Слова хрыстаславам

- 17:28Нам пішуць

Нараджэнне Хрыстова — адно з самых важных свят праваслаўнай царквы, прасякнутае асаблівай атмасферай радасці, дабрыні і міласэрнасці. Яго любяць і з нецярпеннем чакаюць і дарослыя і дзеці. Па добрай традыцыі хрыстаславы нясуць радасную вестку пра Нараджэнне Хрыстова ўсім людзям. Вось ужо некалькі гадоў у Навагрудку адраджаецца традыцыя хрыстаславаў.

Выкладчыкі факультатыўнага курса “Асновы праваслаўнай маралі” устаноў адукацыі і іх выхаванцы развучваюць царкоўныя песнапенні — трапар і кандак, святочныя песні, вершы, каб, узяўшы самаробную Калядную зорку, несці людзям радасную вестку пра Нараджэнне Хрыста.

Згодна з праваслаўнымі традыцыямі, у святочныя дні прынята рабіць добрыя справы, віншаваць адно аднаго і абменьвацца падарункамі. Дзяліліся сёлета святочнай радасцю і хрыстаславы 5 “А” класа сярэдняй школы № 5 Навагрудка. Разам з настаўнікамі наведвалі пажылых людзей, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, дом-інтэрнат для людзей з цяжкімі парушэннямі зроку, дзіцячы садок № 6, “Кругласутачнае аддзяленне для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў”, бальніцу, РАУС, дзяцей-інвалідаў, вернікаў на прыходзе царквы ў гонар Божай Маці “Неспадзяваная радасць”. Жаданне ва ўсіх было адно: павіншаваць, падзяліцца радасцю свята, падбадзёрыць. Колькі ж слёз і ўдзячнасці ўбачылі і пачулі дзеці ад людзей. Радасць, якая лілася з чулых дзіцячых сэрцаў, перадавалася і нам, выкладчыкам. Бо мы разумелі, што недастаткова проста вучыць дзяцей, неабходна іх і маральна выхоўваць.

Аксана ЧЫСЦЯКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, выкладчык факультатыўнага курса
“Асновы праваслаўнай маралі” сярэдняй школы № 5 Навагрудка.