Для таго каб вучоба прыносіла вучням не толькі карысць, але і задавальненне, настаўнікам заўсёды даводзіцца шукаць новыя формы работы. І вельмі часта адказ на тое, што ж цікавіць вучняў, відавочны. Галоўнае — усё правільна арганізаваць. Так, у сярэдняй школе № 13 Гродна па ініцыятыве дырэктара ў хуткім часе з’явіцца першы ў вобласці прававы віртуальны кабінет.
“Стварэнне прававых віртуальных кабінетаў — гэта неабходны крок, — тлумачыць дырэктар школы Лілія Вацлаваўна Кір’як. — Менавіта ў гэтым кабінеце ў даступнай форме будуць утрымлівацца ўсе неабходныя школьнікам прававыя дакументы. Такая база інфармацыі будзе карысная дзецям, якія вучацца ў прававых і мытных класах, створаных у нашай школе”.
Дарэчы, класы прававой накіраванасці дзейнічаюць у 13-й школе не першы год. А вось мытны клас тут з’явіўся ўпершыню.
“Для нашай установы адкрыццё такога класа з’яўляецца вельмі важнай падзеяй, — расказвае Лілія Вацлаваўна. — Не менш знакавым мерапрыемствам стала і правядзенне прысягі на вернасць школе і Радзіме, якая адбылася напрыканцы года”.
Прысягу прымалі не толькі тыя, хто выказаў жаданне вучыцца ў мытным класе, але і навучэнцы, якія да гэтага часу займаліся па прававым профілі. Адметна, што ў рамках функцыянавання прававых класаў сярэдняя школа № 13 Гродна сумесна з сярэдняй школай № 119 Мінска прыступілі да рэалізацыі інавацыйнага праекта.
“Для таго каб праект быў рэалізаваны найбольш поўна і паспяхова, кіраванне ім даручана прафесару Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Валянціне Ула-дзіміраўне Буткевіч, — тлумачыць Лілія Вацлаваўна. — Увогуле, першы год работы па рэалізацыі інавацыйнага праекта быў прысвечаны ўдасканаленню і пашырэнню форм маладзёжнага руху праваахоўнай накіраванасці, а таксама актывізацыі работы клуба “Юных памочнікаў міліцыі”. Прыемна, што падчас работы над праектам мы змаглі згуртаваць самых ініцыятыўных, самастойных вучняў. Нездарма менавіта гэтыя дзеці працуюць і ў савеце старшакласнікаў, і ў савеце дзяжурных камандзіраў, а таксама ў валанцёрскім атрадзе “Міласэрнасць”.
Удзельнікам клуба “Юныя памочнікі міліцыі” (а яго членамі з’яўляюцца тыя, хто вучыцца па прававым профілі) штогод выпадае магчымасць прымяніць атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы. Кожнае лета дзеці наведваюць ваенна-патрыятычныя лагеры. Менавіта там юныя правазнаўцы могуць вучыцца страявой падрыхтоўцы, а таксама паспрабаваць сабраць і разабраць зброю. Што тычыцца юных прадстаўнікоў мытнай службы, для іх таксама арганізоўваюцца экскурсіі, але ўжо на мытныя пункты “Брузгі” і “Прывалка”. Гэта дае дзецям унікальную магчымасць убачыць на ўласныя вочы сістэму работы мытнай службы нашай краіны.
“У нашай школе створаны эфектыўныя ўмовы па выхаванні прававой культуры навучэнцаў, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Аляксандраўна Вярсоцкая. — Работа з дзецьмі вядзецца па некалькіх кірунках. Гэта выхаваўча-прафілактычная дзейнасць, актывізацыя маладзёжнага праваахоўнага руху, а таксама прафесійнае арыентаванне. Вялікім плюсам з’яўляецца тое, што дзейнасць школы падтрымліваюць і бацькі. Менавіта дзякуючы гэтай падтрымцы нам удаецца шмат чаго дасягнуць. Хачу адзначыць, што якасць працэсу навучання ў прававых класах у многім залежыць і ад дзяцей. Калі б іх не цікавіла тое, чым яны займаюцца, усё б не мела сэнсу”.
Для таго, каб гродзенскія правазнаўцы заўсёды былі “ў тэме”, іх запрашаюць на мерапрыемствы, звязаныя з праваахоўнай тэматыкай. Так, вучні сярэдняй школы № 13 Гродна прымаюць удзел у святах, прысвечаных Дню Перамогі, Дню беларускай міліцыі і інш. І не бывае такога, каб нехта з класа не ўдзельнічаў у конкурсах малюнкаў па прававой тэматыцы. У дзяцей заўжды з’яўляецца мільён новых ідэй наконт таго, пра што пры дапамозе пэндзля і фарбаў можна расказаць у конкурсах “Мытня вачыма дзяцей”, “На абароне будучага пакалення”. З задавальненнем навучэнцы выказваюць свае думкі на паперы ў конкурсах эсэ і сачыненняў на тэмы: “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць”, “Мы выбіраем шлях”.
“Стала традыцыйным і такое мерапрыемства, як ушанаванне ветэранаў вайны, — працягвае Наталля Аляксандраўна. — Штогод нашы вучні прымаюць удзел у мітынгах, якія праходзяць на Кургане Славы. Акрамя гэтага, дзеці наведваюць прысягі, якія праходзяць у вайсковых часцях, следчым камітэце, а таксама на тэрыторыі Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Тым не менш самым важным у працэсе навучання ў прававых класах з’яўляецца тое, што вучні атрымліваюць неабходную інфармацыю з першых рук. Кожную суботу ў клас прыходзяць супрацоўнікі міліцыі, якія не толькі праводзяць лекцыі па прававым выхаванні, але і дзеляцца сакрэтамі паспяховай службы, расказваюць, чаго можна дасягнуць, папоўніўшы рады праваахоўных органаў. Частым госцем у школе з’яўляецца і начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні генерал Васіль Дземянцей. З ім вучням вельмі цікава”.
Дарэчы, ужо літаральна праз тыдзень, 21 сакавіка, гродзенскім правазнаўцам і мытнікам будзе прадастаўлена права абараняць гонар сваёй, 13-й школы на Рэспубліканскай алімпіядзе па прававых ведах. І ў вучняў усё абавязкова атрымаецца, таму што ў іх ёсць самае галоўнае, што патрэбна для дапамогі, — веды і жаданне быць лепшымі.