Слухаць і чуць, глядзець і бачыць

За тры з паловай гады работы ў гімназіі № 2 Пінска Брэсцкай вобласці настаўніца малодшых класаў Дар’я Сяргееўна Гладун паспела зрабіць вельмі многае. Яна ўдзельнік разнастайных прафесійных конкурсаў, аўтар больш як 80 публікацый на розных педагагічных інтэрнэт-парталах, а таксама стваральнік уласнага блога для вучняў.

Дар’я вызначылася з будучай прафесіяй з пачатковых класаў і зараз адчувае сябе, што называецца, на сваім месцы. Чалавекам, які натхніў на такі выбар, і прыкладам для яе стала бабуля — Галіна Уладзіміраўна Лемяшэўская, якая была настаўніцай матэматыкі.

— Вельмі хочацца, каб праз гады мне, як і некалі бабулі, вучні былі ў­дзячны за працу, — дзеліцца асабістым Д.С.Гладун. — Я выбрала для сябе прафесію настаўніка пачатковых класаў, таму што яна дае шырокія магчымасці прыносіць карысц­ь людзям і праяўляць свае самыя разнастайныя, у тым ліку і творчыя, здольнасці. Але ж самае галоўнае — я шчыра люблю дзяцей, мне падабаецца бавіць з імі час, дапамагаць, бачыць усмешкі на іх тварах.

Пасля заканчэння дзевяці класаў Дар’я паступіла ў Пінскі каледж Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Некаторыя аднакласнікі былі здзіўлены і адгаворвалі. А родныя падтрымалі дзяўчыну ў яе выбары.

Час вучобы ў каледжы ўзгадваецца з цеплынёй. Выкладчыкі далі трывалыя веды і многа прыкладаў таго, якім павінен быць сучасны настаўнік. Навучылі цаніць кожную хвіліну жыцця, раскрываць свой патэнцыял, дабівацца мэт, няглядзечы на перашкоды. Зрабіўшы падчас практыкі першыя крокі ў выкладанні, Дар’я канчаткова пераканалася: з выбарам не памылілася. Старалася найперш наладзіць эмацыянальны кантакт з вучнямі, каб узаемадзеянне з імі ў рамках вучэбнага працэсу было максімальна камфортным і эфектыўным. У выніку педагагічная практыка стала важным этапам у прафесійным станаўленні. Прыйшло разуменне: працаваць з дзіцячым калектывам не толькі цікава, але і вельмі складана і адказна. На асабістым вопыце Дар’я адчула, якое натхненне дораць зносіны з дзецьмі, іх давер, адкрытасць і першыя поспехі.

Свой педагагічны шлях Дар’я пачала ў 2017 годзе ў гімназіі № 2 Пінска. Удзячна, што лёс прывёў яе ў месца, дзе заўсёды можна знайсці дапамогу і падтрымку. З самага пачатку яе цёпла сустрэлі. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Яраславаўна Міранчук давала карысныя рэкамендацыі і заў­сёды матывавала на рэалізацыю творчага патэнцыялу.

За маладым спецыялістам была замацавана вопытная настаўніца з большым за 20 гадоў стажам работы — Марыя Васільеўна Вакуліч. Цеснае супрацоўніцтва з ёй дапамагло хутка адаптавацца, заняцца самаадукацыяй і пачаць фарміраванне ўласнай прафесійнай траекторыі.

— Адносіны і дапамога маюц­ь вялікае значэнне. Адразу падтрымалі мяне і педагогі паралелі першых класаў, — узгадвае Д.С.Гладун. — Я стала настаўніцай 1 “Б” класа, для мяне гэта была вельмі хвалюючая падзея. Свой першы ўрок не забуду ніколі. Мне вельмі хацелася здзівіць і зацікавіць, захапіць дзяцей, каб яны з нецярпеннем чакалі наступнага дня ў гімназіі.

