пры выкарыстанні розных відаў заданняў. Потым Ірына Уладзіміраўна стала прапаноўваць навучэнцам заданні па завяршэнні ЛСМ, выбары каардынат для складання новых ЛСМ. Паступовасць ускладнення задач прывяла да таго, што спачатку навучэнцы самастойна сталі запаўняць “вузлы” на каардынатах, потым вучыліся выбіраць назвы каардынат, а некаторыя пачалі ствараць ЛСМ самастойна.
“Логіка-сэнсавыя мадэлі дапамагаюць навучэнцам сістэматызаваць веды па атрыманай тэме, прадставіць дастаткова вялікі матэрыял сцісла і даступна, — адзначыла Ірына Уладзіміраўна. — Гэта своеасаблівая шпаргалка, падказка. Дзеці зрокава ўспрымаюць увесь матэрыял і лепш запамінаюць яго. Прычым я выкарыстоўваю шматколерныя мадэлі і двухбаковасць выкарыстання каардынат, што не перагрувашчвае схемы, а толькі ўдакладняе пэўныя тэарэтычныя палажэнні. Гэта наогул было адкрыццём у выкарыстанні тэхналогіі МДІ.
Як паказвае практыка, старшакласнікам падабаецца працаваць па гэтай тэхналогіі. Нават самыя слабыя навучэнцы з задавальненнем расказваюць матэрыял па ЛСМ, а моцныя — прапаноўваюць скласці свае мадэлі. Некаторыя навучэнцы пачынаюць такія логіка-сэнсавыя мадэлі складаць і на іншых прадметах”.
Настаўніцай была распрацавана сістэма ЛСМ па пэўных групах. Так, для вучняў 9 класаў створаны ЛСМ па раздзеле “Сінтаксіс і пунктуацыя” (“Тэкст”, “Словазлучэнне і віды сувязі ў ім”, “Просты сказ”, “Складаны сказ”, “Складаназлучаны сказ” і інш.). У якасці дыдактычнага матэрыялу гэтыя ЛСМ выкарыстоўваюцца школьнікамі пры вывучэнні новых тэм у 9 класе і для выканання тэставых заданняў у 10 і 11 класе. Адначасова з гэтым для навучэнцаў 5 — 8 класаў распрацоўваліся ЛСМ па ўсіх часцінах мовы і членах сказа.
Як адзначыла І.У.Рэпенка, выкарыстанне ЛСМ на ўроках беларускай літаратуры носіць зусім іншае напаўненне. Асабліва ўдала можна карыстацца ЛСМ на такіх этапах вывучэння літаратуры, як жыццё і творчасць пэўнага паэта ці пісьменніка, а таксама пры характарыстыцы літаратурнага працэсу на пэўным гістарычным этапе. Пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка настаўнік, як правіла, задае аднолькавыя пытанні для таго, каб навучэнцы зразумелі, пад уплывам чаго ці каго пэўны чалавек пачаў пісаць. Пытанні гэтыя надакучаюць дзецям. А вось калі на ЛСМ навучэнцы некалькі разоў запоўняць каардынату “Фарміраванне светапогляду”, то яны заўважаюць пэўную заканамернасць і пачынаюць пераносіць гэта на ЛСМ пра іншага пісьменніка. Потым дзеці з ахвотай выконваюць тыповыя ЛСМ і пачынаюць адзначаць, што гэта больш мэтазгодна, чым пісаць канспект.

У супрацоўніцтве з бацькамі

Аб сістэме падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяд расказала прысутным настаўніца сярэдняй школы № 3 Вілейкі Таццяна Аляксееўна Бруева. Найбольш важнымі прынцыпамі падрыхтоўкі настаўніца лічыць няспыннасць, пераемнасць і стварэнне экстрэмальных сітуацый. “Са сваімі вучнямі працэс пазнання мовы я не спыняю ні на дзень, — падкрэсліла Таццяна Аляксееўна. — Мы сустракаемся з імі на факультатывах, стымулюючых занятках, занятках школы алімпійскага рэзерву. Такія заняткі таксама арганізоўваюцца на асенніх і вясновых канікулах на базе школы, а падчас зімовых канікул — на базе гімназіі № 1 “Логас” настаўнікамі, якія рыхтуюць навучэнцаў для ўдзелу ў абласным этапе алімпіяды”.
