Слоўнік Ярушэвіча

Мабыць, многія філолагі могуць успомніць свой шчаслівы стан, калі яны знаёміліся з першымі слоўнікамі беларускай мовы, выдадзенымі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, асабліва са “Словарем белорусского наречия” Івана Насовіча, “Расійска-крыўскім (беларускім) слоўнікам” Вацлава Ластоўскага і іншымі. Колькі ж неверагодных адкрыццяў было звязана з гэтымі кнігамі! Іх можна было чытаць амаль як мастацкую літаратуру, кожны раз здзіўляючыся багаццю роднай мовы, яе таямніцам, схаваным у невядомых беларускіх словах. І вось нядаўна адбылася сапраўдная сенсацыя: грамадскасці быў прэзентаваны “Расейска-беларускі слоўнік” (1918) гісторыка і педагога Апанаса Ярушэвіча (1867—1918 (1924) — унікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска-беларускі слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы ў пачатку яе станаўлення. Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Беларуская навука”.

І.Капылоў.

Як адзначыў на прэзентацыі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў, важнасць працы Апанаса Ярушэвіча заключаецца ў некалькіх чынніках. Па-першае, яе аб’ём — 13 000 слоў. Да гэтага такіх аб’ёмных слоўнікаў у нас не было. Па-другое, вядомы слоўнік І.Насовіча грунтаваўся пераважна на гаворках Магілёўшчыны, часткова — Міншчыны і Гомельшчыны. У аснову ж слоўніка Ярушэвіча пакладзены маладзечанскія гаворкі — іншымі словамі, сярэднебеларускія (цэнтральныя) гаворкі, якія вызначаюць сённяшнюю беларускую літаратурную мову. Па-трэцяе, каштоўнасць уяўляе сама структура слоўнікавых артыкулаў у Ярушэвіча, пабудаваная фактычна па тых жа прынцыпах, якіх прытрымліваецца і сучасная лексікаграфія. І нарэшце, па-чацвёртае, “Расейска-беларускі слоўнік” Апанаса Ярушэвіча яскрава адлюстроўвае духоўную  і матэрыяльную культуру беларусаў, нашу гісторыю надзвычай важнага перыяду сумежжа стагоддзяў. “У той час адбывалася станаўленне моўных норм, было вельмі важна замацаваць гэты працэс у лексікаграфічнай крыніцы, — сказаў Ігар Капылоў. — Калі вы адкрыеце гэты слоўнік, вас будзе ўжо не адарваць ад яго. Ён яскрава прадэманстраваў, наколькі наша мова імкнецца да дзеяння закону моўнай эканоміі. Напрыклад, па-руску — “резательная машина”, у нас толькі адным словам — “сячкарня”. Там ёсць і проста выдатныя забытыя словы, накшталт “пабожны” (“богобоязненный”), “пякота”, “сквар” (“зной”). І, напэўна, усіх зацікавяць магчымыя беларускія адпаведнікі рускага слова “любовь”. Мы прывыклі ганарыцца, што ў нас у адрозненне ад нашых усходніх суседзяў ёсць і “любоў”, і “каханне”. А Ярушэвіч прадэманстраваў наогул цэлы рад: “каханне”, “любасць”, “ласка”, “любенне”, “любоў” і інш.”.

В.Курцова.

Выданне “Расейска-беларускага слоўніка” Апанаса Ярушэвіча — гэта сумесны праект Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. І ў гэтым сэнсе, з аднаго боку, можна толькі вітаць такое су­працоўніцтва (па словах Ігара Капылова, удалося вярнуць да жыцця тое, што праляжала ў архівах фактычна сто гадоў), а з другога боку, можна ўявіць усю складанасць работы, праведзенай супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства, а дакладней, маладой даследчыцай Ірынай Галуза, якая працавала пад непасрэдным кіраўніцтвам загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства Веранікі Курцовай. Працаваць з архіўнымі матэрыяламі, поўнымі лакун, непрачытанасцей і іншых нюансаў, калі ты вымушаны карпець над кожным словам, — гэта не выдаваць факсіміле.

Вераніка Курцова на прэзентацыі падзялілася эмоцыямі: “Разумееце, у гісторыі мовазнаўства, як і ў гісторыі чалавецтва, ёсць такія моманты: раптам нешта выбухне вулканам, а потым затухне, а потым зноў выбухне… Слоўнік Апанаса Ярушэвіча якраз і нагадвае такі вулкан. Да яго ў свой час звярталіся, пра яго памяталі, але ён раптам у нейкі час прапаў. А цяпер вось зноў абавязкова павінен выбухнуць, бо ў ім ёсць таемнасць, загадка. Як і сама асоба Апанаса Ярушэвіча — культурнага і навуковага дзеяча, педагога, краязнаўца, багаслова. І вельмі радасна, што гэтыя архіўныя матэрыялы сёння займелі аблічча слоўніка”.

І.Галуза.

Вераніка Курцова таксама паведаміла пра тое, што сёння аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства працуе над выкананнем, як яна сказала, “праекта стагоддзя ў беларускім мовазнаўстве” — стварэннем зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак. Сэнс праекта заключаецца ў аб’яднанні на адным электронным рэсурсе ўсіх даступных лексікаграфічных, лінгвагеаграфічных і рукапісных архіўных крыніц. “Гэта трэба ўсё звесці ў адно, каб убачыць, што мы маем і колькі мы маем”. І “Расейска-беларускі слоўнік”, безумоўна, зойме сваё пачэснае месца на гэтым рэсурсе.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.