Школьнае харчаванне — гэта адвечны пошук балансу. Трэба, каб ежа адначасова адпавядала здароўезберагальным нормам, падабалася дзецям і задавольвала іх бацькоў, пры гэтым не была дарагой, каб упісацца ў выдзеленыя фінансы.
Гэтую няпростую задачу ўстановы адукацыі вырашаюць кожны дзень. І на шляху яе вырашэння нярэдка ўзнікаюць пытанні і складанасці.
Круглы стол па тэме “Праблемныя пытанні арганізацыі харчавання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі і шляхі іх вырашэння” сабраў разам шырокае кола спецыялістаў — удзел у яго рабоце ўзялі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, МУС, НАН Беларусі, МАРГ, Мінфіна і іншых ведамстваў.
Такое шырокае прадстаўніцтва невыпадковае. Як слушна адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў круглага стала, намеснік міністра адукацыі Сяргей Валянцінавіч Руды, харчаванне — пытанне маштабнае. Яно арганізавана практычна ва ўсіх больш чым 8 тысячах устаноў адукацыі нашай краіны і ахоплівае каля 2 млн навучэнцаў. А ў кожнага з іх ёсць бацькі, якіх клапоціць, як паела іх дзіця. Вось і атрымліваецца, што гэтая справа так ці інакш тычыцца практычна кожнага. Арганізацыя якаснага, паўнавартаснага, здаровага харчавання навучэнцаў — заўсёды прыярытэтная задача.
Сістэма арганізацыі харчавання наладжаная і працуе даволі паспяхова, аднак застаюцца і пытанні, якія неабходна вырашаць. Гэтыя пытанні і былі ў цэнтры ўвагі круглага стала.
Здорава і здарова
Сёння стаіць задача не проста накарміць дзяцей, а і ўмацаваць іх здароўе з дапамогай харчавання. Гэтую думку падкрэсліла Алена Алегаўна Гузік, загадчыца кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі
БелМАПА.
У краіне назіраецца зніжэнне колькасці захворванняў, звязаных з сістэмай стрававання. На жаль, адны праблемы знікаюць, а іншыя ўзнікаюць. Сучаснай пагрозай сталі атлусценне, цукровы дыябет, сардэчна-сасудзістыя захворванні, якія непасрэдна звязаны з харчаваннем. Толькі ўявіце: у свеце з 1975 па 2016 год у 10 разоў павялічылася колькасць дзяцей і падлеткаў з лішняй масай цела! І для нашай краіны гэтая праблема актуальная. Сярод школьнікаў назіраецца рост дзяцей з лішкам масы цела. Амаль 20 працэнтаў школьнікаў маюць высокую і вельмі высокую масу цела адносна росту. У групе рызыкі ў першую чаргу хлопчыкі.
Дзеці не заўсёды правільна харчуюцца дома. Даследаванні паказваюць, што толькі палова дзяцей дома штодзень маюць у рацыёне малако і малочныя прадукты, каля паловы — садавіну і агародніну. Трэць школьнікаў снедае нерэгулярна. Канечне, калі дзіця харчуецца ў школе толькі раз на дзень, то выправіць значныя хібы ў дамашнім харчаванні немагчыма, аднак гэта падкрэслівае неабходнасць максімальна якасна арганізоўваць харчаванне ва ўстановах адукацыі.
У сувязі з гэтым палітыка ў сферы харчавання накіравана на карэкцыю мікранутрыентнай недастатковасці. На сучасным этапе трэба вырашаць дзве праблемы — дэфіцыту пэўных мікранутрыентаў і мінеральных рэчываў, а таксама лішку солі, простых цукроў і тлушчу.
Калі гаварыць аб энергетычнай каштоўнасці харчавання ва ўстановах адукацыі, то тут усё ў парадку — дэфіцыту ў бялках, тлушчах і вугляводах практычна няма. Аднак калі гаворка ідзе аб мінеральных рэчывах і вітамінах, то тут карціна не ідэальная. Напрыклад, назіраецца дэфіцыт кальцыю — дзеці ўжываюць каля 80 працэнтаў ад нормы гэтага элемента. А гэта пагроза стану касцей. Спецыялісты адзначаюць дысбаланс колькасці кальцыю і фосфару ў сучасных дзяцей, бо гэтыя элементы ў арганізме ўзаемазвязаны. А ўсё таму, што малака і малочных прадуктаў дзеці ўжываюць нямнога. У той жа час фосфару паступае ў дзіцячы арганізм усё больш — на яго багатыя газіраваныя напіткі, прадукты з кансервантамі. Калі ў арганізм паступае фосфар, то, каб яго збалансаваць, неабходны кальцый. Калі ён не паступае з прадуктамі, то вымываецца з касцей. Малочныя прадукты найбольш збалансаваны па ўтрыманні кальцыю і фосфару.
