Службе занятасці прапануюць вярнуць шэраг кантрольных паўнамоцтваў

Дэпутаты выступаюць за стварэнне самастойнай структуры службы занятасці і ўзмацненне яе кантрольных функцый. Прапановы парламентарыяў падтрымалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Аб гэтым паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Тамара Красоўская.

Парламентарыі прапануюць павысіць статус службы занятасці, зрабіць яе самастойнай структурай. Дзякуючы гэтаму, яна зможа больш эфектыўна выконваць задачы, ускладзеныя на яе законам аб занятасці, дзяржаўнай праграмай аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці на 2016—2020 гады, дэкрэтам № 1, расказала Тамара Красоўская. Акрамя таго, на думку дэпутатаў, службе неабходна вярнуць шэраг кантрольных паўнамоцтваў. Напрыклад, раней яе прадстаўнікі выязджалі на прадпрыемствы, правяралі, ці запоўнена ўся штатная колькасць, ці правільна пададзены даныя аб наяўнасці рабочых месцаў.

Дэпутаты, будучы ў складзе раённых камісій па садзейнічанні занятасці, вывучаюць сітуацыю ў рэгіёнах, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, прадстаўнікамі цэнтраў занятасці і на гэтай падставе ўносяць прапановы аб паляпшэнні заканадаўства. Так, яны выступаюць за тое, каб перагледзець у бок пашырэння пералік катэгорый грамадзян, якія маюць дадатковыя гарантыі ў галіне садзейнічання занятасці. Найважнейшай задачай у парламенце называюць уключэнне беспрацоўных у малы і сярэдні бізнес. Асабліва гэта актуальна для аддаленых населеных пунктаў, дзе няма вялікіх вытворчасцей.

Старшыня камісіі дадала, што асаблівую ўвагу плануецца ўдзяляць працаўладкаванню людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У Беларусі рэалізоўваюць Нацыянальны план дзеянняў, згодна з Канвенцыяй аб правах інвалідаў, і рыхтуюць папраўкі ў законы па пытаннях іх сацыяльнай абароны. Сярод новаўвядзенняў — кватаванне рабочых месцаў. Чакаецца, што прадпрыемствы, дзе іх будуць ствараць, змогуць скарыстацца пэўнымі льготамі. У цэлым законапраект, паступленне якога чакаюць у Палаце прадстаўнікоў, будзе накіраваны на забеспячэнне роўнасці і паўнапраўнага ўдзелу інвалідаў у жыцці грамадства.