Папярэднія заказы па меню заўтрашняга дня, разнастайны шведскі стол і водпуск асобных страў у многапарцыённым посудзе: нязменныя атрыбуты якаснага санаторнага ці курортнага адпачынку трывала ўваходзяць у штодзённую практыку ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебшчыны.
—У буйных гарадах, асобных райцэнтрах харчаванне дзяцей арганізоўваецца праз сістэму гандлю і спажывецкай кааперацыі, але ў пераважнай большасці выпадкаў і асабліва на вёсцы гэтай справай займаюцца аддзелы адукацыі, — расказала галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Мазянькова. — Сельскія школьнікі і навучэнцы пачатковых класаў поўнасцю забяспечаны аднаразовым гарачым харчаваннем за кошт бюджэтных сродкаў. Двух- або трохразовае, у залежнасці ад узросту і часу знаходжання ва ўстанове адукацыі, бясплатнае харчаванне атрымліваюць ільготныя катэгорыі навучэнцаў, у тым ліку дзеці-інваліды і дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў. Прыемна канстатаваць, што ў новым навучальным годзе ўсе гарадскія ўстановы адукацыі забяспечылі харчаванне сваіх навучэнцаў і студэнтаў.Харчаванне ва ўстановах адукацыі арганізоўваецца на аснове прыкладных двухтыднёвых рацыёнаў, распрацаваных з улікам фізіялагічных патрэб у асноўных харчовых рэчывах і энергіі, дыферэнцыраваных па ўзросце навучэнцаў i выхаванцаў з улікам сезоннасці, разнастайнасці і спалучэння харчовых прадуктаў, спосабаў іх кулінарнай апрацоўкі. Для максімальнага ахопу гарачым харчаваннем, паляпшэння яго якасці і выхавання культуры спажывання ўкараняюцца розныя формы абслугоўвання школьнікаў, а таксама сучасныя тэхналогіі падрыхтоўкі ежы, сярод якіх — цэнтралізаваная вытворчасць паўфабрыкатаў высокай ступені гатоўнасці і гатовай кулінарнай прадукцыі. У 138 школах навучэнцам, якія маюць у гэтым патрэбу, прапануецца дыетычнае харчаванне. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі дзейнічаюць 15 школьных кафэ, 110 буфетаў з шырокім асартыментам прадукцыі грамадскага харчавання, у 5 школах арганізавана абслугоўванне па тыпе шведскага стала, у 150 — выкарыстоўваюцца папярэднія заказы.
Узорам можна назваць вопыт гімназіі № 8 Віцебска. Тут не толькі ўсе 1400 навучэнцаў ахоплены гарачым харчаваннем (38 класаў наведваюць сталовую на першай змене і 14 класаў — на другой), але і выкарыстоўваюцца розныя формы арганізацыі харчавання: бясплатнае, шматразовае, стол папярэдняга заказу, працуюць буфет і разлічаны на 16 пасадачных месцаў кафетэрый. Больш за 8 гадоў у гімназіі ажыццяўляецца абслугоўванне дзяцей па ўзоры шведскага стала. Як патлумачыла дырэктар гімназіі Раіса Грабоўская, гэта дазваляе варыятыўнасць: дзеці самі выбіраюць найбольш прывабныя для іх комплексы, і для іх гэта самая папулярная форма абслугоўвання. Калі напачатку ўдзельнікамі эксперымента былі старшакласнікі, то пазней да яго далучылася ўся гімназія — з 5 па 11 клас. У гімназіі дзейнічае вельмі жорсткі кантроль над арганізацыяй харчавання, працуе адпаведны савет, у які ўваходзяць пяць чалавек. Штодня бракеражная камісія здымае пробы і правярае нормы закладкі страў. У рамках праграмы савета па яго матэрыялах штомесяц праводзіцца нарада. Акрамя таго, немалыя сродкі ўстановай адукацыі ўкладзены ў абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Нашы дзеці накормленыя, здаровыя. У сталовай заўсёды прыемна знаходзіцца, таму што тут цёпла, утульна, прыгожа, — адзначыла Раіса Міхайлаўна. — Дарэчы, у афармленні сталовай прымаюць актыўны ўдзел як педагогі, так і вучні. Пра майстэрства нашых кухараў красамоўна сведчыць той факт, што часам бацькі навучэнцаў прыходзяць па рэцэпты ўпадабаных сынамі і дочкамі страў, прычым нярэдка пры гэтым заўважаюць: пакарміць дзіця карысна і разнастайна ў гімназіі атрымліваецца значна танней, чым дома.
Яшчэ адзін цікавы для аматара здаровага харчавання адрас — гімназія № 5 Віцебска. Яе дырэктар Людміла Дзярыба з гонарам расказвае пра загадчыка вытворчасці Вольгу Бабічаву, якая звыш 36 гадоў працуе ва ўстанове адукацыі, дзе выраслі і яе ўласныя дзеці. Відаць, таму галоўны кухарскі прынцып для Вольгі Аркадзьеўны нязменны — для ўсіх дзяцей гатаваць як для ўласных. Арганізацыя харчавання навучэнцаў у абедзвюх гімназіях — яркі прыклад выніковага міжведамаснага супрацоўніцтва, у прыватнасці, паміж сістэмай адукацыі і ААТ “Вітміл”. Работа прадпрыемства атрымала высокую ацэнку на нядаўняй міжведамаснай нарадзе ўпраўленняў адукацыі, гандлю і паслуг аблвыканкама, а таксама абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі з удзелам начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, органаў кіравання гандлем і паслугамі рай(гар)выканкамаў, кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, якія ажыццяўляюць арганізацыю харчавання ва ўстановах адукацыі. Нарада прайшла на базе згаданых вышэй устаноў адукацыі, і невыпадкова: адным з пунктаў майскай міжведамаснай калегіі аддзелам адукацыі, органам кіравання гандлем рай(гар)выканкамаў, дырэктарам устаноў адукацыі і прадпрыемстваў грамадскага харчавання Віцебска, Оршы, Полацка і Наваполацка было даручана мадэрнізаваць па адным аб’екце грамадскага харчавання пры ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У прыватнасці, ААТ “Вітміл” праведзена мадэрнізацыя сталовай гімназіі № 5: заменены вокны і мэбля ў гандлёвай зале, набыта абсталяванне для кафетэрыя — выдаткі склалі каля 458 млн рублёў. Затое вынік радуе і дзяцей, і педагогаў, і бацькоў.
— Рэалізацыя тэрытарыяльных праграм па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі на перыяд з 2011 па 2015 год знаходзілася на пастаянным кантролі ўпраўлення адукацыі, — праінфармавала Наталля Мазянькова. — Так, да новага навучальнага года на ўсіх аб’ектах грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі былі праведзены бягучыя і касметычныя рамонты на агульную суму 5189 млн рублёў, набыта 217 адзінак халадзільнага, тэхналагічнага абсталявання і 327 адзінак мэблі на суму 2103 млн рублёў. Гэтае пытанне штогод разглядаецца на пасяджэннях сумесных калегій упраўленняў адукацыі, гандлю і паслуг, аховы здароўя аблвыканкама і аблспажыўсаюза.
— Па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў яшчэ больш высокія вынікі дасягаюцца дзякуючы сумесным намаганням органаў адукацыі і гандлю, — дапоўніла намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю, грамадскага харчавання ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Ганна Гіранкова. — Так, з боку гандлю да 2015/2016 навучальнага года на правядзенне рамонтаў на аб’ектах грамадскага харчавання ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі затрачана больш за 6 млрд рублёў. Прадпрыемствы “Вітміл”, “Оршасэрвіс”, “Полацкгандаль” і “БазісНаваполацк” папоўнілі харчаблокі гарадскіх устаноў адукацыі сталовым і кухонным посудам, набылі мыйныя і дэзадараваныя сродкі. Акрамя таго, набыта 318 адзінак абсталявання на суму больш за 1,9 млрд рублёў, мэблі на суму больш за 900 млн рублёў.
Важным напрамкам работы застаецца і зніжэнне кошту школьнага меню. Закупка прадуктаў і сыравіны для арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі ў рэгіёне ажыццяўляецца на падставе тэндараў і прамых дагавораў з гаспадаркамі ці арганізацыямі. Знізіць сабекошт нярэдка ўдаецца праз усталяванне прамых сувязей з вытворцамі прадуктаў харчавання, узаемадзеянне з сельскагаспадарчымі арганізацыямі па забеспячэнні паставак у сталовыя ўстаноў адукацыі прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, а таксама развіццё ўласнай нарыхтоўчай базы.
— У Шаркаўшчынскім раёне для харчавання школьнікаў сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі вылучаецца мяса па кошце 6000 рублёў за кілаграм, што дазваляе арганізаваць найбольш рацыянальнае і збалансаванае харчаванне, з уключэннем дадаткова ў меню рыбы, кісламалочнай прадукцыі, садавіны і сокаў. Аналагічныя прыклады ёсць і ў шэрагу іншых раёнаў. Для патаннення харчавання навучэнцаў сельскіх устаноў адукацыі сёлета нарыхтавана больш за 900 т бульбы, каля 500 т агародніны і 30 т яблыкаў, што поўнасцю забяспечвае патрэбу ўстаноў адукацыі на ўвесь навучальны год, — паведаміла Наталля Мазянькова. — Планавыя заданні па нарыхтоўцы плодаагародніннай прадукцыі былі зацверджаны і даведзены да кожнай сельскай установы адукацыі. Трэба сказаць, што ў дзіцячым рацыёне выкарыстоўваюцца толькі садавіна абласных сельгасвытворцаў (Талачын, Орша). Усе ўстановы адукацыі забяспечаны нарматыўна-тэхналагічнай дакументацыяй па арганізацыі харчавання.
Па выніках міжведамаснай нарады быў выпрацаваны пратакол даручэнняў, дзе вызначаны адпаведныя задачы, комплекс мерапрыемстваў і тэрміны іх правядзення. Былі падведзены вынікі маніторынгу і, нягледзячы на выразную станоўчую дынаміку, яшчэ раз падкрэслена неабходнасць узмацнення ведамаснага кантролю за арганізацыяй харчавання ва ўстановах адукацыі і павышэння персанальнай адказнасці за яе кожнага кіраўніка на месцах. Мяркуецца, што пытанне аб арганізацыі харчавання будзе больш падрабязна разгледжана пры падвядзенні вынікаў навучальнага года.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.