Вітамін РР, В1 і В2, селен, цынк, кобальт — гэта тыя рэчывы, над забеспячэннем якімі таксама яшчэ трэба працаваць.
Варта звярнуць асаблівую ўвагу на натрый. Эксперты ўзялі пробы страў у 18 установах агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы. І каля 70 працэнтаў проб утрымлівалі павышаную колькасць натрыю. Гэта вельмі хітры элемент, які хаваецца ва ўсіх прадуктах перапрацоўкі, такіх як масла, сыры, каўбасы, хлеб. Так што нават звычайны бутэрброд насамрэч не такі бяскрыўдны, бо змяшчае многа натрыю. А натрый — гэта пагроза развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Яшчэ адна пагроза — колькасць цукроў. Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць энергіі, што паступае за кошт простых цукроў (салодкія прысмакі, кандытарскія вырабы) павінна складаць не больш за 10 працэнтаў сутачнага рацыёну. У сучасных школьнікаў гэты паказчык у 2,5 разу большы. Колькасць энергіі, якая паступае за кошт тлушчаў, таксама крыху перабольшана. Гэта таксама важна ўлічваць пры арганізацыі харчавання, у тым ліку пры выбары асартыменту для школьных буфетаў — яны не павінны ператварацца ў кандытарскі аддзел магазіна.
Па інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя невыкананне норм харчавання па тых ці іншых харчовых прадуктах у 2021 годзе адзначаны амаль у 15% аб’ектаў харчавання (у асноўным ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі). У 65% дзяцей выяўлена нізкае ўжыванне мясных і малочных прадуктаў, у 74% — рыбных прадуктаў. Колькасць рацыёнаў, што не адпавядаюць фізіялагічным патрабаванням дзіцяці ў харчовых рэчывах і энергіі, складае 10—12%.
Алена Алегаўна Гузік пераканана, што яшчэ адна глабальная задача на сёння — гэта навучанне дзяцей навыкам правільнага харчавання. Зноў жа, бацькі ў гэтай справе не заўсёды з’яўляюцца памочнікамі. Таму неабходна зрабіць усё магчымае, каб дзеці атрымлівалі такія веды ва ўстановах адукацыі. Добра зарэкамендаваў сябе ў гэтым напрамку праект “Па прыступках правільнага харчавання”, які рэалізуецца ў шэрагу школ.
Усё па законе
Эксперты абмеркавалі таксама прававыя і заканадаўчыя аспекты арганізацыі харчавання. Наталля Анатольеўна Гурыновіч, начальнік упраўлення дзяржаўных закупак МАРГ, звярнула ўвагу на пытанні арганізацыі закупкі прадуктаў, якія выкарыстоўваюцца пры гатаванні ежы ва ўстановах адукацыі. Нядаўна ў заканадаўства ў гэтай частцы былі ўнесены некаторыя змяненні, якія закліканы спрасціць работу. Так, узмацніліся патрабаванні да асоб, якія прэтэндуюць на тое, каб аказваць паслугі па арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі або пастаўляць прадукты. Першыя павінны мець адпаведны вопыт не менш за 3 гады, другія — не менш за год.
Каб паскорыць і спрасціць працэдуры закупкі прадуктаў харчавання, павялічаны цэнавыя парогі для запыту цэнавых прапаноў. Як пілотны праект у 2022 годзе дазволена закупка любых прадуктаў на любыя сумы з адной крыніцы. Ужо сёння гэтае новаўвядзенне атрымала адабрэнне ва ўстановах адукацыі. Таксама ў сувязі са значным ростам цэн на прадукты ўнесены змяненні, што дазваляюць павялічваць цэны па дагаворах на закупкі прадуктаў харчавання, дагаворах на аказанне сталовых паслуг без скасавання дагавора.
На жаль, пакуль не ўдалося выкараніць правапарушэнні і злачынствы пры арганізацыі харчавання, пра што сведчаць выступленні прадстаўнікоў Міністэрства фінансаў і МУС. За першы квартал 2022 года ўстаноўлена парушэнняў на суму звыш 40 тысяч рублёў і прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці 2 службовыя асобы. Папярэджана незаконнае атрыманне і выкарыстанне бюджэтных сродкаў на суму больш як 6 тысяч рублёў.
С.В.Руды падкрэсліў, што для выпраўлення такіх хібаў неабходны кампетэнтны і адказны падыход да справы кіраўнікоў устаноў і асоб, якія займаюцца арганізацыяй харчавання.
