Служыць мастацтву

- 10:21Культура

50 гадоў у педагогіцы і дзясяткі вучняў — знакамітых музыкантаў. 40 гадоў на пасадзе мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі, сотні запамінальных канцэртаў і тысячы ўдзячных гледачоў. Усё гэта — творчы шлях маэстра музыкі заслужанага артыста Беларусі Юрыя ГІЛЬДЗЮКА.

— Юрый Мікалаевіч, вы нарадзіліся ў сям’і музыканта, таму вам, напэўна, было наканавана лёсам звязаць сваё жыццё з музыкай.

— Так, мой бацька Мікалай Георгіевіч Гільдзюк — скрыпач, дырыжор і педагог, які з 1961 па 1980 год быў дырэктарам дзіцячай музычнай школы Гродна, сёння гэта Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1 імя Ю.У.Семянякі. Дарэчы, Юрый Уладзіміравіч быў сябрам майго таты і заўсёды паказваў яму свае песні.

Мама працавала настаўніцай пачатковых класаў у сярэдняй школе № 10 Гродна, якая раней называлася 45-й чыгуначнай. У гэтай школе вучыўся і я, прычым быў выдатнікам, і да 7 класа ў мяне не было ніводнай чацвёркі. Пасля сямігодкі я прыехаў у Мінск з дакладным разуменнем, што хачу быць піяністам. У выніку, дзякуючы маім настаўнікам і розным выпадковым і невыпадковым абставінам, я ім стаў.

Дарэчы, перада мной у 9 гадоў стаяў нялёгкі выбар: ісці ў музычную школу або ў шахматны гурток у Доме піянераў (усміхаецца). Аднак тата купіў мне шахматы і сказаў: “Дома гуляй у шахматы, а на фартэпіяна займайся ў музычнай школе”. Канечне, былі і іншыя захапленні: кнігі, кіно, у футбол і хакей гулялі. Аднак самыя яркія дзіцячыя ўспаміны звязаны з музыкай. Памятаю, як у 6 класе ў зале сельскагаспадарчага інстытута (зараз гэта ГДАУ) сыграў свой першы канцэрт разам з сімфанічным аркестрам Гродна, якім кіраваў мой тата. Гэта было вельмі хвалююча. Памятаю, як мы, юныя музыканты, выступалі ў Шчучыне, Слоніме, Іўі… Наша музычная школа была першай, і бацька заўсёды вазіў сваіх лепшых вучняў, рэкламуючы яе.

А затым бацькоўскае настаўніцтва перадалося і нам, яго дзецям, таму і я выбраў педагагічную прафесію. Мае яркія і таленавітыя вучні, работа ў каледжы і кансерваторыі цалкам задавальнялі і задавальняюць мяне. Я шчаслівы, што мне ўдалося выхаваць многіх музыкантаў і дапамагчы ім стаць запатрабаванымі. А яшчэ я шчаслівы ад таго, што ўсё жыццё служу мастацтву!

— Чаму галоўнаму вас навучылі педагогі?

— У школе я проста не мог не быць выдатнікам, бо матуля Яўгенія Іванаўна за адну памылку прымушала перапісваць увесь сшытак, таму мае ўніверсітэты пачаліся адразу ў школе (усміхаецца). Мама мяне выхавала, і почырк выпрацавала, і навучыла вучыцца. Калі я ўжо сам пачаў выкладаць у адзінаццацігодцы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, яна неяк завітала на адзін з маіх урокаў. Пачуўшы, як я павысіў голас на адну з маіх вучаніц, сказала: “Юра, ніколі не крычы на вучня, нават калі ён у нечым памыляецца”. Гэтую параду я запомніў на ўсё жыццё.

Я шчаслівы, што мне ўдалося выхаваць многіх музыкантаў і дапамагчы ім стаць запатрабаванымі.

Пасля, дзякуючы маім выкладчыкам: заснавальніку беларускай фартэпіяннай школы прафесару Ірыне Аляксандраўне Цвятаевай, доктару мастацтвазнаўства Маскоўскай кансерваторыі Якаву Ісаакавічу Мільштэйну і, канечне, майму бацьку, я навучыўся быць добразычлівым, ветлівым і спагадлівым да лёсу кожнага свайго вучня. А яшчэ яны навучылі мяне, як разгледзець таленавітага вучня і паспрыяць яго развіццю, што і з’яўляецца адной з самых галоўных задач педагога.

— І як жа разгледзець талент?

