Скрозь бурную ваду

Вяслярны слалам для смелых і цікаўных. Не кожны справіцца з воднай стыхіяй, дадаткова праходзячы праз розныя перашкоды. Не кожны ўвогуле знойдзе інфармацыю пра гэты від спорту і захоча ў яго пайсці. Браты Раман і Арцём Шышко — прыклады “не кожных”.

Разнастайнасць трэніровак

Раман і Арцём пачалі займацца вяслярным слаламам з розніцай у адзін дзень. У школе раздавалі аб’явы, хлопцы вырашылі паспрабаваць і пайшлі ў сталічны Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт”. Спачатку старэйшы брат Раман, за ім малодшы — Арцём. Пачалі трэніравацца яны даволі позна: у 14 і 12 гадоў адпаведна. “Улівацца ў новы калектыў было не вельмі цяжка, — расказвае Раман Шышко, — цяжка было на ва­дзе, таму што я ў 14 гадоў толькі вучыў асновы, а мае аднагодкі, якія ўжо займаліся год-два, былі тэхнічна больш падкаванымі. Калі гаварыць пра фізічную падрыхтоўку, то мы з братам часта ездзілі ў вёску, а там хочаш-не хочаш, трэба быць моцным”. Да вяслярнага слалама хлопцы настолькі доўга і зацікаўлена іншым спортам не займаліся. Спрабавалі таэквандо, плаванне, але гэта было несур’ёзна. Да таго ж яны вучыліся ў этнаграфічным класе, дзе шмат часу забіралі танцы і музыка. “Калі мы трапілі ў вяслярны слалам, то завіслі ў ім надоўга. Не ведаю чаму. Увесь час гэтым пытаннем задаюся і не магу адка­заць. Калі я быў дзіцем, заўсёды хацеў займацца чымсьці сур’ёзным. У той момант так зышліся карты, што менавіта ў вяслярным слаламе я ўбачыў нешта сур’ёзнае. Гэты від спорту падаўся мне вельмі разнастайным: мы займаліся на вадзе, хадзілі ў трэнажорную залу, каталіся на лыжах, бегалі кросы, гулялі ў футбол, баскетбол”, — разважае Раман. “Мне таксама спадабалася разнастай­насць, — дадае Арцём. — Да таго ж, калі мы прыйшлі, там быў хлопчык на 2 гады маладзейшы за мяне, але ён умеў значна больш. Я на яго глядзеў і разумеў, што таксама так магу. Гэта быў стымул выйграваць. Мы займаліся паўгода, і нас адразу павезлі на спаборніцтвы, гэта таксама спадабалася. Трэніроўкі былі небессэнсоўнымі, на спаборніцтвах мы змаглі ацаніць сваю работу і пазнаёміліся са спартсменамі з іншых клубаў”. Жаданне даказаць іншым, што яны не горшыя, і першыя медалі яшчэ больш падагрэлі жаданне да заняткаў.

Арцём Шышко.

Спачатку Раман і Арцём трэніраваліся на базе цэнтра “Кантакт”, потым перайшлі ў СДЮШАР па водных відах спорту. У Арцёма атрымалася дайсці да Рэспуб­ліканскага дзяржаўнага вучылі­шча алімпійскага рэзерву. “Я ездзіў з нацыянальнай камандай па вяслярным слаламе на спаборніцтвы, быў у рэзерве. Убачыў многія краіны, на зборах была магчы­масць патрэніравацца ў лепшых умовах. У скла­дзе каманды выступаў толькі на чэмпіянаце свету да 23 гадоў і на чэмпіянаце Еўропы да 23 гадоў, але высокіх месцаў не заняў”.

На 3 курсе навучання ў БДПУ імя Максіма Танка Раману прапанавалі весці гурток па вяслярным слаламе ў цэнтры “Кантакт”. Яго трэнер на той момант сышоў, а інвентар застаўся і пакрываўся пылам. Хлопец пагадзіўся. 5 гадоў Раман працаваў, летась вырашыў змяніць месца, і малодшы брат яго падмяніў. Акрамя таго, Арцём яшчэ працуе ў Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі, дзе выкладае водны турызм.

