Смачнае мастацтва

Кулінарная і кандытарская справа — гэта сапраўднае мастацтва, а смачныя вырабы могуць быць непаўторнымі шэдэўрамі. У гэтым мог пераканацца кожны, каму давялося ўбачыць работы, прадстаўленыя на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва, які прайшоў у рамках выставы-кірмашу “ПрадЭкспа”. Работы з цеста, карамелі, масцікі, цукру, шакаладу здзіўлялі прыгажосцю, дасканаласцю выканання, цікавымі сюжэтамі. У конкурсе бралі ўдзел прафесіяналы, а таксама тыя, хто яшчэ крочыць па шляху да прафесіі, — навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі.

І.В.Купрыянчык.

Установы на любы густ

У Мінску прайшла 26-я Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш “Прад­Экспа-2020”. Кожны год гэтае маштабнае мерапрыемства збірае разам прадстаўнікоў харчовай прамысловасці. Выстава прапанавала ўдзельнікам шэраг актыўнасцей — гэта дзелавы форум, кангрэс вытворцаў і гандлёвых сетак, сімпозіумы і круглыя сталы, а таксама конкурсныя мерапрыемствы і майстар-класы.

На правядзенне мерапрыемства ў гэтым годзе наклала адбітак эпідэмічная сітуацыя: быў арганізаваны кантроль тэмпературы, масачны рэжым і правядзенне некаторых актыўнасцей у анлайн-фармаце. Колькасць удзельнікаў меншая, чым у папярэднія гады: больш за 80 прадпрыемстваў і арганізацый з Беларусі і Расіі — вытворцы і прадаўцы прадуктаў харчавання — узялі ўдзел у выставе-кірмашы.

Ксенія Патрэпка.

Традыцыйна важнай часткай выставы становяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы — удзел у іх бяруць установы прафесійнай адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для харчовай прамысловасці. У многіх школах сталіцы добра ведаюць аб гэтым мерапрыемстве і чакаюць яго, каб паказаць вучням, наколькі высокі ўзровень майстэрства ў сучасных кухараў і кандытараў, і расказаць, дзе гэтае майстэрства можна набыць.

— За некалькі тыдняў да выставы нам званілі са школ нашы пастаянныя наведвальнікі і ўдакладнялі, калі пройдзе мерапрыемства, як трапіць на яго. Гэта цудоўная магчы­масць расказаць школьнікам пра шэраг устаноў адукацыі і адразу ж паказаць магчымасці працаўладкавання, даць інфармацыю пра ўсю харчовую галіну, бо яна паўнавартасна прадстаўлена на выставе, — расказвае Вольга Дзічко, вядучы спецыліст па рэкламе спецыялізаванага часопіса “Пекар і кандытар”. — Школьнікам падабаецца ўдзельнічаць у майстар-класах, якія прапануюць каледжы і ліцэі. А яшчэ падабаецца, што на пляцоўках дзейнасць устаноў адукацыі прэзентуюць навучэнцы, якія блізкія да іх па ўзрос­це. Школьнікаў уражвае, як многа ўме­юць іх амаль аднагодкі.

Ганна Радзюк.

На выставе была прадстаўлена лінейка ўстаноў адукацыі — 15 каледжаў і ліцэяў Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцей і сталіцы падрыхтавалі свае пляцоўкі, дзе расказвалі аб дзейнасці ўстаноў.

Маладзечанскі дзяржаўны каледж, напрыклад, запрасіў на дэгустацыю безалкагольных кактэйляў, якія згатавалі і прыгожа падалі навучэнцы каледжа — будучыя кухары і афіцыянты. У абласным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі, дзе таксама рыхтуюць кухараў і афіцыянтаў, навучэнцы прадэманстравалі свае ўменні, зрабіўшы тэматычную сервіроўку навагодняга стала. Пляцоўка Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа прываблівала дзівоснымі кветкамі, якія быццам распусціліся ўнутры шкла — так эфектна выглядае 3D-жэле.

Ва Уздзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі сярод прапанаваных прафесій ёсць спецыяльнасці кухара і кандытара. Навучэнцы атрымліваюць актуальныя, сучасныя веды, сочаць за навінкамі кулінарнай індустрыі. На выставе навучэнец каледжа расказваў наведвальнікам пра гісторыю ўзнікнення такога ласунку, як трайфл, і сакрэты яго гатавання. Прадстаўнікі Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя расказвалі аб кулінарнай майстэрні, якая дзейнічае ва ўстанове. Займацца сюды прыходзяць вучні дзвюх школ і на занятках спасцігаюць азы кулінарнай і кандытарскай справы. На выставачнай пляцоўцы ліцэя можна было ўбачыць кветкі з безэ і незвычайныя вырабы з ізамальту. Майстар-клас па гатаванні бліноў з дэгустацыяй правялі навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа. А на пляцоўцы Жлобінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа частавалі духмянымі чайнымі напіткамі — сыравіну для іх вырошчваюць ва ўласным гадавальніку ўстановы.

Салодкія гісторыі

У рамках выставы праходзіў і чэмпіянат кандытарскага мастацтва, у якім не першы год бяруць удзел навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі. Чэмпіянат прапаноўваў усім жадаючым узяць удзел у 13 намінацыях.

Былі заяўлены 83 работы, і 55 з іх і прадстаўлены навучэнцамі і майстрамі вытворчага навучання каледжаў і ліцэяў.

 — Міжнародныя суддзі ацэньвалі работы анлайн, а беларускія спецылісты працавалі непасрэдна на выставе. Агульнае ўражанне, якое выказвалі члены журы, — гэта захапленне прадстаўленымі работамі,  — адзначае Людміла Аляксандраўна Аўсяннікава, рэдактар часопіса “Пекар і кандытар”, які з’яўляецца адным з арганізатараў Міжнароднага кулінарнага кубка. — Чэмпіянат право­дзіцца ўжо шмат гадоў, і прыемна заўважаць, што з кожным разам узровень работ расце, канкурсанты не перастаюць радаваць усё новымі дасягненнямі.

Работа з харчовымі прадуктамі — гэта мноства розных цікавых тэхнік. Напрыклад, карвінг — мастацкае выразанне па фруктах і агародніне. Ужо некалькі гадоў у Слуцкім дзяржаўным каледжы дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах, дзе навучэнцаў з гэтай тэхнікай знаёміць Вольга Барысаўна Канапелькіна. Яна прадставіла сваю работу ў намінацыі “Карвінг”. У якасці матэрыялу для выразання выбрала гарбузы. Карункі з сакавіта-аранжавай мякаці цудоўна выглядаюць на цёмна-зялёнай скурцы. Тэмай работы стала “Песня глушца”. Майстэрства Вольгі Барысаўны было адзначана залатой узнагародай чэмпіянату.

Дарэчы, для случчан гэты чэмпіянат нао­гул багаты на “золата”: яшчэ дзве перамогі былі заваяваны ў намінацыі “Работа з масцікі”. У намінацыі ўдзельнічалі майстар вытворчага навучання Ірына Васільеўна Купрыянчык і яе навучэнка Ганна Радзюк. Асаблівасць гэтых работ у тым, што кожная з іх расказвае цэлую разгорнутую гісторыю. Так працуе Ірына Васільеўна, гэтаму вучыць і Ганну. Ганна прыдумала і ўвасобіла торт у выглядзе сырнага дома, дзе жыве вясёлая мышыная сям’я. Кожны персанаж гэтай гісторыі атрымаўся вельмі жывым і цікавым. Аўтару ўдалося пера­даць эмоцыі кожнага ўдзель­ніка гісторыі. Пры гэтым дзяўчына вучыцца яшчэ толькі на другім курсе. Работа Ірыны Васільеўны Купрыянчык — гэта таксама цэлая імпрэза пад назвай “Цырк”. Тут столькі цікавых дэталей, што разглядаць яе работу і заўважаць усё новыя і новыя цікавыя моманты можна бясконца.

— Безумоўна, праца­ваць над конкурснымі работамі даводзіцца вельмі доўга і карпатліва, бо патрабуецца вельмі высокі ўзровень. Журы заўважае ўсё. Напрыклад, калі ты робіш нейкую жывёлу, то трэба не толькі дасягнуць падабенства, але таксама ўлічыць прапорцыі цела, удала перадаць рухі, — расказвае Ірына Купрыянчык.

Ва ўстановах адукацыі ўвесь час пашыраюць вучэбныя прасторы і бяруць на ўзбраенне новыя тэхналогіі. Напрыклад, у Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі гэта адбываецца на факультатыўных занятках “Кандытарскае мастацтва”. У гэтым годзе пачалі працаваць з карамеллю і ўпершыню прадставілі работу на чэмпіянаце. У выніку заслужылі “серабро”.

Спаборніцтвы паказваюць, што ва ўстановах адукацыі здольны вельмі хутка разгле­дзець і раскрыць талент навучэнца. Пацвярджае гэта той факт, што сярод канкурсантаў ёсць тыя, хто вучыцца яшчэ толькі на першым курсе. Як, напрыклад, Максім Артамонаў з Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Ён працаваў з пасцілажам. Гэта няпросты матэрыял — рэчыва накшталт самаробнай масцікі, якое робіцца з жэлаціну, цукровай пудры, лімоннай кіслаты. Пасцілаж падобны да пластыліну, але вельмі хутка сохне і патрабуе пэўных умоў пры рабоце з ім. Усё гэта Максім ужо вывучыў.

