Случчына пад крыламі

“Алё! Гэта птушкі?” —“Так, птушкі. Дакладней, раённая арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Чым вам дапамагчы?” — з усмешкай перадае прывычную тэлефонную размову Тамара Анатольеўна Каляда. 7 гадоў яна ўзначальвае Слуцкі эколага­біялагічны цэнтр навучэнцаў і 6 з іх — Слуцкую раённую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. За гэты час яна аб’яднала прыродаахоўнай справай усіх аматараў птушак у горадзе і раёне, а не так даўно атрымала ад глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International ганаровае званне “Абаронца дзікай прыроды”. Тамара Анатольеўна — адзіны ў Беларусі яго ўладальнік сярод педагогаў дадатковай адукацыі і кіраўнікоў клубаў і аддзяленняў “АПБ”.

“Вывучаць прыроду можна па розных аб’ектах: ад раслін і насякомых — да птушак і жывёл. Але больш за ўсё я люблю птушак. Яны ўсюды, іх можна ўбачыць, пачуць, за імі цікава назіраць. Каб аказаць ім пасільную дапамогу, не трэба асаблівых ведаў — толькі жаданне”, — расказвае пра сваё галоўнае захапленне Тамара Каляда.

Педагог каардынуе дзей­насць 35 клубаў “Крылаты дазор” у горадзе і раёне, якія створаны і дзейнічаюць у кожнай другой установе адукацыі. Асабліва радуе Тамару Анатольеўну тое, што апошнія два гады клубы сталі адкрывацца і на базе дзіцячых садкоў. Пасля знаёмства з арнітолагамі-школьнікамі, удзелу ў іх майстар-класах, экалагічных праграмах многія педагогі “захварэлі” на арніталогію, і сёння прадстаўнікі ўжо 7 устаноў дашкольнай адукацыі адкрылі ў сябе клубы “Крылаты дазор”. Цяпер акцыі, святы, фестывалі тут праводзяцца з удзелам дашкольнікаў.

“Мерапрыемстваў у нас ладзіцца вельмі шмат. Мы падтрымліваем усе ініцыятывы, якія прапануе “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Напрыклад, у першую нядзелю кастрычніка праводзім Еўрапейскія дні назірання за птушкамі, зімой — акцыю “Птушка ля кармушкі”, калі не проста кормім птушак, але і падчас інфармацыйнай кампаніі вучым лю­дзей, якім кормам якую птушку можна карміць, каб не нашко­дзіць ёй. Асабліва мы любім мерапрыемствы ў рамках акцыі “Птушка года”, падчас якой разам з дзецьмі і нераўнадушнымі мясцовымі жыхарамі дапамагаем пэўнаму ўразліваму віду птушак. Штогод ладзім свята “Раённы дзень клубаў”. Акрамя таго, мы выходзім на палявыя даследаванні, право­дзім майстар-класы, вывучаем гарадскіх птушак, назіраем за іх жыццём. Наша арганізацыя ладзіць таксама акцыю “Жывая вясна”: сабраўшыся ра­зам, мы паказваем свае прэзентацыі пра птушак, пячом з цеста жаваранкаў і частуем імі усіх гасцей. А яшчэ выходзім і сустракаем сваіх буслоў — на тэрыторыі некалькіх школ ёсць буслянкі, і іх жыхароў мы ўрачыста сустракаем, а школе, у якую раней, чым у іншыя, прыляціць іх бусел, дорым падарункі. Безумоўна, шмат мерапрыемстваў прысвячаем салаўю — афіцыйнаму сімвалу Слуцка. Шмат увагі ўдзяляем і “птушынай” дэкаратыўнай творчасці, бо перш чым зляпіць, змайстраваць ці намаляваць птушку, трэба вывучыць яе анатомію, даведацца пра месцы яе пражывання, лад жыцця, звычкі і інш.”, — расказвае Т.А.Каляда.

У цэнтры аказваюць і кансультацыйную дапамогу мясцовым жыхарам, а таксама людзям з суседніх гарадоў. Вельмі часта тэлефануюць людзі, якія бачаць, што птушка ў небяспецы: заблыталася ў шпагаце ад цюкоў на полі, замярзае на сажалцы, паранена і г.д. Раненых птушак, дарэчы, часта прыносяць у цэнтр — тут іх выходжваюць. Праўда, адабранне птушкі з дзікай прыроды, лічыць педагог, — гэта выключная мера, бо лепш, чым у прыродзе, птушцы нідзе не будзе. Але бывае, што выбару няма. Сёлета, напрыклад, іх рукамі было выкармлена і выпушчана на волю некалькі ластавак, стрыжоў, лячылі тут і птушку года — скапу.

Па словах Тамары Анатоль­еўны, яе задача — не толькі сёння і зараз аказваць дапамогу птушкам, але і выклікаць у юных арнітолагаў шчырае жаданне гэтым займацца. “Сёння не кожнае дзіця ведае, колькі відаў птушак можна сустрэць у Беларусі ці ў яго раёне, не заўсёды можа назваць 10 відаў птушак ці дрэў, затое з лёгкасцю назаве некалькі дзясяткаў марак машын. Якраз гэтага прабелу няма ў нашых клубаўцаў. І гэта не толькі веды, але перш за ўсё звычкі. Тыя, хто прайшоў з намі гэтую школу, хто не ­адзін кіламетр пракрочыў падчас экскурсій, начаваў у палатках у лесе, хто з запалам расказваў пра праблемы птушак падчас прэзентацый, — не чэрствыя людзі, яны бачаць прыроду знутры, і яе ахова становіцца іх ладам жыцця. Я ўпэўнена, што ніхто з нашых навучэнцаў не зламае галінку ў лесе, не пойдзе па лузе, не гледзячы пад ногі, — адзначае Тамара Анатольеўна. — Мне асабліва прыемна, што многія нашы выпускнікі некалі перададуць гэтыя звычкі, імкненне шанаваць прыроду будучаму пакаленню, бо многія з іх становяцца настаўнікамі біялогіі. Свае веды нашы навучэнцы ўжо сёння перадаюць старэйшаму пакаленню. Заўсёды прыемна бачыць, як да нашых паходаў, экскурсій, свят дзеці далучаюцца разам са сваімі бацькамі, бабулямі, дзядулямі, цёткамі, дзядзькамі. Дарослыя расказваюць, што ў іх дзяцінстве не было ўмоў для такога яднання з прыродай, і імкнуцца цяпер нагнаць упушчанае, далучаючыся да спраў сваіх дзяцей”.

Святлана НІКІФАРАВА.