Скрозь час

- 9:55Выхаванне, Краязнаўства

З даследчай работы навучэнцаў сярэдняй школы № 5 Навагрудка пачалася экспазіцыя “У вайны не жаночае аблічча”, якая атрымала свой працяг у іншых стэндах і інтэрактыўных праектах.

Музейнае асяроддзе выйшла за межы музейнага пакоя і прадметных кабінетаў і захапіла… калідоры ўстановы адукацыі. На другім паверсе будынка нельга прайсці і не заўважыць незвычайны інфармацыйны стэнд. Побач дэманструецца дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь, расказваецца пра дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія арганізацыі.

— Ідэя стварэння такой экспазіцыі ўзнікла даўно, ажыццявіць яе ўдалося напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі, — расказала дырэктар школы Анжаліка Рэдзька. — Вырашылі паказаць жанчын на перадавой, у канцлагерах, у тыле ворага і асобна — жанчын Навагрудчыны. Кожны фотаздымак суправаджае кароткая, але вельмі ёмістая інфармацыя. Навучэнцы школы не толькі паклалі пачатак гэтай рабоце сваім даследаваннем, але і дапамагалі рэалізаваць праект, разам з настаўнікамі прыдумвалі макет, а затым клеілі фотаздымкі, інфармацыйны блок. У будучыні плануем зрабіць праект інтэр­актыўным.

Здавалася б, звычайны на першы погляд стэнд. Але педагогі прызнаюцца, калі пачынаюць расказваць дзецям пра кожную з жанчын, іх цікавасць расце. Неўзабаве з’яўляюцца пытанні, жаданне пачытаць пра гэта ў іншых крыніцах, даведацца больш.

Зацікавіўшыся роляй жанчыны на вайне, у школе вырашылі падтрымаць ініцыятыву Беларускага саюза жанчын і пачалі ствараць асобныя экспазіцыі пра сваіх зямлячак. Першая з іх прысвечана былой настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Навагрудка Валянціне Міхайлаўне Дзегцяровай. У час вайны яна была ў канцэнтрацыйных лагерах Азарычы і Рудабелка. А ўжо ў мірны час стала першай настаўніцай сённяшняга кіраўніка сярэдняй школы № 5 Анжалікі Рэдзькі. На жаль, Валянціна Міхайлаўна не змагла пабываць на адкрыцці экспазіцыі, але сваімі ўражаннямі ад падзеі з ёй падзялілася дачка Людміла Грамыка, якая падзякавала дзецям і педагогам за ўвагу да сваёй мамы і памяць аб дзецях вайны.

Што новага можна расказаць дзецям пра Вялікую Айчынную вайну, калі яны і так вывучаюць падзеі тых страшных для нашай краіны гадоў на ўроках гісторыі, і не толькі гісторыі? Задаўшыся такім пытаннем, педагогі школы вырашылі яшчэ пашырыць інфармацыйную прастору. І ў калідорах з’явіліся новыя экспазіцыі на ваенную тэматыку.

— Мы не заўсёды акцэнтуем увагу на тым, што падчас вайны нараджаліся дзеці, ставіліся тэатральныя пастаноўкі, лю­дзі зай­маліся спортам, гучала музыка, што песні мелі вялікі патрыятычны патэн­цыял, таму і вырашылі паказаць вайну з гэтага боку, — расказвае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 5 Навагрудка Галіна Ігумінава. — З’явіўся трыпціх “Мы памяць беражліва захоўваем”. Яго старонкі цесна ўзаемазвязаны паміж сабой: “Жывёлы, якія ваявалі”, “Якім быў спорт у гады вайны”, “Хто сказаў, што трэба кінуць песню на вайне”. Для дзяцей усё гэта стала навіной. З якой цікавасцю яны слухаюць аповед настаўніка! Асаб­ліва падабаецца слухаць пра жывёл, якія ў час вайны дапамагалі салдатам, пра знакамітую сабаку-сапёра Джульбарса. Дзяцей здзіўляе, што на вайне людзям дапамагалі не толькі сабакі, але і вярблюды, ласі, алені, галубы. 

