Слуцкі рэцэпт,

або Хто яшчэ не ўмее варыць сыр “Адыгейскі”

Здавалася б, з заканчэннем навучальнага года спаборніцкі градус павінен быць зніжаны. Але толькі не для Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Разам з рэалізацыяй новых напрамкаў сёлетняй прыёмнай кампаніі ўстанова ініцыіравала ІІ Міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кампетэнцыі “Майстар малочнай вытворчасці”. У ім прынялі ўдзел не толькі выхаванцы слуцкага каледжа, але і трох расійскіх — Тэхналагічнага каледжа Савецка (Калінінградская вобласць), Расашанскага каледжа мясной і малочнай прамысловасці (Варонежская вобласць), Міжнароднага каледжа сыраробства і прафесійных тэхналогій (Барнаул). Ад кожнай каманды выступілі па два ўдзельнікі. Слуцкі дзяржаўны каледж прадстаўлялі будучыя тэхнікі-тэхнолагі Валерый Піліпенка і Уладзіслаў Калядка.

— Любы конкурс з’яўляецца сур’ёзным іспытам не толькі для яго ўдзельнікаў, — адзначыў дырэктар каледжа Б.Б.Блахін. — Гэта спаборніцтва для самой навучальнай установы, яе педагагічнага калектыву. Зразумела, што ў час конкурсу, тым больш калі ўдзельнікі прыехалі з іншай краіны, ацэньваюцца не толькі веды саміх канкурсантаў, але і кампетэнтнасць выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, вызначаюцца ўзровень аснашчанасці вучэбна-матэрыяльнай базы і, безумоўна, узровень камфортнасці ўстановы для вучобы і адпачынку. Спаборніцтва дае магчымасць навучэнцам прадэманстраваць свае практычныя навыкі, тэарэтычныя веды, матывуе яго да ўдасканалення прафесійнага майстэрства, павышае цікавасць да прафесіі, уменне працаваць у камандзе, вызначае праблемныя зоны ў падрыхтоўцы і дазваляе даведацца, як выглядае наш канкурсант на фоне замежных.

Намеснік дырэктара слуцкага каледжа А.М.Матусевіч паведаміла, што шматгадовае супрацоўніцтва з установамі адукацыі Расійскай Федэрацыі, якое замацавана адпаведнымі дамоўленасцямі, дае магчымасць удасканальваць працэс навучання будучых спецыялістаў перапрацоўчай прамысловасці з улікам міжнародных тэндэнцый, назапашваць багаты вопыт і ўвогуле ўмацоўваць сяброўскія адносіны з суседняй краінай.

У І Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кампетэнцыі “Майстар малочнай вытворчасці” ўдзельнічалі Слуцкі дзяржаўны каледж і толькі адзін расійскі — Тэхналагічны каледж Савецка. А сёлета да спаборніцтва з радасцю далучыліся Расашанскі і Барнаульскі каледжы. У ліку канкурсантаў расійскіх устаноў ёсць і такія, хто ўжо прыязджаў у слуцкі каледж і на прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці для вытворчага навучання.

Як паведаміла Ала Мікалаеўна, слуцкі каледж разам з Тэхналагічным каледжам Савецка ўдзельнічаў у анлайн-канферэнцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, і навучэнец каледжа Валерый Піліпенка (той самы, што ўдзельнічае ў гэтым конкурсе) атрымаў дыплом І ступені за творчую работу. Акрамя гэтага, Валерый Піліпенка як актыўны і ініцыятыўны хлопец вызначыўся яшчэ ў адным праекце — ён прыняў удзел у навукова-даследчай рабоце па тэме, як закваска айчыннай вытворчасці ўплывае на выраб ёгурту. Да нядаўняга часу ў перапрацоўчай прамысловасці нашай краіны выкарыстоўваліся закваскі замежнай вытворчасці. З мэтай імпартазамяшчэння нашы вучоныя распрацавалі сваю нацыянальную закваску, якую сёння выкарыстоўваюць на перапрацоўчых прадпрыемствах Беларусі. Наколькі эфектыўная гэтая закваска ў вытворчасці малочных прадуктаў, супрацоўнікі РУП “Інстытут мяса-малочнай прамысловасці” Нацыянальнай акадэміі навук вырашылі вызначыць у працэсе навуковых даследаванняў, якія праводзіліся ў межах рэспубліканскага спаборніцтва. У ім прыняла ўдзел і каманда з 3 навучэнцаў Слуцкага дзяржаўнага каледжа пад кіраўніцтвам выкладчыка Л.А.Марозавай. Работа навучэнцаў заняла 3-е месца ў конкурсе. Трэба адзначыць і тое, што выпускнікі ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі гэтага каледжа выказваюць жаданне працягваць сваё навучанне і паступаюць у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання.

