“Смачная” экскурсія

Прапаноўваючы вучням паехаць на прадпрыемства, дзе вырабляюць марожанае, я не магла ўявіць, што ахвотных будзе так шмат! 42 хлопчыкі і дзяўчынкі запісаліся ў цікавую паездку.

Арганізаваць экскурсію на СП “Санта Брэмар” дапамаглі бацькі школьнікаў, якія там працуюць. Дырэктар прадпрыемства С.М.Нядбайлаў пайшоў нам насустрач і дазволіў наведаць цэх марожанага, што не з’яўляецца распаўсюджанай справай.

Пасля інструктажу па тэхніцы бяспецы, апранання аднаразовага спецадзення і абавязковай дэзынфекцыі вучні апынуліся ў цэху па вырабе марожанага.

Пад дружалюбныя ўсмешкі супрацоўнікаў і іх падрабязныя каментарыі дзеці прасачылі ўвесь вытворчы цыкл смачнай прадукцыі. Школьнікі на свае вочы пераканаліся ў натуральнасці сыравіны, экалагічнасці вытворчасці і механізацыі ўсяго працэсу. Дзеці былі ў захапленні ад таго, як іх любімае марожанае наліваецца ў вафельныя ражкі, ахалоджваецца і фасуецца. Але самыя незабыўныя ўражанні, безумоўна, пакінула дэгустацыя прадукцыі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю пакаштавалі 4 сарты марожанага.

“Гэта была самая “смачная” экскурсія з усіх!” — гаварылі дзеці.

Ірына ФЯДЗЕЧКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Раснянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.