Смачна есці

- 16:39Актуально, На парадку дня

Грашовая норма расходаў на харчаванне ў залежнасці ад тыпу ўстановы адукацыі і часу знаходжання ў ёй павялічана ад 9 да 13%.

Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі “Актуальныя пытанні арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах дашкольнай і школьнай адукацыі ў новым навучальным годзе” расказаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. 

“Да пачатку навучальнага года праведзены планавыя рамонтныя работы, заменена састарэлае тэхналагічнае хала­дзільнае абсталяванне, кухонны інвентар і посуд, — пералічыў Аляксандр Кадлубай. — Аб’екты грамадскага харчавання ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі будуць функцыянаваць у штатным рэжыме — іх больш за 6 тысяч. Каб забяспечыць навучэнцаў збалансаваным, здаровым харчаваннем, у рэгіёнах распрацоўваецца прыкладны двухтыднёвы рацыён. Гігіенічную ацэнку на адпаведнасць патрабаванням санітарных норм і правіл ажыццяўляюць установы дзяржнагляду. Навучэнцам усіх катэгорый прадастаўляецца адзіны рацыён харчавання незалежна ад формы аплаты”.

Што тычыцца кошту харчавання, то на дзень у звычайных садах для дзяцей 1—3 гадоў, якія знаходзяцца ва ўстанове 10,5 га­дзіны, ён складае 3,2 руб­ля. У санаторных садах і групах, дзе дзеці 3—7 гадоў знаходзяцца 12—24 гадзіны, кошт складае 6,5 рубля. 

“Грашовая норма расходаў на харчаванне ў залежнасці ад тыпу ўстановы адукацыі і часу знахо­джання ў ёй павялічана ад 9 да 13%, — звярнуў увагу прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Напрыклад, ва ўстановах дашкольнай адукацыі гэтая лічба вырасла на 10%, а ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі — на 11%. 

Кошт харчавання ў школах, гімназіях і ліцэях можа вар’іравацца. Таксама гэта магчыма ва ўстановах адукацыі, якія знахо­дзяцца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання. Міністэрства адукацыі ў адпаведнасці з методыкай фарміравання грашовай нормы расходаў на харчаванне навучэнцаў, узгодненай з Міністэрствам фінансаў, Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, штоквартальна праводзіць аналіз грашовых норм расходаў на харчаванне па сярэднім кошце аптовага продажу на прадукты харчавання, якія прадастаўляюцца Нацыянальным статыстычным камітэтам. Калі гэта неабходна, Міністэрства адукацыі ўносіць прапанову па павелічэнні грашовых норм на ўзгад­ненне ў Міністэрства фінансаў. Гэта значыць, адбываецца маніторынг і павелічэнне адпаведнай нормы”.

Міністэрства адукацыі кантралюе рэалізацыю плана мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі, а таксама сочыць за тым, каб прадухіляліся прычыны карупцыйных правапарушэнняў, перадумовы іх здзяйснення. 

“Каб навесці парадак у арганізацыі харчавання навучэнцаў, працоўнымі групамі ўсіх узроўняў праводзіцца адпаведны маніторынг, арганізаваны грамадскі і вытворчы кантроль, — адзначыў Аляксандр Кадлубай. — Такой работай ахоплены ўсе ўстановы адукацыі. Акрамя гэтага, працягваецца прафілактычная работа па павышэнні ўзроўню ведаў кіраўнікоў устаноў адукацыі, персаналу аб’ектаў грамадскага харчавання, медработнікаў па выкананні заканадаўства ў частцы харчавання навучэнцаў. За апошнія тры гады рэалізацыя такіх мер дазволіла знізіць колькасць заўваг наглядных органаў устаноў дзяржнагляду больш чым у два разы. У асноўным парушэнні не з’яўляюцца сістэмнымі, а носяць бягучы характар, які абумоўлены чалавечым фактарам. У адносінах да работнікаў, якія дапусцілі парушэнні, прымаюцца адпаведныя меры”.

Нягледзячы на тое, што харчаванне ў школах збалансаванае і карыснае, ёсць бацькі, якія цікавяцца, ці можна ад яго адмовіцца. “Такое пытанне ўзнімаецца з году ў год, — падзяліўся Аляксандр Кадлубай. — Кожны раз мы нагадваем, што ў нас не прымусовая сістэма арганізацыі харчавання для падлеткаў. Але школа павінна пацікавіцца ў бацькоў, што яны гатовы прапанаваць дзіцяці ўзамен. Калі дарослыя могуць самастойна арганізаваць паўнавартаснае, здаровае харчаванне для сваіх дзяцей, то не думаю, што ўзнікнуць праблемы з адміністрацыяй навучальнай установы. Увага да навучэнца, які не харчуецца ў школе, абавязкова будзе і з боку адміністрацыі школы, і з боку класнага кіраўніка. І гэта правільна: дзіця знахо­дзіцца ў школе, умоўна кажучы, з 8 да 14 гадзін (без наведвання групы прадоўжанага дня і дадатковых заняткаў, факультатываў) — гэта даволі многа. Таму трэба разумець, як арганізавана харчаванне для такога школьніка. А бацькі павінны ведаць, што харчаванне ў школе збалансаванае і карыснае, яно пастаянна ўдасканальваецца. У нашых інтарэсах, каб дзеці елі не толькі карысную, але і смачную, а таксама эстэтычна прывабную ежу”.

Наталля САХНО.