У бягучым годзе да 9 Мая ў школе стварылі інтэрактыўныя пляцоўкі, напрыклад, на вокнах размясцілі аркушы паперы з над­рукаванымі на іх вершамі пра вайну. Але ж у вершах не хапае асобных слоў, якія дзеці павінны самі падабраць з прапанаваных. Ёсць і экспазіцыя “Гарады-героі”, дзе таксама выкарыстаны вершы. А працягам стала інтэр­актыўная пляцоўка, дзе школьнікам трэба разгадаць рэбус горада-героя і QR-код з інфармацыяй пра яго.

Цікавасць у вучняў выклікае музейны пакой баявой славы. Тут яны маюць магчымасць, як кажуць, дакрануцца да гісторыі. Не адзін раз затрымліваліся каля панарамы Навагрудскага “катла”. Разглядаюць макеты танкаў і нагадваюць атрыманыя на ўроках гісторыі звесткі. А з якім захапленнем дзеці прымяраюць вопратку ваенных часоў, сапраўдныя каскі. Калі ж даводзіцца самім прыняць удзел у сапраўдных даследаваннях, робяць гэта ад душы.

— У гэтым навучальным годзе школе давялося прыняць удзел у раённым праекце “Сёстры Хатыні”, дзе нам даручылі сабраць інфармацыю пра спаленую ў снежні 1943 года вёску Малочкі, — расказала Галіна Ігумінава. — Праблемай было сабраць матэрыял, каб зра­біць макет вёскі. Архіўныя звесткі тычыліся 1944 года, калі сюды ўжо вярталіся жыхары. На сённяшні дзень у вёсцы ніхто не жыве, так што распытаць таксама не было ў каго. І ўсё ж мне ўдалося знайсці былую жыхарку, дапамог матэрыял у іўеўскай газеце. Прыйшлося пашу­каць жанчыну, але ж усё атрымалася. Макет вёскі ўдалося стварыць па расказах Леа­кадзіі Яўгенаўны Бужынскай (у дзявоцтве Навіцкай), якая цяпер жыве ў Жодзіне. Яна падзялілася сваімі ўспамінамі пра вёску Малочкі, што дапамагло даследчай групе скласці план макета спаленай вёскі.

Макет вёскі Малочкі цяпер знаходзіцца ў Навагрудскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Але ў школе мараць калі не вярнуць яго ва ўстанову адукацыі, то хоць аднавіць яго частку, каб захаваць памяць пра такую вялікую і вельмі знакавую работу.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны распрацоўваецца ў шматлікіх навукова-даследчых работах школьнікаў. У розныя гады навучэнцы рабілі даследаванні пра дзяцей на вайне, пра сваіх родных — удзельнікаў вайны. Яны выступалі са сваімі работамі на канферэнцыях ці друкавалі іх. Як расказала кіраўнік установы адукацыі, вырашана сабраць гэтую інфармацыю ў альманах і выдаць яго да завяршэння Года гістарычнай памяці.

Арганізацыі даследчай і пазнавальнай дзейнасці школьнікаў, узбагачэнню ведаў пра культуру, традыцыі, звычаі спрыяе гісторыка-краязнаўчы музей школы “Гісторыя развіцця рэчаў “Скрозь час”. Як расказала яго кіраўнік Алена Ціханава, тут сабрана больш за 150 экспанатаў, сярод якіх лямпы, посуд, бытавая тэхніка, забаўкі, абутак, друкаваныя выданні. Асобнае месца займае экспазіцыя “Навагрудчына на кінастужцы”, якая таксама нарадзілася з даследчай работы вучняў.

Творчае супрацоўніцтва педагогаў і школьнікаў дае не толькі асалоду ад вынікаў працы, але і развівае ў дзяцей самастойнасць у набыцці ведаў, садзейнічае прафесійнаму самавызначэнню.

Ірына АНІКЕВІЧ.