Слава і гонар Прыдзвінскага краю

- 11:26Навіны рэгіёнаў

Віцебшчына ўшанавала сваіх таленавітых дзяцей і іх педагогаў

Зыходзячы з уласнага вопыту, Альберт Эйнштэйн некалі заявіў: “Выдатныя асобы фарміруюцца не з дапамогай прыгожых прамоў, а ўласнай працай і яе вынікамі.

Геніяльнасць можа быць толькі мімалётным шансам, толькі праца і воля здольны даць ёй жыццё і прывесці да славы”. Вынікам сумеснай працы навучэнцаў і педагогаў вобласці сталі 84 дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, залаты медаль навучэнца гімназіі № 1 Віцебска Марка Карнейчыка на XIV Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы, бронзавы медаль навучэнца сярэдняй школы № 16 Полацка Мацвея Навіцкага на 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі. Акрамя таго, каманда паўночнага рэгіёна ўвайшла ў лідарскую тройку на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” і заняла 2-е месца на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па вучэбных прадметах. Па традыцыі пераможцы — навучэнцы і іх настаўнікі — былі ўзнагароджаны прэміямі аблвыканкама. Урачыстая цырымонія ўшанавання пераможцаў адбылася ў Віцебскай абласной філармоніі. Павіншаваць герояў дня сабраліся прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і раёнаў, упраўлення адукацыі аблвыканкама, вышэйшай школы, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, дырэктары школ і гімназій. Творчыя падарункі падрыхтавалі лепшыя самадзейныя калектывы і выканаўцы.

— У рэгіёне паслядоўна вядзецца работа па ўмацаванні і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей і падлеткаў, — акцэнтаваў увагу старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. — Дапамога і падтрымка таленавітай моладзі — адзін з галоўных нашых прыярытэтаў.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса выказаў словы шчырай падзякі бацькам навучэнцаў і іх настаўнікам, асабліва адзначыў уклад тых педагогаў, хто штогод рыхтуе пераможцаў алімпіяд. Усяго ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі ўдзел 199 навучэнцаў, пераможцамі сталі прадстаўнікі 11 раёнаў і гарадоў. Найбольш вынікова выступілі каманды па матэматыцы, рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, інфарматыцы, фізіцы. У параўнанні з мінулым і пазамінулым гадамі (па 70 адпаведна) заваявана на 14 дыпломаў больш. Станоўчая дынаміка відавочная. Палепшыліся вынікі па матэматыцы, рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, інфарматыцы, біялогіі, гісторыі, грамадазнаўстве, кітайскай і французскай мовах. Сярод устаноў адукацыі ў тройцы лідараў — гімназіі №№ 1, 2 і 8 Віцебска. Варта адзначыць, што ўсё мацнейшую канкурэнцыю гімназіям складаюць сярэднія школы як абласнога цэнтра і буйных гарадоў, так і многіх сельскіх раёнаў. Традыцыйна вядучыя пазіцыі па падрыхтоўцы пераможцаў утрымліваюць раёны Віцебска, разам з тым сёлета трэці ў вобласці вынік прадэманстраваў Полацкі раён. Вынікі алімпіяды і рэзервы павышэння паспяховасці выступлення на заключным яе этапе былі абмеркаваны на пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, якое прайшло ў той жа дзень на базе сярэдняй школы № 31 Віцебска.

— У вобласці выбудоўваецца свая сістэма работы з навучэнцамі, матываванымі і здольнымі дасягаць высокіх поспехаў у вучобе, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Дзмітрый Хома. — Наша задача — даць магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял кожнаму дзіцяці. Сістэма падрыхтоўкі да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, міжнародных алімпіядах прызначана забяспечваць стабільнае развіццё, абароненасць ад магчымых рызык і быць нацэленай на адзіны агульны вынік. У першую чаргу для гэтага кожны павінен добрасумленна працаваць на сваім рабочым месцы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.