След, што выратоўвае жыцці

Універсітэцкае асяроддзе часта наперадзе планеты ўсёй: у галіне культуры, спорту, сацыяльнай дзейнасці, інавацый. Гэта пацвярджаецца і ў такія крытычныя моманты, калі ўстановы вышэйшай адукацыі прыходзяць на дапамогу медыкам, якія змагаюцца з каранавірусам. Напрыклад, Беларускі нацыянальны тэхнiчны ўніверсітэт вырабляе ахоўныя пластыкавыя маскі, а таксама сістэмы падачы і ўвільгатнення кіслароду.

У студэнцкай лабараторыі FABLAB Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” стаіць спецыфічны пах — гэта лазер выразае макеты масачнага экрана з пэт-плёнкі і каркасы з ПВХ-пластыку. На адзін экран затрачваецца некалькі секунд, на каркас — каля 5 хвілін.

Перад запускам вытворчасці спецыялісты тэхнапарка раіліся з урачамі, каб даведацца пра ўласцівасці будучых сістэм і масак з першых вуснаў. Вырабы не перастаюць удасканальвацца і зараз: супрацоўнікі ўвесь час на сувязі з медыкамі. Падчас нашай гутаркі прыйшла просьба з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі пашырыць маскі для хірургаў і анестэзіёлагаў.

— Зараз такі час, калі неабходна рабіць шмат карыснага абсталявання для ўрачоў, таму не здзіўляйцеся, што студэнцкая лабараторыя часова перакваліфікавалася, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара Навукова-тэналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” па інавацыйнай дзейнасці Павел Лушчык. — Першапачаткова маскі рабіліся на 3D-прынтары, на выраб адной ішло 2 гадзіны, а гэта каля 10 на дзень. Хоць яны і больш эрганамічныя — шчыльней прылягаюць да галавы, але па хуткасці вытворчага цыклу значна саступаюць цяперашнім (зборка кожнай займае 4 мінуты).

Далей знаёмімся са зборкай сістэмы падачы i ўвільгатнення кіслароду.

— Прыблізна 1—3% хворых патрэбна штучная вентыляцыя лёгкіх, 20% неабходна кіслародная тэрапія, — адзначае Павел Яўгеньевіч. — У бальніцах выкарыстоўваюцца новыя i савецкія сістэмы падводу кіслароду: старыя сiстэмы раней не карысталіся попытам, але ў сувязі з распаўсюджваннем віруса яны задзейнічаны. Для такiх сістэм мы i вырабляем прылады для падачы i ўвільгатнення кіслароду. Зараз такіх прылад у краіне па­трабуецца каля 2,5 тысячы.

БНТУ прапануе бальніцам крыху дапрацаваную версію, сабраную амаль цалкам на вытворчасцях універсітэта (адзіны складнік, які даводзіцца купляць, — ёмістасць для вад­касці). Спецыялісты тлумачаць, што самае працаёмкае — друкаваць накрыўкі.

Кожны дзень у лабараторыі працуе да 10 чалавек: супрацоўнікі БНТУ і студэнты-валанцёры. Тут можна сустрэць выкладчыкаў, дызайнераў і нават спецыялістаў з аддзела продажу. Каманда ўстанавіла сабе планку: выйсці на выраб 50 сістэм і 100 масак на дзень (сярэдняя патрэба складае ад 40 да 60 масак на бальнiцу). Усе вырабы пойдуць у Галоўны ваенны шпіталь, 5-ю гарадскую клінічную бальніцу, Вілейскую ЦРБ, Мінскі абласны супрацьсухотны дыспансер, 4-ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу і іншыя ўстановы аховы здароўя.

Аляксандр Бусько і Дзяніс Ласкін — першакурснікі спартыўна-тэхнічнага факультэта, якія працуюць у лабараторыі як валанцёры. Хлопцаў аб’ядноўвае не толькі тое, што яны аднагрупнікі, але і падабенства інтарэсаў: прагулкі на свежым паветры, спорт, настольныя гульні. Саша і Дзяніс даведаліся пра пошук добраахвотнікаў ад свайго старасты і вырашылі дзейнічаць.

— Здорава, што зробленыя маскі і сабраныя сістэмы дапамогуць выратаваць нечае жыццё. Так мы пакідаем свой след у абароне ад віруса, — гавораць студэнты. — Таксама работа ў лабараторыі добра ўплывае на нас саміх: на зборцы можна маральна разгрузіцца.

* * *

Пра людзей, якія задзейнічаны ў зборцы абсталявання для бальніц, і значнасць іх дзейнасці можна пісаць шмат. Але самай красамоўнай з’яўляецца зваротная сувязь ад медыкаў: “Сёння ледзь не страцілі хворага. Але, дзякуючы вам, паспелі даць кісларод і выратаваць. Усім вялікі дзякуй”.


Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.