Калі гаварыць пра другога ўдзельніка каманды міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства Уладзіслава Калядку, то ён, можа, менш тытулаваны, але з адназначнай перспектывай. Хлопец вельмі старанны, дысцыплінаваны, творчы і працавіты, з задавальненнем засвойвае вучэбную праграму. Ёсць усе падставы да таго, што ён стане выдатным спецыялістам у перапрацоўчай сферы.

Улічваючы тое, што ўсе ўстановы — удзельніцы конкурсу маюць аднолькавы профіль, пералік пытанняў для тэарэтычнага этапу конкурсу быў вызначаны калегіяльна. Былі ўключаны такія пытанні, каб найбольш дакладна вызначыць, як падрыхтаваны кожны ўдзельнік.

— Усе пытанні былі рознай складанасці, — паведаміла Л.У.Абрацінская, выкладчык каледжа. — Адны патрабавалі сціслага адказу, другія — разважанняў, а іншыя маглі ўключаць некалькі варыянтаў адказу. У прыватнасці, прапаноўвалася прадставіць паслядоўнасць тэхналагічных аперацый пры вырабе сыру альбо падабраць перапрацоўчае абсталяванне, якое ўсталявана на вытворчасці. Яно прадастаўлялася навучэнцу ў разабраным выглядзе, яго трэба было паслядоўна сабраць згодна з папярэдне складзенай схемай. Частка пытанняў была прысвечана тэхніцы бяспекі. Увогуле, пытанні былі няпростыя, адказу на паверхні не было, таму трэба было рабіць высновы, аналіз, думаць і разважаць. На працягу 90 хвілін 8 удзельнікаў адказвалі на 10 пытанняў тэарэтычнага этапу конкурсу.

Практычная частка спаборніцтва складалася з дзвюх частак. У першай частцы канкурсанты варылі сыр. Кожнаму з іх было прадастаўлена малако ў аднолькавай колькасці і аднолькавай якасці.

— Спачатку канкурсанты спецыяльнымі сродкамі даследавалі, ці прыдатнае гэтае малако для вырабу сыру “Адыгейскі”, — расказала выкладчык слуцкага каледжа Н.У.Азёрная. — Пасля аналізу рабілі выснову і прыступалі да варкі сыру, выконваючы ўсе тэхналагічныя параметры. Для варкі ўдзельнікі конкурсу выкарыстоўвалі мультываркі. Такі спосаб варыць сыр можна па праве лічыць ноу-хау нашага каледжа. Ён ужо распаўсюджаны ва ўстанове, але для расійскіх канкурсантаў стаў навінкай. Трэба заўважыць, што з 500 гатункаў сыру, якія сёння існуюць, толькі сыр “Адыгейскі” можна згатаваць у мультыварцы. Ён не патрабуе складанай тэхналогіі, паспявання і практычна на другі дзень ужо гатовы.