— Я заўсёды марыў пабываць у Венецыі на знакамітым карнавале. І гэтая мара натхніла мяне на стварэнне венецыянскіх карнавальных масак з пасцілажу. Яны пафарбаваны гелевымі харчовымі фарбамі, упрыгожаны кандытарскім бісерам і кандытарскімі карункамі, — расказвае пра сваю работу Максім Артамонаў.

Дэбют юнака на чэмпіянаце быў паспяховым: ён атрымаў бронзавую ўзнагароду. Яшчэ адна навучэнка Маладзечанскага каледжа — Валерыя Іванова — таксама выступала ў намінацыі “Пасцілаж” і заваявала “серабро” і “бронзу”.

Конкурсы спрыяюць прафесійнаму сталенню навучэнцаў. Напрыклад, Ксенія Патрэпка, навучэнка Гродзенскага тэхналагічнага каледжа, удзельнічае ў чэмпіянаце ў рамках выставы-кірмашу “ПрадЭкспа” другі год запар. Нядаўна яна выступала на Нацыянальным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020. Рыхтуючыся да гэтых спаборніцтваў, яна вывучыла, здаецца, усё пра шакалад, засвоіла ўсе вядомыя на сёння тэхнікі работы з ім: лепка, мармур, велюр, тэмпераванне, аэрограф і іншыя. І ў той жа час конкурсы далі разуменне, што заўсёды ёсць куды расці.

— Я разумею, што добра засвоіла ўсе базавыя ўмені і навыкі, выкананне многіх аперацый даведзена да аўтаматызму, і сёння напрацоўваю хуткасць работы. А яшчэ працую над дасканаласцю выканання, бо менавіта гэта адрознівае майстра і дазваляе ствараць шэдэўры. Менавіта да гэтага я імкнуся, — расказвае Ксенія.

Працаваць з шакаладам няпроста: нават невялікае змяненне тэмпературы можа прывесці да пашкоджання вырабу, яго вельмі складана транспартаваць. Аднак усе гэтыя нюансы былі ўлічаны, і Ксенія прадставіла сваю работу ў намінацыі “Работа з шакаладу”. Дарэчы, дзяўчына была адзінай навучэнкай устаноў прафесійнай адукацыі ў гэтай намінацыі. У выніку яе работа “Скрыня з кветкамі” адзначана сярэбранай узнагародай.

Многія ўстановы прафесійнай адукацыі рыхтуюць сваіх удзельнікаў да чэмпіянату ўжо некалькі гадоў запар. У выніку выпрацоўваецца ўласная сістэма работы, якая дазваляе выступаць паспяхова на розных прафесійных спаборніцтвах. Так, напрыклад, спецыялі­сты Дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага кале­джа хлебапячэння пастаянна шукаюць будучых канкурсантаў сярод мноства таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія вучацца ва ўстанове. Выбіраюць, разумеючы, што, акрамя таленту, для такой дзейнасці неабходна цярплівасць, стрэсаўстойлівасць, гатоў­насць многа і ўпарта працаваць. Такі падыход дае плён — на чэмпіянаце ў мінулым годзе навучэнка каледжа Алена Дзенісевіч атрымала залаты медаль у намінацыі “Святочны торт”. І ў гэтым годзе зноў “золата”! Такога выніку дасягнула ў той жа намінацыі Аляксандра Скуратовіч.

Для прадстаўнікоў прадпрыемстваў “Прад­Экспа”— гэта магчымасць убачыць сваю будучыню, увасобленую ў моладзі. Дарэчы, нярэдка юныя ўдзельнікі выставы, асабліва тыя, хто бярэ ўдзел у конкурсах, на мерапрыемстве атрымліваюць прапановы работы. Навучэнцы прафесійных каледжаў і ліцэяў на выставе маюць магчымасць пазнаёміцца з супольнасцю працаўнікоў галіны, часткай якой яны ў хуткім часе стануць. Гэтае мерапрыемства дазваляе пачынаючым кухарам і кандытарам пазнаёміцца таксама з навінкамі сваёй прафесійнай сферы і з зоркамі кулінарнага і кандытарскага майстэрства, бо на выставе-кірмашы ладзяцца паказальныя выступленні і майстар-класы прафесіяналаў. А яшчэ гэта цудоўная пляцоўка, дзе моладзь дэманструе свае таленты, расказвае свае салодкія гісторыі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.