Скрынка карысных парад

Цікава і займальна праходзяць летнія дзянькі ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава. Дзеці з задавальненнем гуляюць у валейбол, баскетбол, футбол. А ўсё пачыналася з займальнай квест-гульні “Ключ ад казачнага Дружбаграда”, дзе выхаванцы паспяхова справіліся з заданнямі і пераадолелі ўсе перашкоды, каб атрымаць фрагмент ключа.

З ранняга дзяцінства любімай і адной з першых цацак і забаў у дзіцяці быў і застаецца мяч. Нашы дзеці паспрабавалі сябе ў ролі футбалістаў у фізкультурнай гульні “Мы — футбалісты”. Займальныя практыкаванні яны выконваліся са скакалкай і абручом.

Выдатна прайшоў у нас Дзень здароўя. Пачаўся з зарадкі з вясёлым клоўнам, потым дзяцей чакаў карысны сняданак. Малышы з задавальненнем елі грэцкую кашу, калі даведаліся, чаму яе называюць волатаўскай. На прагулцы нам прыйшло паведамленне ад Нязнайкі і яго сяброў, яны прасілі расказаць, што трэба рабіць, каб быць здаровымі. Дзеці сабралі цэлую скрынку карысных парад і адправілі ў Кветкавы горад. Таксама дзеці прынялі актыўны ўдзел у спаборніцкіх эстафетах і зладзілі “кавуновы” салют у гонар Дня здароўя.

Не абыходзіцца лета без свят. Спачатку ладзілі Купалле — спявалі песні на беларускай мове, гулялі ў беларускія гульні, вадзілі карагоды, шукалі папараць-кветку, падтрымлівалі народную традыцыю — пускалі вянкі па вадзе. Наперадзе нас чакаюць Дажынкі з дзедам Тамашом і бабуляй Васілінай, якія будуць далей знаёміць дзяцей з народнымі традыцыямі і абрадамі.

Святлана УСС,
загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава