Смачна тое, што вырасцілі самі

- 11:37Адукацыйная прастора

Навучальны год у сярэдняй школе аграгарадка Лінова, што ў Пружанскім раёне, пачаўся ў абноўленым будынку. За сродкі мясцовага бюджэту ўведзена ў эксплуатацыю прыбудова — блок пачатковай школы і харчаблок праектнай магутнасцю на 128 месцаў. З гэтай падзеяй 1 верасня ліноўцаў асабіста павіншаваў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

Школьная ежа асабліва смачная для вучняў не толькі таму, што яны справілі наваселле. Справа ў тым, што ліноўская беларускамоўная школа мае ўласны вучэбна-доследны ўчастак плошчай 80 сотак. Тут з дапамогай педагогаў хлопчыкі і дзяўчынкі вырошчваюць для сваёй сталовай цыбулю, моркву, буракі, часнок і фасолю. За кошт гэтага харчаванне атрымліваецца больш танным. Вучні 3—11 класаў займаюцца агародніцтвам на пазакласных уроках грамадска карыснай працы (старшакласнікі — па дзве гадзіны на тыдзень, малодшыя вучні — гадзіну).

— Наша агародніна праходзіць экспертызу ў санстанцыі. Мы забяспечваем ёй сваю школу, ліноўскі яслі-сад № 1 і іншыя ўстановы адукацыі раёна, у тым ліку ў Зеляневічах, што на мяжы з Гродзенскай вобласцю. Нават школы Пружан бралі нашу агародніну. Мы вырошчвалі і збожжавыя, якія сеялі і збіралі з дапамогай камбайнаў Аранчыцкай птушкафабрыкі і ААТ “Ліноўскае”. У школе няма вялікага сховішча, таму на ўвесь год можам забяспечыць сябе толькі буракамі. Морквы хапае да сакавіка, — расказвае дырэктар Ліноўскай сярэдняй школы Алена Макарэвіч.

Харчаблок размешчаны на першым паверсе прыбудовы. Вучні сілкуюцца бясплатна пасля другога і трэцяга ўрокаў. На першым перапынку за кошт сродкаў дзяржаўнай датацыі дадаткова харчуюцца 29 хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Па два разы наведваюць сталовую абедзве групы прадоўжанага дня.

— Са з’яўленнем новай сталовай якасць харчавання не змянілася, бо нашы кухары — сапраўдныя прафесіяналы! — гаворыць адзінаццацікласніца Аляксандра Круглей. — Цяпер умовы для прыёму ежы сталі больш камфортнымі.

Утульную атмасферу тут ствараюць сваімі рукамі. Асабліва смачна есці тое, што вырасцілі самі, таму вучні і адчуваюць сябе ў школьнай сталовай, як дома. Сілкуюцца, як кажуць, на здароўе.

Алена САКАЛОЎСКАЯ.
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА.