“Славянскі базар у Віцебску” застанецца верным сваім традыцыям

ХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе сёлета з 11 па 15 ліпеня і збярэ на сваіх пляцоўках прадстаўнікоў 31 краіны свету. Нягледзячы на скарочаныя тэрміны правядзення форуму і цяжкасці, звязаныя са зменай дырэкцыі фестывалю, “Славянскі базар” застанецца верным сваім традыцыям і, як заўсёды, стане для жыхароў і шматлікіх гасцей Віцебска вялікім і яркім святам. Пра гэта надоечы на прэс-канферэнцыі паведаміў журналістам першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Міхайлавіч Карачэўскі.

Па словах Уладзіміра Карачэўскага, у гэтым годзе “Славянскі базар у Віцебску” будзе мець мадэрнізаваны фармат, але гэта не адаб’ецца на насычанасці форуму цікавымі і адметнымі мерапрыемствамі. Наадварот, кожны з фестывальных дзён, якіх стала значна менш у параўнанні з мінулымі гадамі, будзе як асобнае свята ў свяце з вельмі разнастайнай культурнай праграмай.
Асаблівасцямі сёлетняга форуму стануць такія прынцыповыя моманты, як пазіцыяніраванне фестывалю як фестывалю фестываляў (гэта адаб’ецца на многіх канцэртах, на якіх будуць выступаць зоркі іншых музычных форумаў), пераарыентацыя праграмы на маладое і сярэдняе пакаленне, “разварот” фестывалю на тэлегледача, скасаванне асобных канцэртаў краін — заснавальнікаў фестывалю (Расіі, Беларусі і Украіны) і правядзенне замест іх адзінага “Канцэрта Сяброўства. Саюзная дзяржава запрашае…”. Акрамя таго, істотна зменіцца аблічча галоўнай пляцоўкі фэсту — Летняга амфітэатра, які, дарэчы, сёлета адзначае 25-годдзе. Над афармленнем сцэны працуе мастак-сцэнограф уладальнік Расійскай нацыянальнай тэлевізійнай прэміі “ТЭФІ” Аляксандр Халадноў.
Усяго ж праграма ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ўключае каля 60 мерапрыемстваў на 13 пляцоўках. Толькі на сцэне Летняга амфітэатра адбудуцца 18 канцэртаў, у тым ліку начных, у канцэртнай зале “Віцебск” — 8, на плошчы Перамогі — 5. Тэатр імя Якуба Коласа запросіць да сябе 4 разы, Віцебская абласная філармонія — 5, кінатэатр “Дом кіно” — 3. Фестывальная атмасфера будзе панаваць літаральна паўсюль у горадзе, дзе разгорнуцца дзясяткі выстаў-кірмашоў народных рамёстваў і дзе будуць у фармаце нон-стоп выступаць аматарскія калектывы з усёй краіны.
Галоўны акцэнт на сёлетнім “Славянскім базары” будзе зроблены на музычныя конкурсы. У Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск”, які пачнецца ўжо 10 ліпеня, за дзень да афіцыйнага адкрыцця фестывалю, за перамогу пазмагаецца 21 юны артыст з 18 краін. Беларусь на конкурсе прадставяць дзве мінчанкі — 10-гадовая Аляксандра Лакціёнава і 11-гадовая Паліна Бурло. Абедзве, дарэчы, ужо маюць на сваім рахунку сур’ёзныя творчыя перамогі. Журы дзіцячага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч.
ХХІІ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2013” пройдзе на сцэне Летняга амфітэатра 13 і 14 ліпеня і збярэ 21 выканаўцу з 21 краіны. Гонар Беларусі будзе адстойваць на гэтым творчым спаборніцтве саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга Аляксандр Салаўёў. Старшынёй журы абрана народная артыстка Расіі Ларыса Доліна. Ганараванне пераможцаў конкурсу адбудзецца 15 ліпеня падчас урачыстага канцэрта-закрыцця фестывалю.
Наогул жа, як і ўсе апошнія гады, на сёлетнім “Славянскім базары ў Віцебску” не абыдзецца без феерычнага россыпу зорак эстрады. Толькі на канцэрце адкрыцця 11 ліпеня выступяць такія гранды сцэны, як Эдзіта П’еха (дарэчы, менавіта яе “зорка” будзе закладзена сёлета на Алеі зорак каля Летняга амфітэатра), Надзея Бабкіна і ансамбль “Русская песня”, Аляксандр Малінін, Аляксандр Сяроў, Хрысціна Арбакайтэ, Алена Ваенга, Ціна Караль, Анатоль Ярмоленка і ансамбль “Сябры”, Анжаліка Агурбаш, Іна Афанасьева і інш. У розныя фестывальныя дні сваіх прыхільнікаў парадуюць Дзіма Білан, група “Руки Вверх!”, Ева Польна, Юлія Савічава, Мікіта Праснякоў, Герман, Ганна Шаркунова. Завітаюць у Віцебск і зоркі апошняга “Еўрабачання”: датчанка Эмілі дэ Форэст, расіянка Дзіна Гарыпава, беларуска Алёна Ланская і ўкраінка Злата Огневіч. Са сваім “Прывітаннем з Сан-Рэма” прыедуць у горад на Дзвіне зоркі італьянскай эстрады 80-х Тота Кутуньё, Рыкарда Фольі і інш.
Сваю яскравую хэві-праграму “Дым над вадой” прадставіць на фестывалі прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. У сумесным канцэрце выступяць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі і Ларыса Доліна.
Прыемныя сюрпрызы чакаюцца таксама і ад тэатральнай ды кінапраграм. У прыватнасці, 12 ліпеня рэжысёр Сяргей Талыбаў у кінатэатры “Дом кіно” прадставіць чатырохсерыйны тэлевізійны фільм “Сляды апосталаў” сумеснай вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, ТАА “ПершаяКінаВідэаКампанія” і ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”. У аснову вострасюжэтнага тэлесерыяла пакладзена паданне аб незлічоных скарбах Радзівілаў, схаваных у падзямеллях Нясвіжа.
13 ліпеня ў Дзень моладзі на плошчы Перамогі адбудзецца маладзёжны фестываль «Агонь танца-2013» (праект БРСМ), фестываль маладзёжных субкультур, маладзёжны фэст «Скарбонка талентаў» і вечарына ў стылі рэп. А для юных мастакоў падчас фестывалю на рэпінскай сядзібе Здраўнёва будуць арганізаваны пленэр і майстар-класы.

Мікола ЧЭМЕР.