“Дзеючымі спартсменамі нас назваць цяжка, але ў лодку я са­джуся, у кожных спаборніцтвах стараюся ўдзельнічаць, — дзеліцца Раман. — Адзін-два разы на тыдзень трэніруюся, часам унутры столькі жадання, што хаджу кожны дзень”. Арцём пакуль не займаецца. Магчыма, раней надта шмат аддаў гэтаму спорту, таму зараз хочацца адпачыць. Але ён не выключае, што калі-небудзь вернецца.

Раман Шышко.

Вяслярны слалам — алімпійскі від спорту. Спартсмен павінен за найменшы час пераадолець размечаную варотамі дыстанцыю. Дыстанцыя — гэта ўчастак парожыстай ракі ці штучнай трасы, на якой хуткасць патоку павінна быць не менш за 2 м/с. Вароты бываюць бела-чырвонымі і бела-зялёнымі. Праз першыя трэба праходзіць па цячэнні, праз другія — супраць яго. За любую памылку (пропуск варотаў, праходжанне ў няправільным напрамку і г.д.) даецца штраф у секундах.

Задача — зацікавіць

Па назіранні трэнераў, з кожным годам дзяцей набіраць становіцца ўсё больш складана. Калі ў хакей, футбол і іншыя папулярныя віды спорту прыходзяць самі, то вяслярны слалам па колькасці выхаванцаў усё яшчэ не трапляе ў топ-10.

“Мы бяром дзяцей прыкладна з 6 гадоў, але ўсё залежыць ад фізічнага складу, таму што ўсё ж вясло і лодку трэба насіць. Вядома, мы дапамагаем, нясём удваіх, але камусьці і так цяжка”, — расказвае Раман Шышко. “У мяне выхаванцы старэйшыя, 10—12 гадоў. Малодшыя прыходзілі, але надоўга не затрымліваліся. Пакуль дзеці зразумеюць, чым яны прыйшлі займацца і ці хочуць гэтага, работа не ідзе так, як магла б”, — дадае Арцём. Некаторыя выхаванцы проста не гатовы да розных відаў пад­рыхтоўкі. Хто прыхо­дзіць восенню, уяўляюць сабе, што такое сядзець у лодцы, і могуць адразу вызначыцца, ці падабаецца ім. Хто прыхо­дзіць пазней, трапляюць на зімовую падрыхтоўку, калі на ваду не выходзяць. Адны пасля вельмі радуюцца пераходу на лодкі, другім гэта не па душы, і яны сыходзяць. Да таго ж ёсць дзеці, якія прыходзяць займацца, і ёсць дзеці, якія прыхо­дзяць паказаць бацькам, што яны займаюцца. Апошнія спорт часта кідаюць.

У Рамана зараз трэніруюцца каля 30 дзяцей, у Арцёма — 4. Большасць з іх — хлопчыкі, дзяўчынкі — гэта балючае месца вяслярнага слалама. Чаму так, сказаць складана. Магчыма, яшчэ жыве ў галовах стэрэатып, што плечы стануць шырокімі. Але гэта залежыць ад целаскладу канкрэтнага чалавека.

Розніцы паміж трэніроўкамі дзяўчынак і хлопчыкаў практычна няма. На вадзе ім дазволена праязджаць трасу за большую колькасць часу, а пры зімовай падрыхтоўцы — браць меншую вагу ў трэнажорнай зале. “Спачатку дзіця вучыцца ездзіць па прамой, потым круціцца на месцы. Як толькі яно гэтыя азы засвоіла, мы пачынаем трэніравацца на варотах, запамінаць, як праз іх прахо­дзіць, — расказвае Раман. — Потым мы ўдасканальваем тэхніку. Альбо засякаем на секундамеры, хто хутчэй прой­дзе трасу, альбо даём пэўны прамежак часу, за які трэба ездзіць без прыпынкаў, альбо гаворым адточваць тэхнічныя элементы. Самая любімая частка заняткаў — калі ты даеш ім свабоду і калі ёсць гульнявы, спаборніцкі момант. Калі ты даеш заданне — гэта аўтаматычна нелюбімае, бо ад цябе гэтага патра­буюць”.

Дзякуючы трэніроўкам, дзеці паляпшаюць каардынацыю, памяць, увагу, уседлівасць. Нягле­дзячы на тое, што вяслярны слалам — індывідуальны від спорту, усе займаюцца разам. Гэта дапамагае выхоўваць пачуццё калектывізму, адказнасць адно за аднаго. Дзякуючы спаборніцтвам, дзеці вучацца спраўляцца з хваляваннем, у патрэбны момант збірацца з думкамі.

