Слуцкі след у космасе

- 14:53Навіны рэгіёнаў, Рознае

На будынку слуцкай гімназіі № 1, старэйшай у нашай краіне ўстановы адукацыі, з’явілася дошка ў памяць пра нашага славутага земляка Вітольда Карлавіча Цэраскага. Адкрыццё памятнай дошкі прымеркавана да 165-годдзя з дня нараджэння гэтага выпускніка гімназіі, вядомага астранома і навукоўца, якое адзначае сёлета ўся навуковая грамадскасць.

За амаль 400 гадоў існавання слуцкую гімназію, якую яшчэ называюць Слуцкімі Афінамі, скончылі тысячы юнакоў і дзяўчат, якія пасля сталі вядомымі асветнікамі і пісьменнікамі, мастакамі і лекарамі, вайскоўцамі і філосафамі. Сярод іх і В.К.Цэраскі. Сёння яго імя ведаюць ва ўсім свеце: аўтар больш як 100 навуковых прац і даследаванняў, доктар астраноміі, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук, член Маскоўскага матэматычнага таварыства, ганаровы член Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды, дырэктар абсерваторыі, прафесар кафедры астраноміі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава. Ён распрацаваў методыку фотаметрычных назіранняў, з дапамогай якіх вымераў бляск больш як 500 зорак, адным з першых вызначыў бачную зорную велічыню Сонца і ўстанавіў ніжнюю мяжу тэмпературы на яго паверхні. Па яго ініцыятыве пачалося сістэматычнае фатаграфаванне зорнага неба. Цэраскі адкрыў так званыя “серабрыстыя” аблокі і вымераў іх вышыню. А пачынаў свае першыя крокі да навукі, свае першыя астранамічныя назіранні Вітольд Цэраскі ў Слуцкай гімназіі.
Памяць пра Цэраскага беражліва захоўваюць у Дзяржаўным астранамічным інстытуце імя П.К.Штэрнберга МДУ імя М.В.Ламаносава. Інстытут створаны на базе абсерваторыі, дзе доўгі час працаваў і якой кіраваў Цэраскі. “У нашым інстытуце вельмі паважаюць Вітольда Карлавіча, падчас работы ў ДАІШ МДУ ён зрабіў важкі ўклад у навуку, выхаваў плеяду выбітных астраномаў, — расказвае Ірына Лапіна, супрацоўніца інстытута, якая прыехала ў Слуцк на ўрачыстыя мерапрыемствы. — У музеі нашага інстытута вялікая экспазіцыя прысвечана гэтаму выдатнаму навукоўцу. Адкрыццё памятнай дошкі — гэта не толькі працяг высакароднай справы па ўвекавечанні памяці В.К.Цэраскага, але таксама і крок для ўмацавання братэрскага сяброўства паміж народамі Беларусі і Расіі”.
Адкрываючы дошку, Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, звярнулася да навучэнцаў гімназіі, якія таксама сабраліся на мерапрыемстве: “Сёння мы сталі ўдзельнікамі вялікай гістарычнай падзеі. Менавіта ў вашай установе адукацыі выхоўваўся гэты легендарны чалавек. І сёння я ад сябе асабіста і ад імя губернатара Міншчыны Сямёна Шапіры вітаю вас і дзякую за тое, што вы зберагаеце памяць пра славутага земляка”.
І сапраўды, адкрыццё дошкі адбылося ў многім дзякуючы навучэнцам гімназіі. Дзеці тут ужо многа гадоў цікавяцца “касмічнай” тэмай, астраноміяй. Яны распрацавалі і прадставілі даследчы праект “Слуцкі след у космасе”, падчас работы над якім высветлілі, што каля 30 сыноў Слуцкай зямлі зрабілі свой уклад у развіццё касманаўтыкі.
А пачалося ўсё ў 2006 годзе на звычайным уроку фізікі, дзе гімназісты вывучалі рэактыўны рух. Выкладчыца фізікі Таццяна Максіменка прапанавала знайсці імёны случчан, звязаных з космасам. Вынікі здзівілі і настаўніцу, і вучняў, выліліся ў шматгадовы маштабны праект, падчас работы над якім была праведзена каласальная даследчая работа. Навучэнцы даведаліся пра дзейнасць не толькі Цэраскага, але і іншых герояў касмічнай працы. Напрыклад, выпускнік Слуцкай гімназіі Ілья Капіевіч па загадзе Пятра I стварыў першую карту зорнага неба на рускай мове. Пад кіраўніцтвам Сямёна Косберга, таксама выпускніка гімназіі, быў распрацаваны ракетны рухавік, які ўстанаўліваўся на апошніх ступенях ракеты-носьбіта, якая несла касмічны апарат на Месяц, Марс, Венеру, а таксама дастаўляла касманаўтаў у космас. Дарэчы, прыкладна праз паўхвіліны пасля свайго знакамітага “Паехалі!” Юрый Гагарын радасна ўсклікнуў: “Косберг спрацаваў!” Гэта азначала, што ўключылася трэцяя ступень ракеты і выхад на запланаваную арбіту забяспечаны. Першым месяцаходам на адлегласці больш за 350 тысяч кіламетраў кіраваў штурман-навігатар Канстанцін Давідоўскі, які таксама нарадзіўся ў Слуцкім раёне. Касмадромам Байканур у свой час кіравалі случчане Канстанцін Герчык і генерал Юрый Жукаў. Уладзімір Дудко, які прысутнічаў на адкрыцці памятнай дошкі ў Слуцку, — ветэран-ракетчык, вядучы інжынер па аснашчэнні тэхнічнымі сродкамі Цэнтральнага каманднага пункта ракетных войск стратэгічнага прызначэння. Дарэчы, сёння Уладзімір Максімавіч — вялікі сябар гімназіі, ён жыве ў Маскве, з’яўляецца членам кансультацыйнага савета федэральна-нацыянальнай культурнай аўтаноміі беларусаў у Расіі і многа дапамае дзецям у зборы інфармацыі для даследаванняў. І гэта толькі некаторыя імёны з вялікага спіса, які, верагодна, у хуткім часе папоўніцца, бо работа над праектам працягваецца.
З 2010 года вучні гімназіі рэгулярна прымаюць удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі “Гагарынскія чытанні”, дзе расказваюць і даказваюць, што на шляху да Сусвету немалы след пакінулі беларусы. Гімназісты штогод прывозяць з канферэнцыі дыпломы і ўзнагароды. Там яны пазнаёміліся са знакамітымі касманаўтамі, у тым ліку і нашымі землякамі — Пятром Клімуком і Алегам Навіцкім. Гэтыя сустрэчы далі новы штуршок для работы дзяцей. Яны пастаянна паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях.
У Слуцку даўно мараць аб стварэнні ракетна-касмічнага музея ў горадзе. У Слуцкім краязнаўчым музеі за апошнія гады сабрана шмат экспанатаў па касмічнай тэматыцы. Мараць аб такой падзеі і гімназісты, у іх ёсць шмат інфармацыі, якая была б карыснай такому музею і цікавай яго наведвальнікам.
Слуцк па праву называюць касмічнай сталіцай Беларусі. Колькі дастойных людзей, навукоўцаў, канструктараў, інжынераў марылі аб зорках і далёкім Сусвеце, гледзячы ў слуцкае неба! І, хто ведае, магчыма, сярод сённяшніх гімназістаў ёсць тыя, хто зробіць космас яшчэ больш блізкім да нас.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.