Слухаць, бачыць і разумець адно аднаго

Доктар філалагічных навук прафесар кафедры маўленнязнаўства і тэорыі камунікацыі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Надзея Сямёнаўна Еўчык на працягу паўстагоддзя працуе ў галіне даследавання роднай і замежных моў. Яна раскрывае іх таямніцы, робіць іх структуру больш нагляднай, а асэнсаванне сістэмнасці — больш яскравым. Гэта патрэбна як для тэорыі лінгвістыкі, так і для практычнага прымянення тымі, хто вывучае мовы дзеля прафесійнай і асабістай камунікацыі. Чалавеку патрэбны гады, каб асвоіць мову. Найбольш цяжка гэта ўдаецца людзям, якія маюць паталогію слыху і парушэнні маўлення. Надзея Сямёнаўна сваю навуковую творчасць арганізавала так, што яе вынікі маюць дачыненне да кожнага чалавека, незалежна ад таго, ці мае ён адхіленні ў моўным развіцці. І гэтыя вынікі можна выкарыстоўваць для любой мовы, якая вывучаецца.

Шукаць патрэбныя, больш дакладныя словы

З цеплынёй Надзея Еўчык успамінае пра сваё дзяцінства, якое прайшло  ў гарадскім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна Мінскай вобласці, дзе яна закончыла адзіную ў пасёлку школу. “Педагогі праяўлялі клопат пра кожнага навучэнца, — расказвае Надзея Сямёнаўна. — Было адчуванне, што яны бачаць кожнага з нас і добра ведаюць, як мы жывём, якія ў нас інтарэсы. Нецікавых прадметаў у мяне не было, бо звычайна не падабаецца тая дысцыпліна, якую не разумееш. Я старанна рыхтавалася да ўрокаў. Уяўляючы, што настаўнік выкліча мяне, уголас прагаворвала магчымыя адказы, падбіраючы найбольш патрэбныя і дакладныя словы для выказвання сваіх думак. Настаўніца нямецкай мовы Марыя Ісакаўна была вельмі строгай, не магла мірыцца з памылкамі і патрабавала ад вучняў належнага выканання ўсіх заданняў і дысцыплінаванасці. У старшых класах нямецкую мову вёў малады спецыяліст Анатоль Іванавіч, вельмі зацікаўлены педагог, якога мы слухалі, нібы зачараваныя. Менавіта ён аказаў на мяне ўплыў у выбары будучай прафесіі. Атрыманыя ў школе выдатныя веды і залаты медаль дазволілі мне паступіць у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (цяпер МДЛУ), які я закончыла ў 1971 годзе з атрыманнем кваліфікацыі “настаўнік французскай і нямецкай моў”. Мне амаль адразу прапанавалі пайсці вучыцца ў аспірантуру. Сёння для паспяховага выпускніка гэта нармальнае развіццё падзей, а раней у навуку ішлі людзі, за плячыма якіх быў пэўны вопыт работы па спецыяльнасці. Загадчык кафедры эксперыментальнай фанетыкі прафесар Кіра Кір’якаўна Барышнікава запрасіла мяне пад сваё навуковае кіраўніцтва і акрэсліла тэму для кандыдацкай дысертацыі на матэрыяле французскай мовы: вывучэнне тыпаў складовай вылучанасці ў прасодыі тэксту. Потым яна расказала, што адчула ўва мне здольнасць даследаваць менавіта такую складаную частку гучання мовы, як прасодыя, да якой адносяцца тэмпаральныя характарыстыкі маўлення, яго паўзальная сегментацыя, ­іерархія націскаў рознай сілы, акцэнтна-рытмічная структурацыя, вар’іраванне мелодый і тэмбраў”.

За высокія дасягненні ў навуковай дзейнасці Надзея Сямёнаўна Еўчык атрымала шырокае грамадскае прызнанне і ганаровыя званні. Яна — лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за вынікі ў навуковай рабоце (2002), двойчы лаўрэат стыпендый урада Францыі за дасягненні ў галіне навуковых даследаванняў (Універсітэт Экс-ан-Праванса, Францыя, 1989, 1993), прафесар Універсітэта Мачэрата (Італія, 2002—2014). Надзея Сямёнаўна прызнана жанчынай года Інстытутам біяграфіі ЗША за шматгадовыя поспехі ў навуковай дзейнасці (Вашынгтон, 1999). З дакладамі па выніках сваёй навуковай працы Надзея Сямёнаўна прыняла ўдзел у больш чым 200 навуковых канферэнцый, зрабіла больш за 170 публікацый на розных мовах, выдала манаграфію па праблеме фарміравання перцэпцыйнай базы роднай (рускай і беларускай) і замежных моў у асоб з нармальным і парушаным слыхам. З 1992 года і па сённяшні момант Н.Еўчык з’яўляецца вядучым спецыялістам Мінскай фанетычнай школы, старшынёй навуковага аб’яднання навукоўцаў па праблемах фанетыкі і граматыкі. У розныя гады Надзея Сямёнаўна была незалежным экспертам ВАК пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, членам двух вучоных саветаў пры МДЛУ: па абароне доктарскіх дысертацый па філалогіі і па абароне кандыдацкіх дысертацый па тэорыі і методыцы адукацыі і выхавання (замежныя мовы) і членам вучонага савета па абароне кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці “Карэкцыйная педагогіка” пры Нацыянальным інстытуце адукацыі.