“Наша задача зрабіць так, каб выхаванцы зацікавіліся вяслярным слаламам і засталіся ў ім. Бо, калі дзіця прыходзіць у нейкую секцыю, яно рэдка ведае, цікава яму ці не, гэта прыходзіць з часам. Калі мы паставімся да сваёй справы не адказна, то ў нас ніхто надоўга не затрымаецца. Тады каго нам трэніраваць? А мы ўсё ж хочам, каб у нас стварыўся касцяк, каб з кожным годам каманда павялічвалася і каб больш людзей ведала пра вяслярны слалам”, — дзеліцца Раман Шышко.

Уявіць горную раку

У Мінску заняткі праходзяць на дзвюх трасах: на канале ў Серабранцы і на Камсамольскім возеры. Ёсць пляцоўка і ў Барысаве, бо ў мясцовай СДЮШАР прафсаюзаў культывуюць вяслярны слалам. Недалёка ад сталіцы можна знайсці слаламны канал, але зараз яго выкарыстоўваюць для эфектных фота, не больш. “Мы заспелі той час, калі ён яшчэ працаваў, — узгадвае Раман. — Калі мы прыйшлі займацца, то ён адкрываўся 1—2 разы на год, апошні раз там давалі ваду, напэўна, гады 2 назад. Гэта была кропля ў моры. Можна было адвесці душу, але падрыхтавацца да нечага — не. Зараз мы трэніруемся на гладкай вадзе, перакатаў, бурнай вады, парогаў няма”.

“Тэхнічна падрыхтавацца мы можам: таксама вешаецца траса (вароты над вадой), мы адпрацоўваем усе элементы. Так мы вывучаем азы (як ехаць прама, развароты, павароты і г.д.), але, напрыклад, крэн асвоіць не можам, таму дзеці на правільнай трасе не зразумеюць, у які момант яго трэба выкарыстоўваць”, — гаворыць Арцём. У Беларусі горных рэк няма, але ёсць некалькі месцаў, дзе можна паказаць сваё майстэрства. Часта там ствараюць штучныя ўмовы: кідаюць камяні, пераносяць паваленыя дрэвы. Гэта Аўгустоўскі канал у вёсцы Нямнова Гродзенскай вобласці, рака Сха ў Барысаве і раней рака Ушача (калі там перасталі паўнавартасна займацца падрыхтоўкай дзяцей, то ўсё размыла).

На ўнутраныя спаборніц­твы трэнеры са сваімі выхаванцамі ездзяць 3—4 разы на год. Калі былі спартсменамі, то яшчэ 2—3 разы выязджалі за мяжу (у Латвію, Літву, Расію), але цяпер гэта зрабіць цяжэй (асабліва ў 2020 годзе з-за пандэміі). “Часам мы ездзім яшчэ на спаборніцтвы па водным турызме, каб падтрымліваць форму. Гэта ўсё праходзіць прыкладна з красавіка (калі растане лёд) па каст­рычнік”, — гаворыць Раман.

Вяслярны слалам — нятанны від спорту. Лодку, вясло і выратавальную камізэльку даюць у клубе, экіпіроўку трэба купляць самім. У яе ўваходзіць шлем, шорты неапрэнавыя або штаны, тапкі, так званая двушка (куртка з фартухом, якія будуць апранацца на лодку), тэрмабялізна. Для іншых трэніровак (бег, трэнажорная зала) патрэбны красоўкі, спартыўная форма. Вядома, калі дзіця падрасце, прыйдзецца ўсё мяняць. Калі ў клуб прыйшоў хтосьці маладзейшы, то можна яму прадаць сваю форму, а сабе купіць нешта новае.

“Нягледзячы на тое, што наш від спорту алімпійскі, у краіне зборнай няма, таму і задачы давесці дзяцей да такога ўзроўню не стаіць. Але ўсё роўна ёсць жаданне, каб нехта выйшаў на сусветную арэну і паказаў сябе. Зараз, напэўна, галоўнае, каб дзецям было цікава, яны імкнуліся паляпшаць сябе і на ўнутраных спаборніцтвах выйгравалі”, — расказвае пра трэнерскія мары Раман. Арцём пад­хоплівае: “А мне б яшчэ хацелася, каб было больш дзяцей, якіх гэты від спорту зацікавіць, тады яны змогуць пра яго расказаць іншым”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў матэрыялу.