Словам і справай

- 10:25Людзі адукацыі

Гаворачы пра сучасную адукацыю ў асобах у дачыненні да дырэктара Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандра Ласякіна, слова “Асоба” можна з поўным правам напісаць з вялікай літары — перабольшаннем гэта не будзе. Аляксандр Міхайлавіч — паспяховы кіраўнік, які за час работы паслядоўна вывеў на лідарскія пазіцыі ў краіне дзве ўстановы прафесійнай адукацыі, прадстаўнік ад Віцебшчыны ў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, старшыня прэзідыума Савета кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці і член Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў ПТА і ССА.

Многія добра ведаюць яго як актыўнага і мэтанакіраванага грамадскага дзеяча, у тым ліку і па выніковай рабоце ў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Адукацыя для А.М.Ласякіна — справа жыцця: складваецца ўражанне, што толькі ёй са школьных гадоў была падпарадкавана кожная хвіліна. Але ўсё складвалася крыху інакш — яшчэ больш цікава. Нават на пачатку шляху, калі перасякліся лёсы асабіста незнаёмых хлопчыка з сенненскай глыбінкі і Пятра Міронавіча Машэрава.

— Дзеці мараць аб незвычайных прыгодах і подзвігах, гуляюць у герояў — мы не былі выключэннем. Тыя гульні ледзь не абумовілі выбар прафесіі: з малых гадоў я планаваў стаць ваенным і слу­жыць Айчыне. Прычым у глыбіні душы бачыў сябе важным генералам, — з усмешкай успамінае Аляксандр Міхайлавіч. — А сур’ёзна кажучы, мы раслі сапраўднымі патрыётамі, не напаказ — так гучалі сэрцы і думкі. Памятаю, з якім хваляваннем і гонарам уступаў у акцябраты, піянеры, камсамол. Камсамольцам, дарэчы, стаў у 13 гадоў: я нара­дзіўся ў ліпені і мусіў атрымаць білет восенню, а так хацелася, каб лета было камсамольскім! Чэрвеньскіх традыцыйна прымалі да канца навучальнага года, а па-руску назвы месяцаў адрозніваюцца толькі адной літарай. Вось я ў заяве і пастараўся напісаць яе неразборліва, каб было больш падобна да “н”. Відаць, старэйшыя таварышы зразумелі, якія пачуцці стаялі за той памылкай, і вырашылі падтры­маць: задума спраўдзілася. З камсамолам у маім жыцці вельмі многае звязана: быў сакратаром камітэта школы, потым — членам бюро і першым сакратаром Сенненскага райкама, загадчыкам аддзела прапаганды і культурна-масавай работы Віцебскага абкама.

Педагогаў у сям’і Ласякіных не было. Затое ў сенненцаў заўсёды перад вачыма стаяў прыклад выдатнага лідара, педагога, кіраўніка Пятра Машэрава. Быць годным славутага земляка стала мэтай для здольнага і цікаўнага юнака. Калі заканчваў школу, кар’ера ваеннага яго ўжо не так вабіла, таму што зразумеў, дзе і як зможа знайсці сябе, працаваць з найбольшай карысцю для людзей. Выбар быў паміж прафесіямі інжынера і педагога. Апошняя перамагла. Аляксандр стаў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава — таго самага, дзе вучыўся Машэраў.

— Не шкадую, што выбраў такі шлях. Камсамол, гады вучобы — вялікая школа, якая заклала аснову асноў, — прызнаецца Аляксандр Міхайлавіч. — Хаця спецыяльна ніколі не стараўся выбіцца ў лідары — я па натуры досыць сціплы чалавек і не люблю публічнасці. Затое заўсёды імкнуся, каб у калектыве, як у наладжаным механізме, усё знаходзілася на сваім месцы: падыходзіла, было ў парадку і як след заведзена-завінчана, працавала ў адпаведнасці з пастаўленай задачай і без збояў. Шчыра спа­дзяюся, што пры маім жыцці нехта вынай­дзе вечны рухавік — было б цікава. Між тым і цяпер схільнасць да тэхнікі дапамагае ў працы: калектыў, навучэнцы адчуваюць, што ўсё, чаму яны вучаць і вучацца, мне насамрэч блізка. У маладыя гады разам з дзядулем я пастаянна штосьці майстраваў, збіраў-разбіраў, будаваў, вучыўся. Пасля заканчэння школы ўжо меў пасведчанне трактарыста і матацыкліста (а цяпер маю амаль усе катэгорыі ва­дзіцеля аўтатранспартных сродкаў, за выключэннем трамвая і тралейбуса). Люблю хуткасць, але езджу па правілах дарожнага руху. Так і ў жыцці: ёсць лінія рызыкі, якую ніколі не пераступлю, таму што за ёй стаяць людзі, лёсы, праца, узаемаадносіны — як дзяржаўную мяжу ў недазволеным месцы, пераходзіць азначаную рысу бывае злачынна.

Тыя, хто некалькі дзесяцігоддзяў ідзе побач з Аляксандрам Ласякіным, добра ведаюць яго галоўны прынцып: любую працу трэба рабіць адзін раз і якасна. Зробіш хутка і дрэнна — праз некаторы час усе ўбачаць тваю нядбайнасць. Калі зробіш не так хутка, але вельмі якасна, — неўзабаве ўсе забу­дуць пра маруднасць, а вось вынікам працы будуць любавацца і ставіць у прыклад. Аляксандр Міхайлавіч упэўнены, што гэта галоўнае як у тэхніцы, будаўніцтве, так і ў сферы адукацыі, падрыхтоўкі кадраў.

— Штодзень трэба, каб быў пэўны вынік, каб ты асабіста штосьці значнае і неабходнае рабіў, твой калектыў і кожны супрацоўнік, навучэнец, — адзначае кіраўнік. — Людзей не трэба прымушаць — эфектыўней заахвочваць да дзейнасці. А самае галоўнае, добрую працу абавязкова трэба пахваліць. І яшчэ важна, каб кожны ў калектыве быў упэўнены, што ў складаных жыццёвых абставінах яго падтрымаюць і дапа­могуць. Я ніколі не цешуся завоблачнымі планамі і падначаленым не дазваляю. Мы ставім рэальныя мэты і дасягаем іх. Толькі — скажу з уласнага вопыту — празмерна спланаваная праца таксама не на карысць. Запланаваць і не рэалізаваць — недаравальна, лепш штосьці не запланаваць, а ў выніку перавыка­наць. У людзях у першую чаргу цаню нават не дасведчанасць, майстэрст­ва (з часам прыйдуць), а жаданне працаваць. Калі чалавек шчыра перажывае за сваю справу, то без татальнага кантролю сам пастараецца зрабіць яе найлепшым чынам. Гэта неабходна прывіваць навучэнцам і, навучаючы, выхоўваць — найперш уласным прыкладам. Мінаюць гады, змяняюцца ўзаемаадносіны ў грамадст­ве, віды дзейнасці, метады і задачы адукацыі, а галоўная наша мэта застаецца: каб выпускнік быў патрыётам роднай краіны. У дзецях — наша будучыня. Моладзь ужо сёння піша гісторыю. І заўтрашні дзень павінна напісаць так, каб мы ганарыліся вынікам сваёй працы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.