Слова —  маладым вучоным

- 17:24Актуальна, На парадку дня

На базе НАН Беларусі міністр адукацыі Андрэй Іванец сустрэўся з прадстаўнікамі маладзёжных аб’яднанняў сферы адукацыі і навукі.

У адкрытым дыялогу ўдзельнічалі прадстаўнікі Савета маладых вучоных, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Маладзёжнага савета Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета. 

Пасля кароткай экскурсіі па аранжарэі батанічнага сада ­Андрэй Іванавіч запрасіў да шчырай і непасрэднай размовы: “Лета на дварэ, хацелася б падвесці вынікі года, паслухаць вас, чаго вам хацелася б, чаго не хапае і куды мы збіраемся рухацца далей, каб у нас быў час падумаць, з якімі планамі мы прыйдзем да пачатку верасня”.

Інтарэсы маладзёжнага актыву сёння ляжаць у розных сферах, таму і пытанні падчас сустрэчы абмяркоўваліся разнастайныя: ад будучага маштабнага фестывалю навукі, які мае адбыцца 10 верасня, да пытанняў дзяржаўнага фінансавання перспектыўных навуковых даследаванняў.

Прысутныя актыўна цікавіліся магчымасцямі дзяржаўнай падтрымкі маладых вучоных і таленавітага студэнцтва, конкурсамі на атрыманне грантаў Міністэрства адукацыі, абмяркоўвалі магчымасці павышэння стыпендый для адораных студэнтаў. Размова зайшла таксама аб асаблівасцях школьных бізнес-кампаній і магчымасцях павышэння рэнтабельнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Цікавасць моладзі таксама выклікалі перавагі, якія дае праца ў студэнцкіх атрадах БРСМ, прынамсі, атрыманне дакументаў дзяржаўнага ўзору па рабочай спецыяльнасці пасля паспяховай здачы кваліфікацыйнага экзамену па завяршэнні летняй працы ў складзе студатрада. Абмеркавалі таксама пытанні працоўнай занятасці непаўналетніх у перыяд летніх канікул.

Кіраўнік ведамства пракаменціраваў: “Школьнікаў, якія жадаюць зарабляць грошы падчас летніх канікул, сёння шмат. Але ўзнікае шэраг пытанняў: падымаць больш за тры кілаграмы ім нельга, саджаць кветкі можна, але толькі на прышкольных тэрыторыях… Такіх пытанняў шмат, і мы ўжо звярнуліся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, каб удумліва абмеркаваць умовы найму на працу непаўналетніх. Самі разумееце: калі школьнікі жадаюць зарабляць грошы, яны знойдуць спосабы гэтага дабіцца. Калі мы не прадаставім ім такую магчымасць, яны знойдуць іншыя магчымасці. І добра, калі парушэнні абмяжуюцца толькі высаджваннем кветак на нявызначаных тэрыторыях”.

Актыўную рэакцыю прысутных выклікала пытанне аб скарачэнні абавязковага тэрміну навучання ў шэрагу УВА з пяці да чатырох гадоў. Маладыя выкладчыкі БДУІР адзначылі, што некаторыя студэнты не вытрымліваюць сканцэнтраваных нагрузак. Міністр адзначыў: “15 тысяч студэнтаў штогод забіраюць дакументы з устаноў вышэйшай адукацыі, прычым 65% — па ўласным жаданні, толькі 35% студэнтаў адлічваюцца за непаспяховасць. Што да БДУІР, я лічу, што ён у многім пайшоў па правільным шляху, каб не страціць у якасці, ён, што называецца, “спрасаваў” праграму, зрабіў яе больш рытмічнай, больш дынамічнай. Але не скараціў. Некаторыя УВА зрабілі, я лічу, горш. Выкінулі з праграмы шэраг прадметаў, у выніку студэнт недавучаны. Так, ён зай­маецца спакойна чатыры гады, аднак не атрымлівае той аб’ём ведаў, які яго папярэднікі назапашвалі на працягу пяці гадоў. З іншага боку, пытанне павелічэння перыяду навучання стаіць, аднак толькі ў плоскасці лічаных спецыяльнасцей. Усеагульнага пераходу на пяцігадовы тэрмін навучання не будзе, гэта крок назад. Я прыгадваю сваю вучобу і памятаю, што пасля 3 курса мы думалі больш не пра заняткі, а пра работу”.

Гутарка плаўна перайшла да абмеркавання тэрмінаў, што адводзяцца на падрыхтоўку дыпломных работ, у залежнасці ад перыяду навучання.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота аўтара.