— Ён адразу відаць па бляску ў вачах. Мы часта стаялі і думалі, як жа правесці прыёмныя экзамены ў музычную школу пры кансерваторыі. Неяк аднойчы я пачуў дзяўчынку, якая спявала песню пра кракадзіла Гену. Яна была ра­зам з татам, як потым высветлілася, ён — спартыўны доктар пры мінскім “Дынама”. Я падышоў да іх і расказаў пра нашу школу, і так Кацярына Барткевіч (Буцько) апынулася ў маім класе. Зараз яна выдатны педагог, загадчыца аддзялення канцэртмайстарскага майстэрства ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы. І такіх гісторый шмат.

— Часам чую ад бацькоў, што калі дзіця іграе на музычным інструменце, то і размовы не можа быць пра спорт…

— Я сваім вучням заўсёды гавару: любыя спартыўныя заняткі дапамагаюць станаўленню асобы. Здароўе і ў музыкантаў павінна быць моцным. Вось, напрыклад, мне выбілі трэці палец, калі мы ў школе гулялі ў баскетбол, але ён працуе і дзякуй богу. Канечне, трэба быць асцярожным, таму што страціць прафесію музыканта, да якой ідзеш многія гады, можна вельмі лёгка.

— Пасля заканчэння беларускай кансерваторыі вы паступілі ў аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі…

— Так, але не з першага разу. Я здаў усе іх іспыты і быў упэўнены, што траплю ў клас да Льва Мікалае­віча Аборына, але з-за тройкі па гісторыі мяне не прынялі. Я вярнуўся ў Мінск, і з гэтымі адзнакамі мяне прынялі ў айчынную кансерваторыю, дзе я працягнуў навучанне ў І.Цвятаевай. І толькі пасля яе заканчэння я ўсё ж такі паступіў у аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі ў клас Мільштэйна, бо Аборын, на жаль, пайшоў з жыцця.

Аспірантура — гэта вялізная школа і кузня талентаў, неверагоднае асяроддзе і карысная канкурэнцыя, а яшчэ гэта сяброўства з выдатнымі музыкантамі, якое працягваецца да гэтага часу. Мне пашчасціла вучыцца разам з Юрыем Башметам, Гідонам Крэмерам, Юрыем Слесаравым, Святланай Навасардзян. Мы ігралі адно аднаму. Нашы ўрокі былі падобны на міні-канцэрты, на якіх гледачамі былі не толькі сябры-аднакласнікі, але і студэнты з іншых класаў, лю­дзі з курсаў павышэння кваліфікацыі. Такім чынам мы прылюдна вучыліся іграць і ўспрымаць крытыку. І гэта потым дапамагло мне ў рабоце з вучнямі.

— А як атрымалася, што вы пачалі вучыць дзяцей?

— Пасля аспірантуры я павінен быў працаваць у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.У. Луначарскага (зараз БДАМ), але там усё было занята. Уладзімір Уладзіміравіч Алоўнікаў прапанаваў папрацаваць у Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры кансерваторыі, сёння гэта Рэспубліканскі музычны каледж. Я пагадзіўся, мне далі трох выпускнікоў, якія былі малодшымі за мяне ўсяго на 6—7 гадоў, а мне было 26. А яшчэ мне далі маленькіх дзетак, якім вельмі няпроста было патлумачыць, напрыклад, як трымаць ручкі. Я гаварыў: “Уяві, што ты трымаеш яблычак у руцэ. Прыкладна так і трэба іграць на раялі”. Некаторыя гэты яблык не адпускалі ўвесь час (усміхаецца). Цяпер гэта ўспамінаецца з усмешкай.

Я адпрацаваў толькі два месяцы і пайшоў у армію ў 27 гадоў. Служыў у Мар’інай Горцы, кіраваў аркестрам і хорам. А калі вярнуўся, то мае вучні былі ўжо размеркаваны па іншых класах. Але праз год да мяне трапіў Андрэй Сікорскі. Ужо ў школе мы з ім мелі вялікі поспех на розных конкурсах. Потым ён выйграў некалькі міжнародных і зараз працуе прафесарам акадэміі музыкі ў кітайскім Чжэньчжоу.

— Такім чынам, педагогіка захапіла вас. Але, калі вы былі маладым чалавекам, напэўна, і сцэна вабіла?