Ад мовы жэстаў — да вуснага маўлення

У 1989 годзе прафесар МДЛУ Ганна Антонаўна Мятлюк запрасіла Надзею Сямёнаўну Еўчык прыняць удзел у распрацоўцы тэмы “Голаса-маўленчая камунікацыя асоб з парушэннем слыху і іх сацыяльная інтэграцыя”. Работа вялася ў супрацоўніцтве са старшынёй Беларускага таварыства глухіх Мікалаем Філіпавічам Шарко — генералам і тройчы ардэнаносцам Вялікай Айчыннай вайны, які з’яўляўся прыхільнікам ідэі, што людзей з парушэннем слыху неабходна вучыць карыстацца не толькі мовай жэстаў, але і звычайным вусным маўленнем, развіваць у іх галасавыя здольнасці, далучаць бацькоў да адукацыі такіх дзяцей. Гэта павінна палепшыць якасць іх штодзённага жыцця, дазволіць атрымліваць не толькі рабочыя прафесіі і ўладкоўвацца не толькі на прадпрыемствы таварыства глухіх. Традыцыйныя погляды гэта не прадугледжвалі. Дарэчы, тым, хто не чуе, працаваць пры павышаным шуме і вібрацыях небяспечна, як і ўсім астатнім людзям. Падобныя ўмовы працы дрэнна ўплываюць на стан чалавека ў цэлым, усіх яго ўнутраных органаў, паколькі існуе касцявая праводнасць гуку.

У розныя гады Надзея Еўчык праходзіла стажыроўкі за мяжой па пытаннях адукацыі, сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства людзей з сенсорнымі парушэннямі і інваліднасцю. У першы год распрацоўкі тэмы яна  наведала Універсітэт Рэн у Францыі. Ёй пашчасціла пазнаёміцца з асаблівасцямі навучання дзяцей, што поўнасцю страцілі слых, у адным з манастыроў. Як спецыяліста Надзею Сямёнаўну ўразіла тое, што дзеці пачатковых класаў цудоўна разумелі ўсё, што ім гаварыў педагог, выконвалі ўсе дзеянні, якія ён прапаноўваў. А выпускнікі школы не разумелі нават элементарных пытанняў, што тычыліся бытавых тэм. Французскія педагогі патлумачылі, што такая каласальная розніца з’яўляецца вынікам розных сістэм навучання. Дзеці, якія свабодна размаўлялі, выкарыстоўвалі фанетычную сістэму маўленчай камунікацыі “к’юд спіч” (Cued Speech), якую распрацаваў у 1966 годзе Орын Корнэт, амерыканскі фізік, прафесар, прарэктар Galodet College ў Вашынгтоне. Ён звярнуў увагу на тое, што студэнты, у якіх поўнасцю страчаны слых, практычна не працуюць з падручнікамі і іншымі кніжнымі выданнямі, карыстаюцца пераважна мовай жэстаў, а не словамі. У распрацаванай ім сістэме гукі, якія пры вымаўленні з’яўляюцца падобнымі па форме вуснаў, атрымалі свой код, які ствараецца формай пальцаў рукі і яе пазіцыяй адносна твару. Як і агульная камунікацыя, кадзіраванне будуецца з апорай не на гукавую, а на складовую структуру сэнсавых адзінак мовы. Чалавек гаворыць і сінхронна з дапамогай рукі робіць знакі-коды, каб зняць дубліраванне падобных на выгляд артыкулем. Напрыклад, зычных гукаў [п], [б], [м] або [т], [д], [н].

Надзея Еўчык мела гонар перапісвацца з Орынам Корнэтам і ўразіла яго тым, што яе лісты былі напісаны ад рукі па-французску прыгожым почыркам. У далейшым у працах Надзеі Сямёнаўны ідэі “к’юд спіч” атрымалі новую назву — візуальна-фанетычная сістэма камунікацыі, былі развіты, адаптаваны да беларускіх умоў і атрымалі навуковае абгрунтаванне, якое раней адсутнічала, з выкарыстаннем ведаў па нейрапсіхафізіялогіі маўлення.

