Службу аховы мужчынскага здароўя створаць у Беларусі

- 9:58Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі будзе распрацавана нацыянальная мадэль службы планавання сям’і, а таксама з’явіцца служба аховы мужчынскага здароўя. Гэта прадугледжана Нацыянальным планам дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2017—2020 гады, зацверджаным пастановай Савета Міністраў ад 17 лютага 2017 года № 149, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Нацыянальны план — пяты праграмны дакумент, накіраваны на садзейнічанне выкананню Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў у галіне забеспячэння роўных правоў і магчымасцей мужчын і жанчын, уключаючы ўдасканаленне заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Паслядоўная рэалізацыя нацыянальных планаў дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці, мерапрыемстваў дзяржпраграм па розных аспектах паляпшэння становішча жанчын дала магчымасць Беларусі істотна рушыць наперад у вырашэнні пытанняў роўных правоў і магчымасцей як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.

Паводле даных Даклада аб чалавечым развіцці 2015 года, Беларусь уваходзіць у лік 15 краін свету, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын роўны або перасягае аналагічны паказчык сярод мужчын. Па індэксе мацярынства, які штогод складаецца міжнароднай арганізацыяй Save the Children, Беларусь уваходзіць у 25 са 179 краін, спрыяльных для нараджэння дзіцяці, і лідзіруе сярод дзяржаў СНД. У Беларусі дасягнуты высокі паказчык працягласці навучання сярод 28 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і постсавецкіх краін. У рэспубліцы забяспечана дэклараванае міжнароднымі дакументамі 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў.

Каардынацыю і маніторынг дзяржаўнай палітыкі ў сферы забеспячэння гендарнай роўнасці ажыццяўляе Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў. За мінулы пяцігадовы перыяд забяспечана развіццё нацыянальнага механізма рэалізацыі гендарнай палітыкі — ва ўсіх рэгіёнах краіны створаны і функцыянуюць экспертныя рабочыя групы. Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў упершыню правёў гендарную экспертызу заканадаўства. Яна паказала, што беларускае заканадаўства ў асноўным з’яўляецца гендарна нейтральным і не змяшчае норм, якія з’яўляліся б дыскрымінацыйнымі ў адносінах да жанчын.

Мерапрыемствы па рэалізацыі пятага нацыянальнага плана структураваны па шасці раздзелах: “Развіццё інстытуцыянальных механізмаў па забеспячэнні гендарнай роўнасці”, “Пашырэнне эканамічных магчымасцей жанчын і мужчын”, “Забеспячэнне гендарна арыентаванай аховы здароўя”, “Забеспячэнне гендарнай роўнасці ў сямейных адносінах”, “Процідзеянне насіллю ў сям’і і гандлю людзьмі”, “Гендарная адукацыя і асвета”. Упершыню ўведзена пазіцыя “чаканы вынік/найменне паказчыка”, што будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці працэсу маніторынгу і ацэнкі рэалізацыі мерапрыемстваў плана.

Нягледзячы на парадыгму гендарных роляў у сям’і, што паступова мяняецца, сукупная нагрузка ў жанчын (прафесійныя і сямейныя абавязкі) значна большая, чым у мужчын. Паводле даных выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак, праведзенага Белстатам у 2015 годзе, у сем’ях з дзецьмі ва ўзросце да 10 гадоў жанчыны ў сярэднім за дзень у 2,5 разу больш, чым мужчыны, затрачваюць часу на вядзенне дамашняй гаспадаркі, уключаючы догляд дзяцей. У сутачным фондзе часу жанчын гэта складае 24 працэнты, у сутачным часе мужчын — 9 працэнтаў. У нацплане адзначаецца, што неабходна ўдасканальваць меры, накіраваныя на заахвочванне адказнага бацькоўства, пашырэнне ў якасці сацыяльнай нормы мадэлі эгалітарнай сям’і з дзецьмі, умацаванне ўнутрысямейных адносін, павышэнне прэстыжу і каштоўнасці сям’і і сямейных адносін, стабілізацыю інстытута шлюбу. Прадоўжыцца работа па садзейнічанні ў працаўладкаванні, накіраванні на прафнавучанне, развіцці і падтрымцы жаночага прадпрымальніцтва.

У Беларусі аднолькавы доступ да медыцынскіх паслуг забяспечаны на ўсіх узроўнях функцыянавання сістэмы аховы здароўя. Створана служба планавання сям’і. На базе РНПЦ “Маці і дзіця” працуе аддзяленне планавання сям’і і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. У кожным рэгіёне на базе арганізацый аховы здароўя адкрыты кабінеты планавання сям’і. Гэтая работа будзе прадоўжана — запланавана ўкараненне нацыянальнай мадэлі службы планавання сям’і. Прадугледжана ўдасканаленне перадабортнага кансультавання, у тым ліку сямейнага (партнёрскага). Будзе развівацца сістэма кансультавання навучэнскай моладзі па планаванні сям’і, сексуальным і рэпрадуктыўным здароўі, метадах кантрацэпцыі, а таксама фарміраванні і развіцці навыкаў здаровага ладу жыцця, самазахавальных паводзінах. Прадугледжваецца стварэнне службы аховы мужчынскага здароўя, што дасць магчымасць знізіць узровень захваральнасці рэпрадуктыўнай сістэмы мужчын.

Акрамя таго, будзе праведзена рэпрэзентатыўнае даследаванне на тэму “Веды, адносіны і навыкі маладых людзей у кантэксце бяспечных паводзін” з улікам узроставай і гендарнай спецыфікі, а таксама модульнае абследаванне дамашніх гаспадарак па вывучэнні адносін насельніцтва да здаровага ладу жыцця.

Асаблівы акцэнт зроблены на ўдасканаленне заканадаўства па папярэджанні насілля ў сям’і. Сярод мерапрыемстваў нацплана — прапрацоўка пытання аб магчымасці далучэння да канвенцый Савета Еўропы, у тым ліку аб прадухіленні і барацьбе з насіллем у адносінах да жанчын і дамашнім насіллем.

Трэба адзначыць, што прынятыя на дзяржаўным узроўні меры далі магчымасць істотна мінімізаваць маштабы гандлю людзьмі ў Беларусі. Апошнія пяць гадоў штогадова выяўляецца не больш за 10 фактаў гандлю людзьмі. У 2013 годзе рэспубліка далучылася да Канвенцыі Савета Еўропы аб процідзеянні гандлю людзьмі (уступіла ў сілу для Беларусі 1 сакавіка 2014 года). У рамках выканання гэтай канвенцыі праведзена значная работа па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства.

Пытанні гендарнай роўнасці прадаўжаюць заставацца цэнтральнымі для працэсаў развіцця, чалавечай бяспекі, стабільнага эканамічнага росту. Рэалізацыя нацплана дасць магчымасць прадоўжыць комплекс мер, накіраваных на забеспячэнне роўных правоў і магчымасцей мужчын і жанчын, а таксама будзе садзейнічаць дасягненню Рэспублікай Беларусь мэт і задач міжнароднага парадку дня ў галіне развіцця на перыяд да 2030 года.