Слаўныя традыцыі — маладому пакаленню

У навучэнцаў ліцэяў і каледжаў Гомельшчыны слова “спадчына” перш за ўсё асацыіруецца з аднайменным конкурсам. Сёлета творчае спаборніцтва сярод навучэнцаў і работнікаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі праходзіла шосты раз.

“Слаўныя традыцыі — нашаму пакаленню” — так гучыць дэвіз “Спадчыны”. У аснову конкурсу пакладзена патрыятычнае выхаванне, а тэматыка і сам фармат пастаянна мяняюцца. У гэтым годзе ён прысвячаўся Году малой радзімы і 100-годдзю камсамола.

Навучэнцам і педагогам было прапанавана выступіць у пяці намінацыях: флэш-мобе з выкарыстаннем сучасных маладзёжных напрамкаў у харэаграфіі “Нам даверана гэтае стагоддзе”, відэароліку “Душа малой радзімы”, творчай рабоце (эсэ) на тэму “Каханне, камсамол і вясна”, даследчых работах “Мая малая радзіма — мая гордасць”. І яшчэ адна намінацыя, дзе можна было пакрэатывіць, — эмблема абласнога конкурсу па патрыятычным выхаванні “Спадчына”. Так, арганізатары прыйшлі да высновы, што ў мерапрыемства, якое ўжо стала традыцыйным, павінен быць нейкі свой пазнавальны сімвал. Якім яму быць — вырашалі канкурсанты, якія сябруюць з жывапісам і графікай. Выбіраць было з чаго — 71 праект быў прадстаўлены на суд журы. Адразу ж адабралі самыя арыгінальныя і непаўторныя работы, а пасля суддзі аднагалосна вырашылі, што сімвалам конкурсу стане эмблема, над якой працавалі навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа Мікіта Каўтуноў і Галіна Яначкіна.

Лепшы флэш-моб паказалі навучэнцы Рэчыцкага педагагічнага каледжа, Гомельскага дарожна-будаўнічага і Гомельскага аўтамеханічнага каледжаў. У намінацыі відэаролікаў прызавыя месцы — у Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, Прыбарскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя, Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Што тычыцца ўвогуле конкурсных работ, то сёлета навучэнцы і выкладчыкі 51 прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай установы адукацыі прадставілі амаль 300 творчых рашэнняў. Толькі даследчых і творчых работ журы прыйшлося прагледзець 55 і 75 адпаведна. Трэба сказаць, ад многіх атрымлівалі вялікае задавальненне. Напрыклад, у намінацыі “Каханне, камсамол і вясна” было шмат цікавых біяграфічных аповедаў. Хлопцы і дзяўчаты пісалі пра камсамольскае юнацтва дзядоў і бабуль, педагогі дзяліліся ўспамінамі сваіх бацькоў. Лепшым творам было названа эсэ навучэнкі Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Дар’і Заляціла “У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу”. Другое месца прысуджана навучэнцу Светлагорскага індустрыяльнага каледжа Аляксандру Аскеру за работу “Камсамол — сімвал дабра, стварэння і сапраўднага сяброўства”. На трэцім месцы — твор навучэнкі Гомельскага каледжа-філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Наталлі Дорах.

Вельмі парадавалі ў гэтым годзе даследчыя работы. Варта адзначыць, што з кожным годам іх узровень расце, адчуваецца зацікаўленасць аўтара, бачны яго асабістыя крокі як даследчыка. Арганізатары конкурсу адзначаюць гэта асабліва, бо напачатку часта атрымлівалася так, што работу выконваў выкладчык, а аўтарства прыпісвалася навучэнцу. Магчыма, гэты факт мог быць і не раскрыты, але ж намінацыя даследчых работ заўсёды прадугледжвае іх абарону. Зразумела, пры гэтым журы вельмі лёгка вызначыць, які насамрэч уклад зроблены аўтарам у прадстаўленае на конкурс даследаванне.

У даследчых работах было прысуджана адно першае, два другія і два трэція месцы, а таксама гран-пры.

Дыпломам І ступені за работу “Яроміна на скрыжаванні дарог і эпох” узнагароджаны пераможцы ў гэтай жа намінацыі мінулага года навучэнцы Гомельскага прафесійнага ліцэя рачнога флоту Таццяна Дзядкова і Уладзіслаў Яўменаў. У аснове даследавання — родная вёска Таццяны, што раскінулася непадалёк Гомеля.

— Там мае карані, там прайшло маё дзяцінства, там жывуць усе мае родзічы, — тлумачыць выбар тэмы Таццяна. — Мне заўсёды было цікава, якой была вёска раней, якія людзі ў ёй жылі, але не атрымлівалася заняцца пошукам гістарычных фактаў. А вось тут якраз конкурс, прысвечаны Году малой радзімы. Калі я ўзялася за работу, Уладзіслаў прапанаваў весці даследаванне разам. Яму таксама цікава гісторыя гэтай вёскі, бо там жывуць яго сябры. Так і атрымалася наша даследчая работа пра вёску Яроміна.

Другое месца ў гэтай намінацыі падзялілі канкурсанты з Калінкавіцкага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя і Гомельскага каледжа-філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.

Метадыст калінкавіцкага ліцэя Ірына Лінкевіч аб’ектам даследавання выбрала жыццё і дзейнасць вядомага на яе малой радзіме чалавека, свайго былога настаўніка і класнага кіраўніка. Даследчая работа Ірыны Аляксандраўны так і называецца — “Прысвячэнне настаўніку Атаманавай Раісе Сцяпанаўне”. Больш за тое, аўтар далучыла да справы і навучэнак Людмілу Бобрык і Таццяну Ганцэвіч. Дзяўчаты дапамагалі ў зборы інфармацыі і ілюстрацый.

Навучэнцы гомельскага каледжа-філіяла Антон Целеш і Паліна Казлова зацікавіліся дзейнасцю маладзёжнай падпольнай групы “СМУГНАР” у гады ВАВ. Іх работа — “Крочылі ў неўміручасць” — уразіла сваёй змястоўнасцю і глыбінёй.

Трэцяе месца па рашэнні журы было прысуджана рабоце “Лёс мой — Беларусь!”, якую выканалі майстар вытворчага навучання Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў Таццяна Болсун і яе навучэнцы — Дзмітрый Кукса і Дар’я Плясун. На гэтай жа прыступцы і навучэнка Лоеўскага педагагічнага каледжа Настасся Пазняк з даследчай работай “І.Г.Ермакоў — заснавальнік музейнай справы на Лоеўшчыне”.

Гран-пры ў намінацыі даследчых работ (дарэчы, адзінага ў конкурсе) удастоена навучэнка Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Таццяна Нікіценка за выдатнае даследаванне “Горад Дзяніскавай мары…”, у якім дзяўчынка раскрыла цікавыя факты з гомельскага перыяду жыцця вядомага пісьменніка аўтара “Дзяніскавых аповедаў” Віктара Драгунскага.

Узнагароду Таццяна атрымала ад нашай газеты. Ужо тры гады як “Настаўніцкая” далучылася да ліку арганізатараў абласнога конкурсу. Такі конкурс называюць унікальным, пакуль аналагаў яму ў краіне няма. Зразумела, галіновае выданне не магло застацца абыякавым да творчасці педагогаў і навучэнцаў.

Наогул, штогод конкурс набывае новых партнёраў, дакладней — сузаснавальнікаў. Сёння, акрамя галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”, дзякуючы якім быў пакладзены пачатак мерапрыемству, “Спадчыну” падтрымліваюць рэдакцыі газет “Настаўніцкая газета” і “Гомельская праўда”, тэлерадыёкампанія “Гомель”, абласное аддзяленне Беларускага фонду міру, абласное аб’яднанне прафсаюзаў, Гомельская арганізацыя ветэранаў і, зразумела, Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, на пляцоўках якога нязменна праходзяць усе этапы творчага спаборніцтва.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.