Права на атрыманне паўнацэннай адукацыі

Распрацаваная Надзеяй Еўчык візуальна-фанетычная сіс­тэма камунікацыі ўяўляе сабой канцэптуальна новую тэхналогію развіцця вуснага маўлення ў асоб з парушэннем слыху. Яна расшыфроўваецца так: “бачу, як працуе артыкуляцыя таго, хто гаворыць”. Сістэма ўключае восем знакаў (форм далоні) для зычных і чатыры — для галосных. Іх трэба ведаць, каб размаў­ляць з чалавекам, які не чуе. Прычым і ён будзе разумець, што яму гавораць, і астатнія, звычайныя людзі, зразумеюць, што хоча сказаць чалавек, які не чуе. Эфектыўнасць выкарыстання гэтай сістэмы ў зносінах з дзецьмі з парушэннем слыху праяўляецца ў развіцці ў іх якаснага вуснага маўлення. Пры гэтым эканомяцца маўленчыя намаганні педагога.

Надзея Сямёнаўна наладжвала супрацоўніцтва з шэрагам спецыяльных устаноў адукацыі Беларусі па эксперыментальным даследаванні і інавацыйным укараненні распрацаванай тэхналогіі. Была кіраўніком трох эксперыментальных пляцовак у рамках інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння вучэбнага прадмета “Англійская мова” для навучэнцаў з парушэннем слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення ва ўмовах спецыяльных агульнаадукацыйных школ (школ-інтэрнатаў). Адной з такіх пляцовак стала спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху. “Падчас першага візіту прыемна ўразіла індывідуальная работа настаўнікаў-дэфектолагаў установы з навучэнцамі з парушэннем слыху, — адзначыла Надзея Сямёнаўна. — Іх выклікалі на 15 хвілін у асобны кабінет, дзе праводзілі карэкцыйную работу, у залежнасці ад магчымасцей дзяцей, ад таго, ці ўсе гукі ў іх пастаўлены. У кабінеце спецыяліста вісела люстэрка, былі прыстасаванні, як у кабінеце ЛОР-урача. Калі я ўбачыла, як працу­юць спецыялісты, зразумела, што яны фактычна робяць тое ж самае, што я і іншыя выкладчыкі, калі ставяць фанетыку замежнай мовы ў студэнтаў. Было відавочна, што ў нашай дзейнасці шмат агульнага, і я рашуча ўзялася за работу. Некоторыя сурдапедагогі адразу з недаверам ставіліся да новаўвядзенняў, якія я ім прапаноўвала. Можна было пачуць меркаванні накшталт: “Навошта дзецям з парушэннем слыху французская мова? Мы робім намаганні, каб пазбавіць іх ад гугнявасці, а вы вучыце іх вымаў­ляць насавыя гукі”. Аднак я была ўпэўнена, што чалавека трэба вучыць выкарыстоў­ваць усе свае маўленчыя здольнасці, а таксама дыферэнцыраваць іх адпаведна канкрэтнай лінгвістычнай сітуацыі. І дзеці з парушаным слыхам паказалі на практыцы, што для іх паняцці “гугнявасць” і “назальнасць” не адно і тое ж. Такім чынам, мае прапановы адносна замежнага маўлення цудоўна дапоўнілі методыку работы сурдапедагогаў над роднай мовай”.

У 2001 годзе Надзея Сямёнаўна абараніла доктарскую дысертацыю, якую прысвяціла вывучэнню заканамернасцей фарміравання перцэпцыйнай базы роднай і замежных моў пры норме і паталогіі слыху. “Перцэпцыя — нераспрацаваны кірунак у лінгвістыцы. Артыкуляцыя навідавоку, а перцэпцыйны (пачуццёвы) аспект камунікацыі нябачны, гэта нібыта чорная скрыня, схаваная ад прамога назірання, — заўважае Надзея Сямёнаўна. — Я вывучыла і растлумачыла механізмы перцэпцыі, пачуццёвае пазнанне чалавекам прадметаў навакольнага свету. Каб зрабіць абгрунтаванне таго, што было ў маёй доктарскай, я вывучыла, як функцыянуе чалавечы арганізм, фізіялогію, псіхалогію і нейралогію мовы і маўлення. Маёй мэтай было зразумець, што трэба зрабіць, каб кожны чалавек быў здольны размаўляць на любой мове — і той, хто чуе, і той, хто не чуе”. У 2009 годзе па заданні Міністэрства адукацыі пад кіраўніцтвам Н.Еўчык распрацавана канцэпцыя “Англійская мова ў сістэме спецыяльнай адукацыі дзяцей з парушэннем слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення”, у якой, у прыватнасці, адзначана, што навучанне замежнай мове дзяцей з названымі парушэннямі павінна ажыццяўляцца для таго, каб пасля заканчэння школы яны маглі набыць сучасныя прафесіі і быць канкурэнтаздольнымі на рынку працы.