Другі прынцып падрыхтоўкі да алімпіяды — гэта пераемнасць. Работа пачынаецца яшчэ ў 4 класе, калі праходзяць школьныя алімпіяды, а затым раённыя. На думку настаўніцы, абавязкова трэба звярнуць увагу на навучэнца, які ў 4 класе ўдзельнічаў у раённай алімпіядзе. Толькі тады будзе добры вынік, калі навучэнец не згублены, калі яго цікавасць падтрымліваецца настаўнікам. І нават калі мяняюцца педагогі.
Як вядома, алімпіяда па беларускай мове і літаратуры складаецца з трох тураў: комплекснай работы, водгуку на празаічны ці паэтычны твор і вуснага выказвання. Безумоўна, алімпіяднік павінен мець грунтоўныя веды па ўсіх раздзелах мовазнаўства, а таксама свабодна арыентавацца ў праграмных творах беларускай літаратуры, умець прымяніць на практыцы свае веды і паказаць шырокі кругагляд. Не сакрэт, што апошнім часам удзельнік алімпіяды павінен ведаць не толькі лінгвістыку, але і літаратуру, фальклор, этнаграфію, міфалогію. Заданні выходзяць далёка за межы школьнай праграмы, таму часта настаўніку даводзіцца ахвяраваць асабістым часам, каб займацца падрыхтоўкай да алімпіяды.
Па словах Т.А.Бруевай, навучэнца неабходна зацікавіць прадметам настолькі, каб, прыйшоўшы дамоў, ён пазнаваў новае, але ўжо самастойна. Настаўнік у гэтым працэсе выступае больш у ролі арганізатара самастойнай актыўнай пазнавальнай дзейнасці вучня, кампетэнтным кансультантам і памочнікам, а не кантралюючым звяном. У працэсе самастойнага пазнання тых ці іншых тэм у навучэнца павінна ўзнікнуць вельмі шмат пытанняў, адказ на якія ён можа знайсці, звярнуўшыся да педагога.
“Асобна я паставіла б падрыхтоўку да вуснага выказвання, — зазначыла Таццяна Аляксееўна. — З практыкі работы стала відавочна, што менавіта пры падрыхтоўцы да вуснага выказвання вучню неабходна дапамога псіхолага, таму што выступаць трэба “ў жывым эфіры” перад незнаёмымі членамі журы, прадстаўнікамі ВНУ. Акрамя таго, настаўнік павінен як мага часцей прапаноўваць свайму вучню выступаць перад аўдыторыяй. І не толькі перад сваімі аднакласнікамі: гэта могуць быць і вучні іншых класаў, і настаўнікі-філолагі, і бацькі. Такія ў нейкай ступені экстрэмальныя сітуацыі дапамагаюць дзіцяці пераадолець хваляванне”.
На заняткі з навучэнцамі Т.А.Бруева запрашае сваіх былых алімпіяднікаў падзяліцца вопытам, успамінамі. На думку настаўніцы, такія сустрэчы маюць сэнс, таму што ў гэтых людзей значна меншая розніца ва ўзросце і гутарка вядзецца на больш даступнай мове.
“І ў рэшце рэшт трэба памятаць: настаўнік, які працуе з алімпіяднікам, абавязкова павінен падтрымліваць сувязь з яго бацькамі. Ніхто лепш не ведае характар, псіхалогію дзіцяці, як яго бацькі. Іх дапамога будзе вельмі карыснай”, — адзначыла Таццяна Аляксееўна.

Пераемнасць у сістэме “ўрок—факультатыў”

Вопыт пераемнасці ў сістэме “ўрок—факультатыў” быў адлюстраваны ў выступленнях настаўніцы гімназіі Нясвіжа Наталлі Мікалаеўны Швайко і настаўніцы сярэдняй школы № 1 Клецка Людмілы Станіславаўны Салавей.
Як адзначалася, забеспячэнне пераемнасці на ўроках і факультатыўных занятках заключаецца ў фарміраванні ўменняў і навыкаў за кошт прымянення на кожным або амаль на кожным уроку і факультатыўных занятках узгодненых форм дзейнасці, заданняў, сітуацый. Уся сістэма работы па ажыццяўленні пераемнасці ўяўляе сабой паэтапны працэс забеспячэння мэтавай (пастаўленыя мэты і задачы павінны грунтавацца на папярэдніх, паглыбляць і дапаўняць іх), псіхалагічнай, змястоўнай (новыя веды ўводзяцца на аснове раней засвоеных ведаў), тэхналагічнай (забяспечваецца выпрацоўкай агульных падыходаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу, пры якім навучанне школьнікаў ажыццяўляецца на аснове спецыфічных для гэтага ўзросту відаў вучэбнай дзейнасці; адзіных прынцыпаў арганізацыі прадметна-развіццёвага асяроддзя, урокаў і факультатыўных заняткаў, а таксама з дапамогай прымянення ўжо вядомых навучэнцам прыёмаў, метадаў работы, тэхналогій і сродкаў навучання) пераемнасці.
“Факультатывы маюць шмат агульнага з урокамі, — падкрэсліла Л.С.Салавей. — Яны праводзяцца па зацверджаным плане, на іх прымяняюцца агульныя з урокамі метады навучання і формы арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, а таксама ёсць умовы для ўліку індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца. Урок фарміруе базавыя веды і фундаментальныя асабістыя якасці школьніка, якія служаць асновай паспяховага навучання. Факультатыў жа падхоплівае дасягненні навучэнца і развівае назапашаны ім на ўроку патэнцыял. Дзякуючы гэтым заняткам кожнае дзіця можа самавызначыцца, знайсці сябе”.
Для рэалізацыі прынцыпу пераемнасці ў сістэме “ўрок — факультатыўныя заняткі” педагогамі выкарыстоўваюцца розныя формы работы: індывідуальныя, парныя, групавыя. Лекцыі злучаюцца з практычнымі заняткамі, семінарамі, вучэбнымі гульнямі. Як лічыць Л.С.Салавей, на факультатыве патрэбна выкарыстоўваць тыя прыёмы навучання, якія прымяняюцца і на ўроку, аднак тут павінна быць больш варыятыўнасці. Асаблівасці правядзення факультатываў у сярэднім звяне — іх творчы характар і практычная накіраванасць. Тут непатрэбны доўгія лекцыі і маналогі настаўніка. Тут патрэбна аб’яднанне індывідуальнай і самастойнай работы і калектыўнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Факультатыў у сярэднім звяне — гэта сістэма цікавых, захапляльных, творчых інтэрактыўных гульняў, конкурсаў, падарожжаў, віктарын, турніраў. У змесце факультатыўных заняткаў для старшых класаў узмацняецца тэарэтычны кампанент. Тут перавага аддаецца лекцыям, практыкумам, семінарам, дыскусіям, вусным выказванням. Прымяняюцца рэпрадукцыйны, эўрыстычны, даследчы метады навучання. Найбольш пашыраны на факультатыўных занятках семінары-практыкумы па канкрэтнай тэме, якія ўдасканальваюць і тэарэтычныя, і практычныя навыкі. Эфектыўнай формай работы з’яўляюцца семінары ў выглядзе абароны рэфератаў, паведамленняў. Пры падрыхтоўцы да заняткаў адны навучэнцы працуюць з асноўнай і дадатковай літаратурай, слоўнікамі, даведнікамі, іншыя — прадумваюць пытанні дакладчыку.

Вучоба не пад прымусам

Настаўніца сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Святлана Міхайлаўна Самахвал расказала пра ўласны вопыт па развіцці матывацыйна-пазнавальнай сферы навучэнцаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры.
Па яе словах, пры падрыхтоўцы да ўрокаў педагогу неабходна ўлічваць тры складнікі, на якіх грунтуецца вучэбная матывацыя: адчуванне самастойнасці працэсу пошуку ведаў, адчуванне свабоды выбару і паспяховасць.
Вывучэнне любой тэмы складаецца з трох асноўных этапаў: матывацыйнага, аперацыйнага і рэфлексіўна-ацэначнага. На матывацыйным этапе навучэнцы павінны ўсвядоміць, для чаго ім трэба вывучыць тэму, што ім неабходна для гэтага зрабіць і якая асноўная вучэбная задача настаўнікаў. Стварэнне праблемнай сітуацыі спрыяе павышэнню цікавасці школьнікаў да прадмета. І кожны настаўнік імкнецца падрыхтаваць такое заданне, якое б зацікавіла дзяцей. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Ступені параўнання прыметнікаў” Святлана Міхайлаўна прапануе навучэнцам правесці эксперымент: размясціць прыметнікі “белы”, “бялейшы”, “самы белы” пад малюнкамі і патлумачыць свой выбар.
Часта на ўроках педагог выкарыстоўвае вучэбны дыялог. Так, пры вывучэнні тэмы “Развітыя і неразвітыя сказы” яна прапануе навучэнцам наступныя выказванні: “Адны навучэнцы лічаць, што неразвітыя сказы — сказы, якія стаяць у канцы тэксту, дзе няма далейшага развіцця думкі, а развітыя сказы — усе астатнія. Іншыя навучэнцы думаюць, што неразвітыя сказы — гэта сказы, якія складаюцца толькі з дзейніка і выказніка, у іх няма даданых членаў, а развітыя сказы — гэты сказы, у якіх, акрамя дзейніка і выказніка, ёсць даданыя члены. А як лічыце вы?”
Вельмі часта для стварэння праблемных сітуацый настаўніца выкарыстоўвае прыёмы “Чацвёрты лішні”, “Інсерт”. На павышэнне матывацыі накіраваны і ілюстрацыйны матэрыял. Асабліва карысны ён у 5-6 класах. Пры вывучэнні тэмы “Складаназалежныя сказы” С.М.Самахвал прапануе навучэнцам дзве выявы шаляў і просіць адказаць на пытанні: чаму былі выкарыстаны шалі і якія шалі можна зрабіць асацыяцыяй да тэмы “Складаназалежныя сказы”.
На думку настаўніцы, заданні, што прапануюцца навучэнцам, павінны быць не зусім простымі, але і не вельмі складанымі. Калі дзіця справіцца з прапанаваным заданнем, то адчуе сябе паспяховым, яму будзе камфортна на ўроку. Важную ролю на аперацыйным этапе маюць розныя формы калектыўнай дзейнасці. Выкарыстанне групавых форм навучання садзейнічае здароваму спаборніцтву. Сярод прыёмаў, якія актывізуюць пазнавальную дзейнасць дзяцей, — тыя, якія надаюць інтрыгу, загадкавасць уроку.
Фарміраванню матывацыі вучэбнай дзейнасці садзейнічае якаснае правядзенне рэфлексіўна-ацэначнага этапу. Каб навучэнцы адчулі эмацыянальнае задавальненне ад работы на ўроку, С.М.Самахвал выкарыстоўвае прыёмы “Дапоўніце выказванне”, “Сінквейн”, “Памяняемся месцамі” і інш.
“Кожны настаўнік павінен памятаць пра правілы зваротнай сувязі. Дзецям важна цвёрда ведаць, што настаўнік ад кожнага з іх чакае поспеху. Станоўчая ацэнка дзейнасці навучэнцаў спрыяе павышэнню іх цікавасці да ўрока, дазваляе змяніць адносіны да прадмета. І тады кожны вучань прыйдзе да высновы, што вучоба — гэта не абавязак, а вялікая каштоўнасць”, — заўважыла С.М.Самахвал.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.