У гімназіі Фаніпаля адбылася ўрачыстая цырымонія пасвячэння навучэнцаў 10-га інжынернага класа авіяцыйнай накіраванасці ў юныя авіятары, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Старшакласнікі прынеслі клятву служыць небу сваёй краіны і атрымалі з рук прадстаўнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі адметныя нагрудныя знакі з выявай эмблемы БДАА.
— У маі ў рамках навукова-практычнага фестывалю класаў авіяцыйнай накіраванасці ProАВИА-2024 быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж гімназіяй Фаніпаля імя А.І. Гурына і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі. Сёння мы з гордасцю заяўляем, што сталі першай гімназіяй у Дзяржынскім раёне, дзе быў адкрыты інжынерны клас авіяцыйнай накіраванасці, — расказала яе дырэктар Галіна Майсейчык.
Там займаюцца 27 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія плануюць звязаць жыццё з авіяцыяй. Яны вывучаюць на павышаным узроўні фізіку і матэматыку. Акрамя таго, для іх кожную суботу праходзяць факультатыўныя заняткі «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію». Запланаваны анлайн-семінары і выязныя ўрокі ў вышэйназванай акадэміі.
Дэкан факультэта грамадзянскай авіяцыі БДАА Захар Машарскі, прымаючы гімназістаў у рады юных авіятараў, нагадаў, што акадэміі споўнілася 50 гадоў. І гэта адзіная ўстанова адукацыі ў краіне, дзе рыхтуюць такіх спецыялістаў. Выпускнікі працуюць ва ўсіх авіяцыйных арганізацыях Беларусі, таксама запатрабаваны за мяжой. Праз два гады выпускнікі авіяцыйнага класа маюць добрыя шанцы стаць курсантамі акадэміі авіяцыі.
Дарэчы, у верасні ў гімназіі Фаніпаля адзначылі знакавую дату. Два гады назад тут быў адкрыты ваенна-патрыятычны клуб «Патрыёт». Сёлета яго наведваюць 22 чалавекі. Выпускнік 9-га класа і член клуба Мікалай Лысакоўскі сёлета стаў курсантам кадэцкага вучылішча.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы