Урачысты прыём жанчын напярэдадні Міжнароднага жаночага дня правёў губернатар Магілёўшчыны Пётр Руднік. На свята ў аблвыканкам былі запрошаны 40 лепшых працаўніц і шматдзетных маці з усіх раёнаў вобласці. Губернатар сардэчна павіншаваў усіх удзельніц прыёму, выказаўшы ім словы ўдзячнасці і пажадаўшы шчасця, дабра, міру і дабрабыту.
— На Магілёўшчыне няма такіх багаццяў, як нафта, газ, але ў нас ёсць асаблівы здабытак, свайго роду золатавалютны запас. Ён складаецца з нашых жанчын-працаўніц і, вядома, са шматдзетных маці, бо нараджэнне і выхаванне годнымі людзьмі дзяцей сёння сапраўдны подзвіг.
У пацвярджэнне сваіх слоў Пётр Руднік уручыў ордэн Маці шасці ўдзельніцам прыёму, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых і больш дзяцей. Сярод іх была і прадстаўніца сферы адукацыі рэгіёна: ганаровай узнагароды ўдастоена Наталля Хвясько, загадчык гаспадаркі ў яслях-садзе вёскі Дабосня Кіраўскага раёна, а па сумяшчальніцтве яшчэ і мама пяцярых дзетак.
Акрамя таго, заслужаным жанчынам вобласці губернатар перадаў падзячныя лісты ад Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Такі ліст атрымалі таксама маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Галіна Афанасьева і майстар вытворчага навучання магілёўскага прафесійнага ліцэя № 5 Тэрэза Аўдзеева.