— Я пастаянна выступаў у філармоніі з аркестрам. Бо, каб быць добрым педагогам, трэба абавязкова мець сцэнічны вопыт. Потым мне прапанавалі ўзнача­ліць кафедру канцэртмайстарскага майстэрства кансерваторыі. А ў 34 гады мяне запрасілі ў філармонію. Над прапановай перай­сці туды я разважаў цэлых чатыры месяцы, але потым згадзіўся. Ра­зам з маімі першымі дырэктарамі ўдалося раздзяліць акадэмічную музыку і эстраду.

Прафесія музыканта, як і ўрача, патрабуе шматгадовай і скрупулёзнай падрыхтоўкі і неверагоднага цярпення.

У сакавіку наступнага года будзе роўна 40 гадоў, як я працую ў Белдзяржфілармоніі. Пры гэтым я не перапыняю сувязь ні з акадэміяй музыкі, ні з музычным каледжам, дзе ў мяне заўсёды ёсць хаця б адзін вучань, якога я рыхтую да кансерваторыі. Таму і сярод артыстаў філармоніі нямала маіх вучняў, якія зараз працу­юць разам са мной і служаць мастацтву. Дарэчы, менавіта вопыт выкладчыка акадэміі музыкі моцна дапамагае ў фарміраванні нашых творчых калектываў. Бо былі розныя перыяды ў філармоніі, часам з сімфанічнага аркестра з’яз­джа­ла па 40 музыкантаў, але, дзякуючы сяброўству з БДАМ, БДУКіМ, музычнымі каледжамі, мы даволі хутка запаўнялі калектывы, і пры гэтым не гублялася якасць.

Увогуле, я перакананы, што самае галоўнае — паважаць і берагчы людзей, асабліва кадры, якія сам выхаваў. Прафесія музыканта, як і ўрача, патрабуе шматгадовай і скрупулёзнай падрыхтоўкі і неверагоднага цярпення, каб убачыць, як гэты талент раскрываецца і ператвараецца ў сапраўднага музыканта. 

— Юрый Мікалаевіч, вы прафесар кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пра вас заўсёды гавораць як пра аднаго з самых паважаных і яркіх педагогаў. Па­дзяліцеся сваім галоўным педагагічным сакрэтам.

— Перш за ўсё трэба верыць у талент свайго вучня і дапамагаць яму раскрывацца, выкарыстоўваючы і ўласны выканальніцкі вопыт, і педагагічны. Кожны раз ты супастаўляеш і аналізуеш, хто з вучняў зможа далей прасоўваць музычнае мастацтва: выканальніцкае і кампазітарскае.

Музыкант бесперапынна і па-сапраўднаму вучыцца фактычна з 6 і да 26 гадоў. Пасля 20-гадовага навучання цяжка кінуць справу, якая табе да душы. Ведаеце, жыццё музыканта — яно такое: мы займаемся любімай справай і яшчэ атрымліваем за гэта грошы.

— Якія думкі займаюць вас як мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі? Што трывожыць і радуе?

— Моцна засмучае тое, што музычныя школы знікаюць у маленькіх гарадах, бо чамусьці маладыя мамы і таты прафесію музыканта пачалі лічыць не­прэ­стыжнай, хоць музыка і спорт ніколі не пера­шкаджалі развіццю асобы, а наадварот — спрыялі яе рознабаковаму фарміраванню. Той, хто ходзіць у музычную школу і хаця б дзеля сябе навучыўся іг­раць некалькі твораў, пачынае разумець мову музыкі. А гэта — мова ўсёй планеты, мова зносін паміж людзьмі. Яшчэ часам засмучаюць чалавечыя адносіны, бо хочацца, каб усе жылі ў міры і сяброўстве.

А радуе, што ўдалося заха­ваць жывы патэнцыял беларускіх музыкантаў і выканаўцаў. І нават за два гады кавідных абмежаванняў філармонія не спыніла сваёй дзейнасці.

Таксама радуе наш разнастайны рэпертуар, які ахоплівае ўсе музычныя кірункі ад музыкі барока да сучасных дзён. Кожны глядач знойдзе ў нас тое, што яму спадабаецца. Музыка не паўтараецца ніколі, бо непасрэдныя зносіны кампазітара, выканаўцы і публікі — тры кіты, на якіх стаіць наша мастацтва. Выканаўца — гэта не проста перадатчык музычнага твора, але і суаўтар сачынення, бо кожны раз ён іграе па-новаму, у залежнасці ад душэўнага стану, яго адкрытасці і веры ў будучыню.

Упэўнены, што філармонія і далей будзе развівацца. Прыйшло вельмі шмат яркай моладзі, таму ў будучыню гляджу толькі з надзеяй!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.