Рэцэпт гатавання сыру “Адыгейскі” ў мультыварцы:

2 літры малака заліць у мультыварку, падагрэць да тэмпературы 93—95 градусаў, унесці кіслую сыроватку, перамяшаць і пакінуць да стварэння мяккага згустка, які атрымліваецца ў выніку каагуляцыі бялка за кошт малочнай кіслаты (на працягу адной гадзіны). Згустак перакласці ў форму, дзе ён выдзяліць лішкі вільгаці, пасаліць, вытрымаць 4—5 гадзін пры пакаёвай тэмпературы і паставіць у халадзільнік для ахалоджання. Атрымліваецца каля 500 г сыру.

У другой частцы спаборніцтва трэба было ў масе сыру вызначыць долю вільгаці, узважыць, памаркіраваць і ўпакаваць. Журы конкурсу давала дэгустацыйную ацэнку вырабу кожнага канкурсанта: вызначала знешні выгляд сыру, кансістэнцыю, смак, пах, колер і адпаведнасць стандарту. У склад журы ўваходзілі прадстаўнікі кожнай навучальнай установы — удзельніцы конкурсу, а старшынствавала інжынер-мікрабіёлаг базавага прадпрыемства каледжа Слуцкага сыраробчага камбіната Н.М.Малышка.

У гутарцы з Л.М.Пуйдакене, дырэктарам Тэхналагічнага каледжа Савецка, А.М.Жыцінскай, намеснікам дырэктара Расашанскага каледжа мясной і малочнай прамысловасці, І.М.Шаптала, прадстаўніком Міжнароднага каледжа сыраробства і прафесійных тэхналогій Барнаула, гучалі словы ўдзячнасці Слуцкаму дзяржаўнаму каледжу за выдатна арганізаваны конкурс, за творчасць і ініцыятыву, добразычлівасць і спагаду кіраўніцтва ўстановы і педагогаў. Расійскія калегі назвалі каледж узорам прафесійнай адукацыі, ухвалілі арганізацыю навучання і выхавання ў каледжы, высокатэхналагічнае аснашчэнне вучэбнай базы ўстановы, наяўнасць сучасна абсталяванага рэсурснага цэнтра і, безумоўна, высокакваліфікаваных педагогаў.

— Мы сябруем са слуцкімі калегамі з 1981 года, — паведаміла Любоў Мікалаеўна Пуйдакене. — Згадзіцеся, што гэта даволі вялікі тэрмін. Але ж гэта з’яўляецца пацвярджэннем таго, наколькі цесна мы звязаны паміж сабой і наколькі нам патрэбна гэтае супрацоўніцтва. За гэтыя гады мы істотна ўмацавалі адносіны, наладзілі абмен навучэнцамі і педагогамі. Нашы педагогі стажыруюцца на прадпрыемствах Слуцка, а навучэнцы праходзяць там вытворчае навучанне.

Пры гэтым Любоў Мікалаеўна адзначыла выдатны вопыт супрацоўніцтва слуцкага каледжа з прадпрыемствамі перапрацоўчай прамысловасці Беларусі, якія прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кадраў, працаўладкоўваюць выпускнікоў установы. Прадстаўнік расійскай дэлегацыі станоўча аднеслася да замацавання выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі і гарантаванага рабочага месца ў нашай краіне, што не ўласціва для прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі. Што тычыцца зместу навучання, метадычнага суправаджэння, то яны аднолькавыя для абедзвюх краін. Цікавы вопыт расіян па тэсціраванні навучэнцаў на прафесійную прыдатнасць “Ці бяспечны выпускнік для вытворчасці?”.

Пасля скрупулёзнага ацэньвання тэарэтычнага і практычнага этапаў конкурсу 1-е месца заваявала каманда Слуцкага дзяржаўнага каледжа ў складзе Валерыя Піліпенкі і Уладзіслава Калядкі. 2-е і 3-е месцы занялі каманды расіян. Кожнаму з гасцей былі ўручаны граматы, падзячныя лісты, каштоўныя падарункі і сувеніры. Акрамя таго, для расійскіх гасцей была арганізавана культурна-забаўляльная праграма, наладжаны экскурсіі ў Слуцк і Мінск.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *