Слова — творчай моладзі

На Брэстчыне завяршыўся абласны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, які сёлета праходзіць пад дэвізам “Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні”. Арганізатары творчага спаборніцтва — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

— Фестываль праводзіцца з мэтай фарміравання каштоўнасных адносін моладзі да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, выхавання грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі, укаранення сацыякультурных навацый, падтрымкі творчых ініцыятыў, творчага развіцця і самарэалізацыі маладога пакалення, — расказала загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі А.С.Лаўрыновіч. — Фестываль адыгрывае важную ролю ў духоўна-маральным і мастацка-эстэтычным выхаванні моладзі, удасканаленні сістэмы выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, развіцці відава-жанравага дыяпазону аматарскай творчасці, выяўленні і папулярызацыі эфектыўных форм арганізацыі вольнага часу студэнтаў. Лепшыя творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы харэаграфічнага, вакальнага, фальклорнага, інструментальнага і тэатральнага жанраў дэманструюць сваё майстэрства на інтэрактыўных пляцоўках, у марафонах і тэматычных канцэртных праграмах, прэзентуюць сучасныя напрамкі развіцця мастацтва і цікавыя арт-ідэі, традыцыйныя і інавацыйныя рашэнні, узоры аматарскай творчасці.

Абласны этап рэспубліканскага фестывалю доўжыўся два дні і праводзіўся ў форме міжуніверсітэцкіх мерапрыемстваў, падчас якіх моладзь рыхтавала тэматычныя выступленні і паказвала лепшыя творчыя работы. Абласная эстафета творчасці пачалася з парада студэнцкай моладзі “Наш арыенцір: вясна, студэнцтва, поспех” з удзелам прадстаўнікоў БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ, якія прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста, дэманструючы актыўную жыццёвую пазіцыю і расказваючы жыхарам горада пра цікавыя маладзёжныя ініцыятывы. Адна з мэт парада, які сёлета прайшоў трэці раз, — прафарыентацыя школьнікаў.

Не менш відовішчныя мерапрыемствы разгарнуліся і ў Баранавічах, дзе працавала другая фестывальная пляцоўка Брэстчыны. Старшакласнікі гарадскіх устаноў адукацыі, студэнты БарДУ і ПалесДУ прынялі ўдзел у масавым танцавальным флэшмобе і шматлікіх інтэрактыўных пляцоўках на базе БарДУ: фотазоне “Віват, “АРТ-вакацыі — 2018”, арт-зоне “Жывыя карціны” народных калектываў мастацкай творчасці, бліц-дыялогах студэнтаў-удзельнікаў творчых аб’яднанняў са старшакласнікамі, відэапрэзентацыі “АРТ-вакацыі” — мой матыў стаць студэнтам БарДУ”, адкрытым дыялогу “Сучасныя шляхі пазбаўлення ад інтэрнэтнай залежнасці сродкамі мастацкай творчасці” з удзелам педагогаў дадатковай адукацыі, метадыстаў і іншых зацікаўленых асоб, а таксама майстар-класах кіраўнікоў творчых калектываў.

У рамках праектаў Рэспубліканскага фестывалю былі зладжаны творчыя пляцоўкі “Студэнцкае бюро крэатыўных ідэй” і “Бацькоўскі зруб”, якія працавалі ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Удзельнікі пляцовак прэзентавалі свае факультэты і на канкрэтных прыкладах паказвалі, што студэнты — надзвычай мэтанакіраваныя і творчыя асобы, якія шануюць нацыянальную культуру і традыцыі. Перад гледачамі выступілі прадстаўнікі БрДТУ (вакальныя групы “Трыумф” і “Млын”, народны акадэмічны хор “Белая вежа”, Ульяна Паддубная са студыі эстрадных спеваў, удзельнікі творчых аб’яднанняў студэнтаў “Калейдаскоп”, “Самы сок” і “Ліра”, ансамбль эстраднай музыкі “Тэхнабэнд” і ансамбль народных інструментаў “Экспромт”) і БрДУ імя А.С.Пушкіна (Аляксандр Журовіч і Дзмітрый Машчук з эстраднай студыі “Прыступкі”, выхаванцы гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Повязь” і ўдзельнікі студыі вакальных спеваў VIVA).

Падчас двухгадзіннага канцэрта моладзь паказвала музычныя, харэаграфічныя, літаратурныя і тэатральныя здольнасці. Нікога не пакінулі абыякавымі выступленні студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна, падрыхтаваныя студыяй сучаснага танца One Way, мужчынскай вакальнай групай “Рух”, студыяй эстрадных спеваў “Прыступкі” і групай спартыўнага танца “Грацыя”.

Шмат станоўчых эмоцый выклікалі і выступленні студэнтаў БрДТУ. Адчувалася, што ўдзельнікі народнага акадэмічнага хора “Белая вежа”, ансамбля скрыпачоў “Алегра”, ансамбля народных інструментаў “Экспромт”, народнай тэатральнай студыі “Слова”, вакальнай групы “Трыумф”, калектыву народнага танца “Крутуха” і калектыву сучаснага танца “Стрыт-стайл” па-сапраўднаму ўлюбёны ў творчасць і адносяцца да любімай справы з усёй душой. Харэаграфічныя і вакальныя нумары ўражвалі кампазіцыйнай прадуманасцю і майстэрскім выкананнем.

Фестывальныя мерапрыемствы прадоўжыліся ў другі дзень на базе БарДУ. Ва ўніверсітэце былі арганізаваны фотазона “АРТ-вакацыі ў Інстаграме”, паэтычны марафон “Чытаем “Пана Тадэвуша” А.Міцкевіча”, экспазіцыя “АРТ-вакацыі” скрозь прызму часу”, арт-пляцоўка “У гасцях у Мельпамены”, біт-бокс батл, музычнае выступленне “Джаз заўсёды ў модзе”, перфомансы COMIC-CON і “АРТ-партал”, анлайн-конкурс мабільных фотаздымкаў ART-foto, майстар-класы па літэрынгу і лацінаамерыканскіх танцах.

Ад БарДУ творчымі набыткамі парадавалі харэаграфічны калектыў “Імпрэза”, народны тэатр моды “Світа”, народная студыя эстраднай песні “Талент”, студыя мастацкага чытання “Дзеяслоў”, клуб маладых дызайнераў “Эскіз”, народны інструментальны ансамбль “Музычны гасцінец”, клуб “Я і гітара”, народны тэатр мініяцюр “Сафіт” і клуб аматараў арыгінальнага жанру Waidelott.

Шмат незабыўных уражанняў падарылі студэнты ПалесДУ: народны ансамбль эстраднага танца “Альянс”, клуб аматараў лацінаамерыканскай культуры Solymar, харавы калектыў Melior, студыя моды Joli, вакальна-інструментальная група Sixth Sense, народная студыя эстраднай песні “Гукі часу” і танцавальная група Sparkle dance.

— У студэнтаў Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца, — адзначыла А.С.Лаўрыновіч. — Радуе, што сучасная моладзь сябруе з песнямі, танцамі і мастацкай творчасцю. Добра, калі чалавек з’яўляецца не толькі выдатным спецыялістам, але і творчай асобай. Падобныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць моладзь, дораць радасць ад сустрэчы з таленавітымі выканаўцамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *