“СЛОВА ПРА ЗЯМЛЮ ІВАНАЎСКУЮ”

- 16:16Портфолио

Вусны часопіс (8—11 класы)

Мэта: пашырэнне ведаў вучняў пра гісторыка-культурную спадчыну сталіцы да Дня беларускага пісьменства — 2018.

Задачы:
 пазнаёміць вучняў з асноўнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі Іванава;
 пашырыць веды пра гісторыю горада, знакамітых ураджэнцаў, жыццё і творчасць якіх звязана з Іванаўскім краем;
 садзейнічаць фарміраванню нацыянальнай годнасці, выхаванню павагі да культурных здабыткаў народа.

Абсталяванне: камп’ютар, мультымедыйная ўстаноўка, прэзентацыі, запісы музычных твораў, карта Беларусі.

Папярэдняя падрыхоўка: вучні дзеляцца на 4 групы (гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы). Кожная група атрымлівае інфармацыю, падбірае неабходныя фота- і відэаматэрыялы па тэме, рыхтуе мультымедыйную прэзентацыю.

Настаўнік каардынуе дзейнасць вучняў, дапамагае ў пошуку інфармацыі.

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Штогод у першую нядзелю верасня на Беларусі адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Гэтае свята крочыць па розных гарадах. Упершыню святочныя мерапрыемствы адбыліся ў 1994 годзе на радзіме Францыска Скарыны — у старажытным Полацку. Потым сталіцамі свята былі культурныя цэнтры краіны: Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў. Юбілейны ХХV Дзень беларускага пісьменства пройдзе 2 верасня 2018 года ў Іванаве Брэсцкай вобласці і будзе прысвечаны тэме “Мая малая радзіма”.

За буйнай ракою я бачу Палессе,
Хвалюецца сэрца ўнутры.
Аднекуль пачуў мілагучную песню:
Палесся пяюць жыхары.
У вёсцы гучыць паляшуцкая мова,
Задорны мясцовы народ
Заўсёды сустрэне гасцей добрым словам,
Гасцей возьме ў свой карагод. (Кірыл Азімка.)

Ганаровую эстафету Іванаву перадаў Полацк. Сёння мы з вамі пагартаем старонкі вуснага часопіса “Слова пра зямлю іванаўскую”, каб дакрануцца да яе гісторыі. На Іванаўшчыне пачаўся род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, культурнага і грамадскага дзеяча Напалеона Орды. Іванаўская зямля ўзгадавала многіх сучасных літаратараў.

Гучыць песня “Жураўлі на Палессе ляцяць” у выкананні ансамбля “Песняры” (сл. Алеся Ставера, муз. Ігара Лучанка).

ГІСТАРЫЧНАЯ СТАРОНКА
(для групы гісторыкаў)

Іва́нава (да 1940 года — Я́наў) — горад у Брэсцкай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Іванаўскага раёна. Размешчаны на рацэ Самароўка. Знаходзіцца за 132 км ад Брэста. Чыгуначная станцыя Янаў-Палескі на лініі Брэст — Пінск. У горадзе пражывае 16 465 чалавек (на 2017 год).

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што першапачаткова горад быў вядомы як Порхава — у 1423 годзе вялікі князь Вітаўт падараваў гэтыя ўладанні луцкаму кафедральнаму сабору. Большасць луцкіх біскупаў была пахавана менавіта тут.

Затым Порхава па ініцыятыве біскупа Яна Ласовіча стала звацца Янаў. У 1497 годзе ўжо іншы князь Вялікага Княства Літоўскага — Аляксандр Ягелончык — падараваў мясцоваму насельніцтву права праводзіць тры штогадовыя кірмашы. Мястэчка развівалася хуткімі тэмпамі, аднак у 1575 годзе адбыўся пажар, які парушыў дастатак. Яно магло б так і не адрадзіцца, як гэта бывала раней, аднак мясцовыя жыхары выявілі сваю зацятасць і працавітасць, аднавіўшы Янаў.
Іншыя даследчыкі сцвярджаюць, што самыя раннія згадкі пра Янаў-Палескі датуюцца XVII стагоддзем.

У XVII ст. Янава мела статус мястэчка ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства. У Трынаццацігадовую вайну 16 мая 1657 паселішча захапілі казакі, якія пасля працяглых катаванняў забілі тут каталіцкага місіянера Андрэя Баболю. У 1678 г. Я.К.Копаць заснаваў у мястэчку езуіцкую місію, якая належала да Пінскага калегіума. У 1694 г. Янава перайшло ў валоданне Ганны, дачкі

Я.К.Копаця і жонкі князя Канстанціна Яна Шуйскага, пазней мястэчкам валодаў яе сын А.А.Шуйскі і ўнук Я.Н.Шуйскі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) Янава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе ўвайшло ў Кобрынскі павет Гродзенскай губерні. У XIX ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Арэшкаў.

У 1861 г. расійскія ўлады раскватаравалі ў Янаве казакоў 31-га Данскога палка для задушэння сялянскіх хваляванняў у мястэчку і ваколіцах. У 1884 г. за 1 км ад Янава прайшла Палеская чыгунка, адкрылася невялікая станцыя (цяпер Янаў-Палескі) з драўляным вакзалам, складскімі памяшканнямі, рамонтнымі майстэрнямі. Па стане на 1869 г. у Янаве існавалі драўляная праваслаўная царква, мураваны рымска-каталіцкі касцёл, капліца ў гонар Святога Андрэя Баболі, станавая кватэра, валасная ўправа, аптэка. Па выніках перапісу (1897 г.) у мястэчку было 724 будынкі, працавалі народнае вучылішча і царкоўнапрыходская школа, сукнавальная фабрыка, гарбарны і цагельны заводы, маслабойня, 4 млыны.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921 г.) Янава апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі, у Пінскім павеце Палескага ваяводства. Па стане на 1935 г. тут знаходзіліся гміннае кіраванне, паштова-тэлеграфнае кіраванне, паліцэйскі пастарунак, некалькі прыватных гасцініц, лесапільня “Горбур”, паравы млын “Горбур”, дзейнічала польская школа.

За час існавання мястэчка змяніла нямала ўладальнікаў, было ў складзе розных дзяржаў.

У 1939 г. Янава ўвайшло ў склад БССР, бальшавікі змянілі гістарычную назву паселішча на Іванава. На 1940 г. тут працавалі бальніца (на 50 ложкаў), радзільны дом (на 20 месцаў), паліклініка з 4 кабінетамі, пошта, 20 тэлефонаў, 3 тэлеграфныя апараты; дзейнічалі 7-гадовыя беларуская, руская і яўрэйская школы. 15 студзеня 1940 г. Іванава атрымала афіцыйны статус гарадскога пасёлка і стала цэнтрам раёна. У Другую сусветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 16 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1971 г. Іванава атрымала статус горада. У 1998 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка мастаку і кампазітару Напалеону Орду, ураджэнцу в. Варацэвічы. 11 сакавіка 2011 г. адбылося афіцыйнае зацвярджэнне гарадскіх сцяга і герба.

У цяперашні час у Іванаве працуюць гімназія, 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 6 дашкольных устаноў. У горадзе дзейнічаюць 3 бібліятэкі, дом творчасці дзяцей і юнацтва. Таксама дзейнічаюць касцёл і праваслаўная царква. Іванава ганарыцца адзінай у Беларусі школай бондарства.

АРХІТЭКТУРНАЯ СТАРОНКА
(для групы архітэктараў)

Адной з асноўных архітэктурных славутасцяў горада Іванава з’яўляецца касцёл Узвышэння Святога Крыжа, пабудаваны ў 1848 годзе. У адзін з кутоў агароджы вакол тэрыторыі гэтага касцёла ўбудавана невялікая каплічка. Месца размяшчэння капліцы прыблізна адпавядае месцу забойства Святога Андрэя Баболі. У горадзе Іванава таксама ўстаноўлены крыжы з мемарыяльнай таблічкай і на месцы палону гэтага святога. У свой час казакі выкарысталі як падставу для пакарання Андрэя Баболі яго адмову ад пераходу з каталіцтва ў праваслаўе. У нашы дні на месцы палону святога ўстаноўлены абодва крыжа: і каталіцкі, і праваслаўны як знак таго, што ўчынак казакоў не ўпісваецца ў рамкі маралі ні адной хрысціянскай канфесіі і асуджаецца ўсімі сапраўднымі хрысціянамі.

І хоць касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў горадзе быў пабудаваны амаль праз 200 гадоў пасля смерці Святога Андрэя Баболі, тым не менш менавіта гэты храм у нашы дні з’яўляецца асноўным пунктам прызначэння для ўсіх турыстаў і паломнікаў.

Другой важнай архітэктурнай славутасцю горада Іванава з’яўляецца Свята-Пакроўская царква, пабудаваная ў 1901 годзе. Царква размешчана зусім побач з касцёлам на цэнтральнай плошчы горада, што з’яўляецца вельмі распаўсюджанай з’явай для Беларусі і ў чарговы раз сімвалізуе, што ў нашай краіне стагоддзямі мірна і з глыбокай узаемнай павагай жылі разам хрысціяне розных канфесій.

Царква — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю пачатку XX стагоддзя.

МАСТАЦТВАЗНАЎЧАЯ СТАРОНКА
(для групы мастацтвазнаўцаў)

Іванаўскі край славіцца вялікімі дзеячамі зямлі беларускай. У радавым маёнтку Варацэвічы, што ў 15 км ад Іванава, 11 лютага 1807 г. нарадзіўся мастак і кампазітар Напалеон Орда. Яго імя нетыповае для беларускага асяроддзя, але вельмі моднае па тым часе.

Дзякуючы гэтаму нястомнаму працаўніку, сёння мы можам любавацца сотнямі беларускіх пейзажаў, многія з якіх былі напісаны на Берасцейшчыне. Напалеон Орда памёр у 76 гадоў у Варшаве. Згодна з яго запаветам, ён пахаваны ў Іванаве ў фамільным склепе. Там жа яму ўстаноўлены помнік (скульптар І.В.Голубеў, архітэктар В.І.Касяк). У 2007 г. (200-годдзе з дня нараджэння) дата нараджэння Напалеона Орды была занесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА, што фактычна азначае прызнанне яго ўкладу ў сусветную культурную спадчыну. У цэнтры Парыжа ў яго гонар устаноўлена памятная дошка.

Атмасфера французскай сталіцы з яе бурлівым культурным жыццём, мастацкай і навуковай багемай паўплывала на развіццё шматбаковых здольнасцей творчай натуры Напалеона Орды, які ўжо вызначыў для сябе прафесійную цікавасць і арыентацыю да музыкі і жывапісу. Музычнае майстэрства ўдасканальваў у Фрыдэрыка Шапена. Дасягнуў у гэтай галіне грунтоўных поспехаў. Яго музычныя творы (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), якія вызначаюцца меладычнасцю, драматызмам, віртуозным стылем, багаццем фактуры, лірычнасцю, былі ўхвалены Ф.Шапенам, Ф.Лістам і С.Манюшкам.

У Парыжы Напалеон Орда атрымлівае мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажа П’ера Жэрара, які і вызначыў яго мастацкі жанр. Малюнак для Орды з’яўляецца не толькі творам мастацтва, але і гістарычным дакументам, у якім фіксуюцца каштоўныя архітэктурныя помнікі. Таму свае малюнкі ён суправаджае гістарычнай анатацыяй, імкнецца зафіксаваць уладальнікаў сядзіб і палацаў, прыналежнасць культавых будынкаў адпаведнай канфесіі, гады будаўніцтва, фундацыі і інш. У яго творах яскрава прасочваецца жаданне данесці свае знаходкі і ўражанні ад вандраванняў да гледача.

У 1856 г. пасля абвяшчэння царскім урадам амністыі палітычным эмігрантам Напалеон Орда ў 49-гадовым узросце вяртаецца ў родныя Варацэвічы. У 1862—1863 гг. жыве ў Гродне, потым на некаторы час селіцца ў Пінску. Каб забяспечыць сваё матэрыяльнае становішча, працуе дамашнім настаўнікам музыкі ў генерала Адама Ржавускага на Валыні. У вольныя ад работы месяцы Орда шмат падарожнічае па Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне. У час сваіх вандровак робіць замалёўкі архітэктурных і гістарычных помнікаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей. Вынікам гэтых вандраванняў з’явіўся вялікі збор мастацкіх твораў (гэта больш за 1150 малюнкаў, з якіх каля 200 прысвечаны менавіта Беларусі).

Імя Напалеона Орды прысвоена раённай музычнай школе і адной з вуліц Іванава, помнік яму ўпрыгожвае цэнтр горада, памятныя знакі ўстаноўлены ў двары сярэдняй школы № 3, на павароце з трасы Кобрын — Гомель на Варацэвічы, ва ўрочышчы Красны Двор каля Варацэвіч на месцы былой сядзібы Ордаў, а ў саміх Варацэвічах узводзіцца грандыёзны сядзібна-паркавы комплекс Напалеона Орды з музеем, гасцініцай і ўсім неабходным для пастаяннага наведвання гэтага куточка турыстамі. Сёння мястэчка мае сваю карцінную галерэю, прысвечаную беларускаму і польскаму дзеячу. У 2011 годзе вёска атрымала свой герб.

ЛІТАРАТУРНАЯ СТАРОНКА
(для групы літаратараў)

Для Фёдара Дастаеўскага Іванаўшчына з’яўляецца прарадзімай — тут жылі яго далёкія продкі. Акрамя таго, вёсцы Дастоева вялікі рускі пісьменнік і гуманіст абавязаны сваім прозвішчам. Дастоеўская сярэдняя школа носіць імя пісьменніка, пры ёй дзейнічае літаратурна-краязнаўчы музей, які таксама носіць яго імя, а ў двары навучальнай установы ўстаноўлены помнік класіку рускай і сусветнай літаратуры.

З 1972 па 1976 гг. у Іванаве жыў празаік Алесь Крыга (Аляксандр Аляксандравіч Асіпенка). Быў літсупрацоўнікам іванаўскай райгазеты “Чырвоная звязда”, пасля карэспандэнтам рэспубліканскай маладзёжнай газеты “Чырвоная змена”.

Пасляваенны час (уся другая палова ХХ стагоддзя) быў найбольш прыдатным для развіцця літаратуры ў рэгіёне. Значна паспрыяла гэтаму і тая акалічнасць, што пачынаючы з 1 красавіка 1965 г. у адноўленым Іванаўскім раёне (нейкі час ён быў далучаны да Драгічынскага) пачала выходзіць раённая газета “Чырвоная звязда”, якую ўзначаліў пісьменнік, выдатны настаўнік моладзі Аляксей Трафімавіч Каўко.

Неўзабаве пры газеце ствараецца літаратурнае аб’яднанне “Ясельда”. Узначаліць яго было даверана тады зусім юнаму супрацоўніку рэдакцыі, а цяпер вядомаму пісьменніку-дакументалісту Міколу Панасюку. Ля вытокаў творчай суполкі стаяў выдатны беларускі паэт Мікола Федзюковіч. У розны час кіравалі “Ясельдай” пісьменнікі Мікола Трафімчук і Уладзімір Сітуха. І сёння “Ясельда” — адна з найбольш вядомых літаратурных сябрын на Берасцейшчыне.

У розны час актыўна выходзілі да чытача на старонках мясцовай і абласной газет, рэспубліканскіх перыядычных (у тым ліку літаратурных) выданняў Мікола Мінзер (працуе ў рэдакцыйна-выдавецкай установе “Літаратура і Мастацтва”), Галіна Пахолка, якая пасля ўзяла сабе псеўданім Гала Гара і пад ім публікавалася ў разнастайных літаратурных выданнях, у тым ліку ў часопісе “Дзеяслоў”, жыла ў Мінску, затым вярнулася на радзіму ў Іванава.

Прыкладна ў той жа час — нехта крыху раней, нехта пазней — прыйшлі Ала Каткавец, якая працавала ў райгазеце, а пасля — сакратар Мотальскага сельвыканкама, Леаніла Масюк — вядучая раённага радыё, Мікола Давыдзюк (трагічна загінуў 6 мая 2000 г., на той час працаваў уласным карэспандэнтам газеты “Рэспубліка” па Брэсцкай вобласці), Галіна Лагодзіч з в. Крытышын і яе таленавітая дачушка Марыля Лагодзіч, якая жыве і працуе ў Мінску, Мікола Налівайка з в. Моладава, Васіль Брыль з в. Сухі Бор, які піша на беларускай і рускай мовах, а таксама на палескім дыялекце (жыве ў Мінску), гумарам і пародыямі весялілі чытачоў Васіль Гедзька і Алена Парфеявец. Пазней прыйшлі маладзейшыя: выкладчыца Іванаўскай музычнай школы імя Напалеона Орды з в. Радаўня Алена Утыра, Наталля Літвінюк з Варацэвіч і іншыя. Касцяком жа творчай сябрыны доўгі час з’яўляюцца паэты Уладзімір Гетманчук (працуе эканамістам у райсельгасхарчы, выдаў кнігу паэзіі “Зараніца”), Надзея Белавус, якая з 1982 па 2002 год узначальвала ў раёне перарубскую школу, а таксама ўзорны дзіцячы паэтычны тэатр “Крынічка” .

У Іванаве распачаў сваю літаратурную дзейнасць празаік Анатоль Крэйдзіч, які ў 1978 г. пераехаў у гэты раён, у в. Рудск, з Драгічыншчыны, а пасля доўгі час працаваў у мясцовай раённай газеце “Чырвоная звязда”, напісаў тут амаль усе свае творы. На працягу існавання творчай суполкі маладзейшыя аўтары пастаянна адчуваюць падтрымку з боку першага рэдактара “Чырвонай звязды”, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Аляксея Трафімавіча Каўко.

У Іванаўскай бібліятэцы дзейнічае пакойчык-музей Фёдара Панфёрава, аўтара рамана “Брускі”, які ў 50-х гг. ХХ ст. узначальваў літаратурны часопіс “Октябрь”, і тады ж наведаў Іванаўшчыну.
Настаўнік (на фоне песні “Жураўлі на Палессе ляцяць”).

Буслы тут амаль што на кожнай хаціне
На дахах у гнёздах сядзяць,
І сонечным водбліскам недзе ў нізіне
Балоты яскрава гараць…
Застукае сэрца: ізноў на Палессі!
Гучыць разам з песняй той стук,
Плыве ў небакрай мілагучная песня:
Пяе мой браток паляшук. (Кірыл Азімка.)

Вось і перагорнуты ўсе старонкі нашага вуснага часопіса. Мы спадзяёмся, што вы больш даведаліся пра прыгожы куток Палесся і ў вас з’явілася жаданне наведаць яго. У нас багатая гістарычная спадчына. Нам ёсць чым ганарыцца. Да новых сустрэч!

Алена КАЖАНЕЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.