Правільнае гучанне — у аснове навучання

Прымяненне візуальна-фанетычнай сістэмы камунікацыі паслужыла падставай да заснавання новага для еўрапейскай адукацыі, краін СНД і Рэспублікі Беларусь адукацыйнага кірунку “Артафонія” (артафонія — “правільнае гучанне”). Прафесара Надзею Еўчык лічаць яго стваральніцай. Яна рыхтуе будучых педагогаў МДЛУ да навучання замежным мовам — англійскай, французскай, іспанскай — дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. За даволі незвычайнай назвай хаваецца спецыялізацыя, якую не выкладаюць ні ў Беларусі, ні ў краінах СНД. Толькі ў МДЛУ на факультэце раманскіх моў з 1995 года і факультэце англійскай мовы з 2011 года студэнтаў вучаць гаварыць правільна, выразна, прыгожа, лаканічна, лагічна. Улічваючы той факт, што голас з’яўляецца візітнай карткай спецыяліста філалагічнага профілю, ухіл робіцца на авалоданне тэхнікай маўлення, на правільную пастаноўку голасу. Адна з кваліфікацый, якую атрымліваюць выпускнікі спецыялізацыі “Артафонія”, — выкладчык-артафаніст. Яны валодаюць ведамі па пастаноўцы і карэкцыі вымаўлення, асвойваюць новыя тэхналогіі развіцця роднай і іншамоўнай камунікацыі ў дзяцей пры норме і паталогіі слыху і маўлення. Працуюць такія спецыялісты як у звычайных школах, так і ў школах для дзяцей з парушэннямі слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення. Надзея Сямёнаўна праводзіць лекцыйныя і практычныя курсы ў рамках названай спецыялізацыі па цыкле трохгадовай падрыхтоўкі прафесійных кадраў для навучання замежным мовам асоб з нормай слыху і тых, хто мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця, з’яўляецца кіраўніком практыкі студэнтаў у спецыяльных адукацыйных установах краіны. Прафесар працуе па ўласных вучэбных праграмах, дапаможніках і вучэбных матэрыялах. Яна разам са створаным ёй навуковым калектывам распрацавала адукацыйны прадукт, які не мае аналагаў у айчыннай і замежнай лінгвадыдактыцы, — вучэбныя праграмы на 6 гадоў навучання англійскай мове дзяцей з парушэннем слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення, тры адпаведныя праграме вучэбна-метадычныя комплексы, пяць навукова абгрунтаваных інавацыйных тэхналогій кіруемага фарміравання перцэпцыйнай базы замежных моў для іх правільнай падачы ў прымальнай і зразумелай для асваення форме, 35 камунікатыўна пазнавальных тэм, з іх 12 — камп’ютарнай накіраванасці для арыентацыі дзяцей на набыццё сучасных прафесій. МДЛУ займаецца распрацоўкай для дзяцей, якія не чуюць, версіі англійскай мовы з арыентацыяй на вывучэнне камп’ютарнай лексікі.


Надзея Сямёнаўна Еўчык свабодна валодае французскай, італьянскай, нямецкай, англійскай мовамі, гаворыць на польскай, чэшскай, балгарскай, украінскай мовах і, зразумела, на беларускай. Ні разу яна не выязджала за мяжу як турыст, заўсёды ў гэтым была прафесійная неабходнасць. Праходзіла стажыроўкі, чытала лекцыі выкладчыкам і студэнтам ва ўніверсітэтах Латвіі, Францыі, Бельгіі, ЗША, Канады, Ізраіля, Польшчы, Італіі, выступала з дакладамі на міжнародных навуковых і навукова-практычных канферэнцыях па актуальных пытаннях лінгвістыкі, нейрафізіялогіі маўлення і лінгвадыдактыкі. Кожная паездка — нагода вывучыць новую замежную мову. Тэарэтычныя распрацоўкі На­дзеі Еўчык знайшлі працяг і развіццё ў 4 дысертацыйных даследаваннях яе аспірантаў, 11 магістарскіх і шматлікіх дыпломных работах. Сёння прафесар з’яўляецца навуковым кіраўніком 9 дзяржбюджэтных і ведамасных навукова-даследчых тэм.

Надзея ЦЕРАХАВА.