З’есці “Гарэзу” і “Сонейка”
Падчас круглага стала быў прадстаўлены вопыт работы сталіцы і Мінскай вобласці па арганізацыі харчавання. Абодва выступленні выклікалі цікавасць ва ўдзельнікаў круглага стала, бо прадстаўляюць розныя прынцыпы арганізацыі харчавання: у Мінску гэтым займаецца камбінат школьнага харчавання, а ў Мінскай вобласці некалькі гадоў назад ад паслуг КШХ адмовіліся.
Надзея Уладзіміраўна Лукашэвіч, дырэктар КШХ Мінска, расказала, што ў сталіцы харчаванне 222 тысяч навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана камбінатам на базе 256 харчаблокаў.
Тэхналагічная служба камбіната распрацоўвае прыкладнае двухтыднёвае меню на кожную чвэрць. Прычым спіс страў пастаянна папаўняецца: за 2021/2022 навучальны год распрацавана 55 новых страў і вырабаў: гэта шакаладна-тварожная запяканка, біфштэкс з індычкі “Зачётный”, каўбаскі “Класныя”, курыныя і рыбныя мітболы, салат “Гарэза”, праснак “Сонейка”.
Фішкай арганізацыі харчавання ў сталіцы стала акцыя “Чыстая талерка”. Мерапрыемствы ў рамках акцыі праводзяць з удзелам роставай лялькі і з афармленнем фотазоны. За цалкам з’едзены рацыён школьнік атрымлівае ў падарунак шакалад, шарык або сцяжок, а таксама шмат станоўчых эмоцый. Акцыі праводзяць у тыя дні, калі ў меню прапанаваны карысныя, але не самыя любімыя ў дзяцей стравы, напрыклад, тварожная запяканка і амлет. Вопыт паказвае, што ў дні правядзення акцый дзеці ядуць значна лепш.
Акрамя гарачага харчавання, у кожнай школе арганізавана работа буфетаў. Да продажу ў іх не дапускаюцца шкодныя для здароўя прадукты, такія як чыпсы, салодкія газіраваныя напіткі і інш. У сталічных буфетах таксама ёсць інавацыі. З 1 верасня ў 101 школе пачалі працаваць “Разумныя буфеты”. Гэта новы сэрвіс безнаяўнай аплаты пакупак, які дазваляе мінімізаваць выкарыстанне наяўных грошай і гарантаваць бяспеку бюджэту вучня. Сёння такімі буфетамі карыстаюцца больш за 6000 чалавек, і іх колькасць штомесяц павялічваецца больш чым на 10%.
Сістэма адукацыі Мінскай вобласці адрозніваецца ад агульнай выбудаванай сістэмы адукацыі ў Мінску і іншых рэгіёнах. Арганізацыю харчавання ў 483 установах дашкольнай адукацыі і 503 установах агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці арганізоўваюць міжгаліновыя цэнтры забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый. Толькі ў Жодзіне арганізацыяй харчавання займаецца КШХ. Дарэчы, не раз сістэма арганізацыі харчавання Мінскай вобласці на ўзроўні рэспублікі прызнавалася найбольш эфектыўнай.
Мікалай Мікалаевіч Башко, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, расказаў, што асаблівая ўвага ўдзяляецца ў рэгіёне ўзмацненню кантролю за арганізацыяй харчавання. Для гэтага ў кожным раёне працуюць 23 міжраённыя і гарадскія пастаянна дзеючыя міжгаліновыя кантрольныя групы, якія і ажыццяўляюць кантроль. Мінская абласная камісія 2 разы на месяц па зацверджаным графіку ажыццяўляе маніторынг дзейнасці ўстановы адукацыі па пытаннях арганізацыі харчавання.
156 найбольш буйных устаноў адукацыі сёння супрацоўнічаюць з Дэпартаментам аховы МУС. Заключаныя дагаворы прадугледжваюць права работнікаў дэпартамента правяраць работнікаў кухні, калі яны пакідаюць рабочае месца. Акрамя таго, сёння ўсталявана 591 сістэма відэаназірання ў пунктах харчавання.
Валерый Мікалаевіч Галубоўскі, рэктар РІПА, адзначыў тыя моманты ў арганізацыі харчавання ва ўстановах ПТА і ССА, якія патрабуюць вырашэння ў сувязі са змяненнямі, якія адлюстраваны ў Кодэксе аб адукацыі (у прыватнасці, прывядзенне ўсіх устаноў да адзінай назвы — каледж).
Таксама ў цэнтры ўвагі былі пытанні харчавання дзяцей з асаблівымі захворваннямі, якія патрабуюць спецыяльнай дыеты (напрыклад, цэліякія, фенілкетанурыя, дыябет).
У ходзе круглага стала быў унесены шэраг прапаноў, якія будуць разгледжаны Міністэрствам адукацыі сумесна з адпаведнымі ведамствамі.
Дар’я РЭВА.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.