Смачная каша курсанцкая

У адзіны строй сталі вучні і курсанты. Менавіта так, з агульнага пастраення будучых абітурыентаў і курсантаў, пачынаецца на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы дзень адкрытых дзвярэй.

Паступленне ў ваенныя навучальныя ўстановы мае сваю спецыфіку. Так, да першага красавіка абітурыент павінен падаць заяву ў ваенны камісарыят і прайсці прафесійны адбор. Пра гэта, а таксама пра ўсе ўмовы паступлення на ваенны факультэт навучэнцы 9—11 класаў школ Гродзенскай вобласці даведаліся ад кіраўніцтва факультэта. Актыўны ўдзел у прафарыентацыйным мерапрыемстве прымалі і курсанты, а пытанняў ім задавалі не менш, чым выкладчыкам афіцэрам.

Самымі першымі прыехалі на ваенны факультэт Уладзіслаў Лапо і яго мама Нэлі Валянцінаўна. Шлях з Магілёва да Гродна няблізкі, але ў восем гадзін раніцы навучэнец 38-й магілёўскай школы ўжо размаўляў з начальнікам ваеннага фкультэта палкоўнікам Лявонціем Юр’евічам Паўлавым.

Уладзіслаў марыць паступіць на спецыяльнасць “Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых”. Хлопец мае разрад майстра спорту па плаванні і да выбару ваеннай прафесіі падыходзіць свядома. Знаёмства з ваенным факультэтам умацавала жаданне паступаць менавіта сюды.

Для старшакласнікаў падрыхтавалі цікавую праграму: яны азнаёміліся з умовамі паступлення, навучання і пражывання курсантаў, паспрабавалі сябе на розных навучальных трэнажорах, азнаёміліся з выставай ваеннай формы. Даведаліся таксама, што курсанты падчас навучання бясплатна праходзяць падрыхтоўку вадзіцеляў катэгорыі “В” з правам здачы экзаменаў у ДАІ.

Не абышлося і без салдацкай кашы, а правільней — курсанцкай. Упершыню ў гэтым годзе на дні адкрытых дзвярэй навучэнцам прадэманстравалі палявую лазню і палявую кухню са сталовай і накармілі ўсіх смачнай грэцкай кашай з тушонкай, якую згатавалі курсанты старшага курса.

Навучэнцы Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна прыехалі на ваенны факультэт са сваім класным кіраўніком Аленай Іосіфаўнай Лук’янчук.

— Такія мерапрыемствы вельмі карысныя, — говорыць Алена Іосіфаўна. — Канечне, не ўсе выберуць прафесію кадравага афіцэра, але ў арміі служыць павінен кожны хлопец. Тут яны ўбачылі і сучасную зброю, і казарму, дзе курсанты самі падтрымліваюць узорны парадак. Два мае былыя выпускнікі — Кірыл Лапацік і Яўген Хваль — паступілі ў ваенныя навучальныя ўстановы. Спадзяюся, што хтосьці з сённяшніх вучняў пойдзе па іх слядах.

А вось навучэнец сярэдняй школы № 5 Мастоў Арцём Гасюль з выбарам прафессіі ваеннага ўжо вызначыўся. Паспрабаваўшы цяжар 12-кілаграмовай сапраўднай бронекамізэлькі, яшчэ раз упэўніўся: ваенная справа цяжкая, але пачэсная.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.