Смачна есці ў школе!

На Маларытчыне вызначылі лепшага кухара ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Удзельнікі раённага спаборніцтва, прадэманстраваўшы свае прафесійныя ўменні і навыкі, даказалі на практыцы, што ежа ў школьнай сталовай зусім не горшая, чым у рэстаране ці кафэ.

Конкурс складаўся з трох этапаў. Першы з іх прадугледжваў пісьмовы адказ на пытанне па тэхналогіі прыгатавання, другі (дамашняе заданне) — прыгатаванне страў з яблык (з яблыкамі), трэці (практычны) — прыгатаванне страў з белакачаннай капусты (з капустай), на якое адводзілася 90 мінут. Кампетэнтнае журы пад кіраўніцтвам начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяны Лаўрэенка даволі сур’ёзна ацэньвала работу кожнага кухара.

— Пры падвядзенні вынікаў конкурсу ўлічваліся знешні выгляд удзельнікаў, арганізацыя іх працоўных месцаў, выкананне тэхнікі бяспекі, санітарных норм і тэхналогіі прыгатавання, а таксама ўзровень цяжкасці прыгатавання страў і іх прэзентацыя, смакавыя якасці ежы, — расказала інжынер-тэхнолаг Лідзія Назарук. — Усе канкурсанты выдатна справіліся з выпрабаваннямі, а прадстаўленыя работы атрымаліся апетытнымі, смачнымі і карыснымі.

Лепшым кухарам школьнай сталовай прызнана Вераніка Іванісік з сярэдняй школы № 1 Маларыты. На 2-м месцы — Таццяна Сакалюк з Маларыцкай раённай гімназіі, на 3-м — Ала Цяліпка з Вялікарыцкай сярэдняй школы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.