Зноў жа, як і на практыцы, маладая настаўніца адразу зрабіла стаўку на тое, каб наладзіць з вучнямі кантакт. Разумела, што правільныя адносіны — залог поспехаў і ў вучобе, і ў выхаванні. Як паказаў час, з няпростай мэтай — стаць дзецям сябрам і пры гэтым быць для іх аўтарытэтам — удалося справіцца. Выдзеліла для сябе асноўныя кампаненты, на якіх павінны будавацца ўзаемаадносіны настаўніка з вучнямі. Гэта павага і ў той жа час патрабавальнасць, су­працоўніцтва і давер. Таксама залатым стала правіла: навучыцца слухаць і чуць, глядзець і бачыць. Гэтая мудрая ўстаноўка асабліва падыходзіць да тых выпадкаў, калі дзіцяці цяжка паказаць свае пачуцці, перажыванні, і ў адносінах да бацькоў вучняў, якім таксама неабходна падтрымка настаўніка.

Дар’я Сяргееўна ўжо назапасіла нямала ўласных цікавых метадычных напрацовак. У 2018/2019 навучальным годзе яна прыняла ўдзел у ІV Рэспубліканскім конкурсе “Творчасць маладых педагогаў”. Заваявала дыплом ІІ ступені ў адной з намінацый. Першы поспех парадаваў і стаў штуршком для далейшай актыўнай дзейнасці, рэалізацыі творчага патэнцыялу. Зараз у Д.С.Гладун налічваецца ўжо больш за 80 сертыфікатаў аб публікацыях на разнастайных педагагічных інтэрнэт-парталах, ёсць падзякі і граматы за развіццё метадычных скарбонак.

Таксама Дар’я Сяргееўна ў 2019 годзе прымала ўдзел у адкрытым конкурсе педагагічнага майстэрства, аб’яўленага выдавецтвам “Аверсэв”, у дыстанцыйнай выставе-прэзентацыі “Стварэнне электронных адукацыйных рэсурсаў і выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у практыцы педагогаў”.

— Сцвярджэнне К.Д.Ушынскага аб тым, што педагог жыве да таго часу, пакуль вучыцца сам, у сучасных умовах набывае асаблівае, больш вострае значэнне, — разважае Д.С.Гладун. — Само жыццё ставіць на парадак дня тэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Дасягненне новай якасці адукацыі немагчыма без павышэння ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі настаўніка. Асабіста для сябе я адкрыла магчымасць пастаяннага ўдасканальвання прафесійных ведаў праз удзел у адукацыйных вэбінарах розных кірункаў.

Мінулай вясной Дар’я Сяргееўна стварыла ўласны сайт “Мультыўрок”, які паступова развівае. З-за неспакойнай эпідэмічнай сітуа­цыі многія дзеці тады знахо­дзіліся дома. Каб трымаць больш цесную сувязь з усімі і дапамагчы працягваць вучобу, настаўніца распрацавала блог для вучняў і іх бацькоў. На цяперашні момант тут можна знайсці шмат карыснай інфармацыі. Так, матэрыялы рубрыкі “Вучыцца — заўсёды спатрэбіцца” дапамагаюць у гульнявой і цікавай форме замацаваць веды. А рубрыка “Старонка чытання” змяшчае багатую электронную бібліятэку з заданнямі да тэкстаў. Таксама ёсць шмат спасылак на дадатковыя адукацыйныя рэсурсы. І што асабліва важна — дзякуючы блогу, умацоўваецца пастаянная зваротная сувязь з вучнямі і бацькамі, настаўніца заўсёды на сувязі і рэагуе на каментарыі да заданняў ці ўрокаў.

Дар’я Сяргееўна паспявае ахапіць, здаецца, неабдымнае. У рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця вучняў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”, які рэалізуецца на базе гімназіі, кожны месяц выпускае інфармацыйную лістоўку “Свет душы”. Для яе гэта важны асабісты ўклад у справу выхавання гімназістаў. Дзякуючы сваёй актыўнасці і поспехам, два апошнія навучальныя гады запар маладая настаўніца займала 2-е месца ў гімназічным рэйтынгу прафесійнай дзейнасці. І гэта толькі пачатак.

Таццяна ШЫМКО.