Скрыжалі памяці

Не абмінула чорнае крыло Чарнобыля Чэрыкаўшчыну. Радыеактыўныя выкіды забрудзілі больш за 30 вёсак раёна, у якіх пражывала 3966 чалавек. У зону першачарговага адсялення былі аднесены Бакунавічы, Каменка, Малінаўка, Чудзяны. У зоне наступнага адсялення апынуліся Рэчыца, Вепрын, Дубраўка, Зоры, Зябень.

Адным з драматычных бакоў гэтай катастрофы з’яўляецца тое, што ад людзей на працягу некалькіх гадоў утойвалі праўду аб яе маштабах і небяспецы. У тыя памятныя красавіцкія, у святочныя майскія дні 1986 года дастаткова было даць людзям арыенціры, як лепш засцерагчы сябе і дзяцей ад радыеактыўнага пылу, нябачнага ворага, аб якім ведалі толькі з аповедаў пра Хірасіму і Нагасакі, з плакатаў грамадзянскай абароны і ўспамінаў ваенных.

Перад мясцовай уладай паўстала шмат праблем. У снежні 1988 года па патрабаванні дэлегацыі Чэрыкаўскага і яшчэ трох пацярпелых раёнаў урадам рэспублікі прынята пастанова “Аб неадкладных мерах па паскарэнні рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі ў Беларускай ССР вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС” у частцы перасялення і пераўладкавання насельніцтва. На 1 студзеня 1991 года ў чыстыя зоны было пераселена 1259 сем’яў. У 1990 годзе на Мсціслаўшчыне пачалося будаўніцтва пасёлкаў для перасяленцаў. Адзін з іх (Разанцы) быў прызначаны для жыхароў вёскі Вепрын — калісьці адной з найбуйнейшых і найпрыгажэйшых вёсак Чэрыкаўскага раёна.

Чарнобыльскі летапіс пачаўся 30 гадоў назад. Ужо вырасла новае пакаленне. Людзі звыкліся з бядою, але ў памяці раз-пораз ажываюць малюнкі “зоны”. Дапамогуць гэта зрабіць тыя, хто быў вымушаны зняцца, нібыта птушкі, з роднага гнязда ў свет белы… Родная зямля цягне да сябе. Кожную вясну, на Радаўніцу, мы спяшаемся на могілкі да родных. Вепрынская зямля, як маці, гасцінна сустракае сваіх дзяцей квеценем яблыневых садоў, аксамітам зарасніку маладых бярозак, сумнымі краявідамі без чалавека і дарогамі ў нікуды…

Вось што ўспамінае былая жыхарка вёскі Вепрын Вольга Андрэеўна Хныкава: “Інфармацыя аб аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі прыйшла ў нашу вёску з экранаў тэлевізараў. Паведамленне заняло некалькі хвілін. Гэта потым пачаліся шматгадзінныя спрэчкі, дыскусіі на розных узроўнях. Тады ж, у перадапошнія дні красавіка 1986 года, вёска рыхтавалася да першамайскіх свят: падчышчалі вуліцы, падфарбоўвалі парканы. Працавалі трактары на палетках, статкі жывёлы спрабавалі першую вясновую траву, нельга было дагукацца дадому дзяцей, бо надвор’е падарыла нам духмяны водар маладой лістоты таполяў, бяроз. Ніхто не думаў, што інфармацыя пра Чарнобыль абернецца для нас словам “эвакуацыя”. У 1987 годзе ў нашу вёску тытулаваныя медыкі з Бараўлян завезлі ў клетках партыю мышэй і пацукоў. У нашым хляве таксама былі размешчаны клеткі. Мой гаспадар іх даглядаў. Даваў ім ежу, а таксама таблеткі, якія пакінулі вучоныя. У першы год пацукоў і мышэй пала нямнога, а вось на другі, трэці на іх напаў мор. Мінскія спецыялісты прыязджалі, нешта занатоўвалі, забіралі жывых асобін і прывозілі новых. У адной вёсцы жылі лабараторныя пацукі і дзеці”.

На Мсціслаўшчыне я жыву ўжо 25 гадоў, а сэрца рвецца туды, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва. Кожную вясну, на Радаўніцу, еду на могілкі да родных, на родную сялібу, дзе на месцы хаты выраслі маладыя дрэвы. Калі я прыгадваю той дзень, у які пакідала вёску, сэрца заходзіцца ад жалю, слёзы коцяцца самі сабою. Няма сілы змірыцца з тым, што сцежкі майго басаногага дзяцінства адабраў Чарнобыль. На той час я была вучаніцай 9 класа. Сапраўднай бяды, як і ўсе мае аднавяскоўцы, не адчувала. Дарослыя яшчэ не разумелі ўздзеяння радыенуклідаў на арганізм чалавека, асабліва дзяцей. А вёска існавала яшчэ 5 гадоў. Цэлымі днямі вучням даводзілася не выходзіць са школы. Тут мы снедалі, абедалі, вячэралі. Гулялі пад наглядам настаўнікаў. Калі прыходзілі дадому, хацелася пабегаць на двары басанож. А побач працавалі салдаты ў спецыяльным адзенні, у рэспіратарах, яны знімалі верхні пласт зямлі і засыпалі жоўтым пяском. Калі стала студэнткай, асабліва чакала лісты ад маці. Што, што там у вёсцы?

Нарэшце, праз тры гады пасля аварыі надрукавалі карту, дзе і якія грыбы можна збіраць. Мае родныя мясціны ў першай зоне, куды, як сказана ў каментарыях, у лес “з кошыкам уваходзіць не трэба”. Паўраспад цэзію-137 доўжыцца каля 33 гадоў… Значыць, я больш ніколі ўжо не патрымаю ў руках, не з’ем ні баравік, ні падасінавік, ні рыжык, ні іншы грыб са свайго лесу. А насіла ж іх калісьці кашалямі. Бывала, падхопішся на досвітку — і ў лес. Ідзеш па толькі табе вядомых сцяжынках, ад грыбовішча да грыбовішча. Збочыш у малады бярэзнік, потым — на хвойнік, знойдзеш баравікі з белым тоўстым коранем і чорнай шапкаю. Дадому вяртаешся шчаслівая…

Вельмі добрыя, таленавітыя людзі жылі ў маёй вёсцы. А працаваць як любілі! Нездарма былы вепрынскі калгас, а сёння СПК “Кастрычнік”, прызнаны лідар сярод сельскагаспадарчых арганізацый Мсціслаўскага раёна. Чарнобыльская віхура параскідала нас, вепрынцаў, нібыта пясчынкі, па свеце, але мы не губляем надзеі, што родная зямля “перахварэе” цэзіем, стронцыем, плутоніем, мы вернемся! І няхай гэта будзем не мы, а нашы нашчадкі. Зямля пазнае тых, чые продкі спрадвеку жылі на ёй. Пазнае і прызнае. Яны адродзяць гэтую пакутлівую зямлю.

Тамара ЕРАСЦЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *