Слова ў кантэксце часу

Лад жыцця, звычкі чалавека даволі часта фарміруюцца прафесійным заняткам. І гэта натуральна, бо даводзіцца прапускаць праз сваё сэрца і душу тое, што робіш, чаму аддаеш свае сілы і розум. Асабліва гэта датычыць тых людзей, якія прысвяцілі сябе навуцы, педагогіцы і служэнню Слову. Да такіх асоб, без сумненняў, трэба аднесці вядомага беларускага моваведа, доктара філалагічных навук, прафесара, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча, якому 10 сакавіка бягучага года споўнілася б 85 гадоў.

Аркадзь Іосіфавіч вылучаўся вельмі патрэбнай для нашага часу асаблівасцю: калі ён уваходзіў у аўдыторыю, кабінет, рэдакцыю, то фізічная прастора напаўнялася беларускасцю. Усё ў ім спалучала лепшыя рысы з народу: душэўная цеплыня, спагадлівасць, мудрасць, мяккая інтэлігентнасць, талерантнасць, прыхаваная ва ўсмешцы рахманасць і бязмежная дабрыня. Хаця апошняя рыса не перашкаджала яму быць справядлівым і прынцыпова катэгарычным у справах, якія тычыліся інтарэсаў кафедры або канкрэтных асоб. Мусіш прызнаць, што такіх вучоных, фізічная прысутнасць якіх фарміравала маўленчыя густы і вызначала грамадзянскія прыярытэты, засталося няшмат. І сёння іх так не стае…
Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч нарадзіўся 10 сакавіка 1929 г. у вёсцы Вараноўшчына Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Шчодра надзелены талентам, выкрышталізаваным з сялянскай дапытлівасці і цікаўнасці, Аркадзь Іосіфавіч стаў дбайным рупліўцам у вывучэнні роднай мовы. Просты і шчыры ў адносінах, цалкам аддадзены навуковай справе беларус, хто прысвяціў сваё жыццё роднай Бацькаўшчыне, прафесар Наркевіч пакінуў добрую памяць пра сябе і пра свае справы.

Жыццёвыя пуцявіны моцна пераплялі лёс Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча са словам і з навукай аб мове. Менавіта гэтым дзвюм зоркам найбольш аддаваўся вучоны і зрабіў гэты занятак любімым: адказна, шчыра і з вялікай аберагальнай сілай ставіўся ён да слова, асабліва друкаванага. У прафесара быў свой стыль — строгі і акадэмічны. Хаця яго тэзаўрус уключаў мноства слоў, якія ён убіраў і з вясковых каранёў, і паэзіі, і беларускай песні. Асабліва адчувалася гэта, калі ён звяртаўся да сваіх калег — філалагінь і журналістак.
Навуковыя інтарэсы доктара філалагічных навук прафесара Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча асноўным чынам былі звязаны з крыніцай беларускага мовазнаўства — марфалогіяй і сінтаксісам роднай мовы. Яго кандыдацкая дысертацыя “Спосабы выражэння азначэнняў у сучаснай беларускай мове”, абароненая ў 1956 годзе, прысвечана вызначэнню асаблівасцей дапасавання азначэнняў да азначальных слоў у сучаснай беларускай мове, характарыстыцы прыназоўнікава-іменных канструкцый з атрыбутыўнай сінтаксічнай функцыяй і інш., што дазволіла ў будучым выйсці на дысертацыйнае даследаванне “Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове”, у якім былі вылучаны структурна-семантычныя тыпы словазлучэнняў. На матэрыяле мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, навуковых, навукова-папулярных і перыядычных выданняў прааналізаваны беспрыназоўнікавыя і прыназоўнікавыя канструкцыі граматычнай сістэмы, апісаны сінанімічныя і стылістычныя асаблівасці, паказана прадуктыўнасць і тыповасць іх для пэўных разнавіднасцей літаратурнай мовы. Аналіз праводзіўся не толькі ў плане вызначэння нарматыўнасці тых ці іншых канструкцый, але і з мэтай паказу тэндэнцый развіцця самой сістэмы словазлучэнняў. Манаграфія па тэме дысертацыі адкрыла навуковыя далягляды для далейшага вывучэння словазлучэння як моўнай адзінкі і ў цэлым сінтаксічнай навукі на Беларусі.

Фундаментальная праца А.І.Наркевіча “Назоўнік. Граматычныя катэгорыі і формы” з’явілася працягам навуковых разважанняў вучонага пра сістэмнае ўладкаванне роднай мовы, прыярытэтам якіх стала вылучэнне назоўніка ў якасці выключна прадуктыўнага і разнастайнага ў семантычных і структурных адносінах лексіка-граматычнага разраду знамянальных слоў. Пад лінгвістычным мікраскопам вучонага апынулася разнастайнасць праяў назоўніка, ярка выражаная адметнасць уласцівых яму агульных катэгарыяльных і семантычных прымет, граматычных значэнняў і сінтаксічных функцый у сказе. Можна меркаваць, што пільная ўвага прафесара Наркевіча да гэтай часціны мовы была выклікана нарастаючай функцыянальнай актыўнасцю назоўніка, асабліва ў публіцыстычным маўленні.
Амаль сорак гадоў аддаў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту прафесар Наркевіч. Дзесяцігадовая навуковая дзейнасць у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі, дзе ён выступіў суаўтарам акадэмічных прац, стала добрай глебай для вызначэння спецыфікі мовы і стылю сродкаў масавай інфармацыі. Граматыст, ён не мог не адчуваць патрэбу ў даследаванні слова ў функцыянальным дзеянні. Гэта, дарэчы, і стала прычынай пераходу Аркадзя Іосіфавіча на факультэт журналістыкі БДУ. Яму хацелася дасягнуць, можа, і недасягальнага — сфарміраваць адмысловы моўны густ ва ўсіх сваіх выпястоўцаў, спалучыць у кожным журналісце моўную інтуіцыю з творчай задумай, кампазіцыяй твора. Ён заўсёды падкрэсліваў асаблівасць журналісцкай працы — аператыўнасць, пры якой павінна захавацца тонкае адчуванне слова, яго ўплывовая сіла. Аберагаў журналісцкае слова, пеставаў у ім асобу, таго, хто тварыў, жыў сваёй прафесіяй. Бо лічыў журналіста чалавекам адораным ад прыроды. Таму і не асабліва любіў крытыканства ў бок пішучых журналістаў. А калі ўшчуваў сам, то рабіў гэта з добрай усмешкай і вясёлай іскрынкай у вачах — маўляў, паглядзіце да чаго дапісаліся.

Прафесар Наркевіч, працуючы на пасадзе загадчыка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, адчуваў і актыўна падтрымліваў новыя павевы ў лінгвістыцы, філалогіі: у вучэбны план факультэта журналістыкі былі ўключаны курсы “Слова ў кантэксце часу”, “Лінгвістыка публіцыстычнага тэксту”, “Рыторыка”, “Моўная норма: сістэмнасць і асістэмнасць” і інш. Гэта адкрывала прастору для навуковай дзейнасці маладым вучоным, было трывалым падмуркам пашырэння кола лінгвістычных інтарэсаў выкладчыкаў кафедры, высокапрафесійнай падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў.
Для студэнтаў дзённага і завочнага аддзяленняў А.І.Наркевіч выдаў арыгінальны вучэбны дапаможнік для самастойнай работы студэнтаў “Практычны курс сучаснай беларускай мовы”. Яго стварэнне было выклікана неабходнасцю ўдасканальваць і развіваць нетрадыцыйныя формы і метады аўдыторнай і пазааўдыторнай работы пад непасрэдным кіраўніцтвам выкладчыка, паглыбляць і замацоўваць атрыманыя падчас заняткаў па мове неабходныя тэарэтычныя веды, выпрацоўваць у студэнтаў уменне самастойна асэнсоўваць і вывучаць розныя фанетычныя, граматычныя і лексічныя з’явы, прывіваць навыкі ўдумлівай і карпатлівай працы над мовай. Асаблівасць гэтага дапаможніка ў тым, што ён пабудаваны ў форме разгорнутых тэматычных пытанняў з заданнямі па ўсіх праграмных раздзелах сучаснай беларускай мовы. Яны фармулююцца такім чынам, што кожнае наступнае пытанне як бы развівае, удакладняе ці раскрывае сэнс і значэнне папярэдняга і наводзіць на пэўную думку яго зместу і ролі. У гэтым і была сутнасць навучальнай методыкі прафесара Наркевіча. Ён клапаціўся пра студэнта, запрашаў яго да роздуму, разваг, дынамічнай працы над выбарам слова ў маўленні…

85-гадовы юбілей прафесара А.І.Наркевіча сімвалічна акрэслівае набыткі беларускага мовазнаўства, методыкі выкладання ў вышэйшай школе. Рупліва назапашанае ў Наркевічавай скарбонцы перакідае масток да наступных пакаленняў, да спасціжэння таямніц маўлення, адкрывае шлях да новых методык, тэорый і практык. Шмат журналістаў прайшло праз яго добразычлівасць, чуласць, розум і сабраную, здаецца, з крыніц роднай Капыльшчыны прафесарскую інтэлігентнасць і мудрасць.
Справа Аркадзя Іосіфавіча працягваецца ў курсавых і дыпломных, магістарскіх і дысертацыйных даследаваннях, у сімпозіумах, навуковых традыцыях. Сведчаннем гэтага стаў форум, які сабраў гэтымі днямі (11-12 сакавіка) вялікую колькасць паплечнікаў Аркадзя Іосіфавіча, сяброў журфака і аднадумцаў. Маштабы юбілейнай канферэнцыі “Слова ў кантэксце часу” з кожным разам пашыраюцца, бо разрастаецца кола яе ўдзельнікаў. Значыць спраўджваюцца запаветы вучонага, наталяюцца новымі ідэямі яго думкі, нараджаюцца новыя імёны…

 

Віктар ІЎЧАНКАЎ,
загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук, прафесар.