Слядамі прыбужскіх тайн…

- 23:59Год гістарычнай памяці
Крыніца “Святога лекара Панцеляймона”

Крыніца “Святога лекара Панцеляймона” знаходзіцца ў вёсцы Тумін, што ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Яна была асвечана ў 2004 годзе. Водны струмень крыніцы выбіваецца з залежаў блакітнай гліны, якая з’яўляецца моцным адсарбентам. Крыніца апраўлена бетонным кальцом з драўлянай накрыўкай. Над ёй узведзена капліца з невялікім купалам, тут жа ўстаноўлена прывезеная з Масквы ікона святога Панцеляймона, які ў вернікаў лічыцца заступнікам хворых і абяздоленых. Паводле аповедаў мясцовых жыхароў, вада з крыніцы дапамагае ў лячэнні анкалагічных захворванняў. Ля крыніцы ўзведзены праваслаўны паклонны драўляны крыж, пабудавана купель, абсталявана месца для адпачынку. Тэрыторыя дагледжана, абгароджана драўлянай загараддзю, вакол якой растуць вялікія ліставыя дрэвы.

У Камянецкім раёне знаходзіцца яшчэ адна крыніца, Свята-Міхайлаўская — паблізу вёскі Ставы, у маляўнічым месцы на схіле карэннага берага ракі Буг. Яна здаўна дае пітную ваду з высокімі смакавымі і лячэбнымі якасцямі. Круглы год тэмпература вады каля сямі градусаў.

Крыніца была асвечана ў кастрычніку 2005 года епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам у гонар Архістратыга Міхаіла. Таму і называецца Свята-Міхайлаўскай. Над крыніцай узведзены калодзеж, побач пабудаваны купель і капліца, якія ўтвараюць крынічны комплекс. За крынічнай вадой сюды прыязджаюць людзі за многія сотні кіламетраў, не гаворачы ўжо пра мясцовых жыхароў. Вучоныя пасля некалькіх гадоў даследаванняў зрабілі вывад, што спалучэнне мікраэлементаў у гэтай вадзе вельмі карыснае і вылечвае ад многіх хвароб.

Гэтае месца вядома яшчэ адной славутасцю. Непадалёк крыніцы ёсць камень, якому людзі спрадвеку пакланяюцца, таму што ён, як і крынічная вада, лечыць. Старажылы ведалі пра крыніцу і камень, але не хацелі расказваць, таму што шанавалі гэтае месца як святыню, якая непасрэдна звязана з легендай: “Даўным-даўно, калі камяні яшчэ былі мяккімі, Маці Божая спусцілася на Зямлю. Потым яна пайшла па раўніне і, не ўбачыўшы на сваім шляху камень, спатыкнулася аб яго. Прайшоўшы далей, яна трапіла ў балота, адзенне яе было запэцкана, яна вельмі стамілася, калі выбіралася з гэтай дрыгвы, і сілы пакідалі яе. Тады яна стала пасылаць малітвы Богу, каб ён дапамог ёй вярнуцца на неба. Бог адказаў ёй: “Не сумуй і ідзі пад гару, там ёсць крыніца. Знайдзі і адкапай яе, памыйся гэтай вадой. Яна дасць табе сілы”. Маці Божая так і зрабіла, як ёй загадаў Бог. І яна адчула, што сілы вярнуліся да яе. Тады яна сказала: “Няхай гэтая вада прыносіць людзям аблягчэнне і служыць для добрых спраў”. Выламаўшы посах у зарасніках, яна вярнулася да каменя, аб які спатыкнулася, стала на яго і, адштурхнуўшыся, узляцела на неба”.

На камені і цяпер выразна праглядваецца адбітак посаха Маці Божай і выразны адбітак яе ступні. Мясцовыя жыхары абгарадзілі камень драўляным плотам, і кожны, хто прыходзіць сюды, лічыць сваім абавязкам пакланіцца святыні.

Дарэчы, да каменя прайсці можна толькі пешшу. Мясцовыя сцвярджаюць, што раней да яго хадзілі толькі басанож.

Святы камень, як і крынічны комплекс, унесены ў веласіпедны турыстычны маршрут “Слядамі прыбужскіх тайн”. У гэты турыстычны маршрут таксама ўваходзіць наведванне непадалёк размешчаных ад гэтых мясцін Свята-Ануфрыеўскай царквы ў вёсцы Ставы. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя. У турыстычны маршрут уключаны таксама старадаўні каталіцкі Троіцкі касцёл у вёсцы Волчын і ДАП — фартыфікацыйнае збудаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны каля вёскі Агароднікі.

Алена ХАРАШЭВІЧ.
Фота аўтара.