Смак алімпіядных перамог

- 10:00Людзі адукацыі

Блаславёны час у жыцці чалавека, калі прыходзіць поспех. Але выпадае ён не ўсім, а толькі тым, хто гэта заслужыў — упартай працай, самаадданасцю, верай у сваю справу. На працягу немалой колькасці гадоў такі поспех суправаджае Ірыну Іванаўну Багдзель, настаўніцу рускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 1 Бярозаўкі Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.

Ірына Іванаўна з дзяцінства марыла стаць менавіта настаўніцай. У іншай прафесіі яна сябе не ўяўляла. Любімым прадметам у школе была геаграфія. Але лёс распарадзіўся так, што ў 1981 годзе стала студэнткай філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна.

З 1996 года працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 1 Бярозаўкі. Усе адразу адчулі, што калектыў папоўніўся яшчэ адным ініцыятыўным, творчым і вельмі адказным педагогам.

З энтузіязмам і зацікаўленасцю ўзялася за кіраўніцтва алімпіяднай школай, у склад якой уваходзяць вучні з 5 па 11 класы.

— Гэта вельмі няпроста, — адзначае Ірына Іванаўна, — арганізаваць работу так, каб дзецям рознага ўзросту з розным узроўнем падрыхтаванасці заняткі сталі цікавымі, карыснымі і эфектыўнымі. Каб атрымаць годны вынік, мала пісьменна пісаць і гаварыць. Нават веданне вялікай колькасці правіл і мала знаёмых фактаў не гарантуе перамогу ў алімпіядзе. Неабходна навучыць дзяцей паслядоўна і лагічна думаць, шукаць інфармацыю і выкарыстоўваць яе для выканання пастаўленых задач, прымаць смелыя і нестандартныя рашэнні.

У сваю чаргу ўдзельнікі алімпіяднай школы бачаць многа пераваг такога “рознаўзроставага” навучання. Ульяна Быстрыцкая, вучаніца 8 класа, пераможца алімпіяд пакуль яшчэ на ўзроўні раёна, адзначае: “Дзякуючы дадатковым заняткам у алімпіяднай школе і гледзячы на старэйшых вучаніц, я значна пашырыла свой кругагляд, веды выйшлі за межы школьных падручнікаў. Я стала разумець каштоўнасць ведаў, адказна адносіцца да вынікаў сваёй працы”.

“Мы навучыліся працаваць у камандзе, паважаць пункт гледжання суразмоўніка, дапамагаць адно аднаму ў стрэсавай сітуацыі”, — такія каштоўныя якасці набыла пераможца II этапу рэспубліканскаай алімпіяды вучаніца 9 класа Марціна Расолька.

І ўсе салідарныя ў тым, што без дапамогі і падтрымкі настаўніцы, яе глыбокіх ведаў, зацікаўленасці прадметам, умення натхніць на штодзённую руплівую працу і паверыць у свае сілы, не змаглі б адчуць смак перамогі, ад якога ўжо немагчыма адмовіцца.

Такім чынам, сістэматычны і карпатлівы пошук, а таксама праца, часта чарнавая і руцінная, абавязкова напоўненая роздумам, сталі прыносіць вынікі. Пачынаючы з 2003 года выхаванцы Ірыны Іванаўны заваявалі 36 перамог раённага і 5 перамог абласнога ўзроўню.

У бягучым навучальным го­дзе трое навучэнцаў прынялі ­ўдзел у II этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

 — Вельмі прыемна, — дзеліцца пачуццямі Ірына Іванаўна, — што ўсе яны вярнуліся з дыпломамі. У Лідскім раёне высокі ўзровень канкурэнтаў. Нестандартнае мысленне, фенаменальная памяць, павышаная пазнавальная патрэба і, канечне, штодзённая праца і імкненне да перамогі — якасці, якія дапамаглі маладым талентам дасягнуць поспеху.

Асабліва яркай стала перамога ў III (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды 2020 года, па выніках якой вучаніца 11 класа Віялета Багушэвіч ўзнагароджана дыпломам I ступені. “Гэта было вельмі нечакана, — гаворыць дзяўчына. — Па выніках абласнога рэйтынга сярод удзельнікаў III этапу алімпіяды я была апошняй. З аднога боку, гэты факт уносіў сумненне ў тое, што змагу стаць пераможцай. А з другога боку, падштурхнуў сканцэнтраваць ўсе намаганні для дасягнення пастаўленай мэты. Перамога чарговы раз дазволіла перажыць асалоду поспеху, адчуць упэўненасць у сабе і сваіх сілах. Але самым каштоўным лічу вопыт, які назапасіла ў працэсе падрыхтоўкі. Здаровыя амбіцыі, уменне арганізаваць сваю дзейнасць, самастойна авалодаць пэўнымі ведамі і ўменнямі — вось тыя каштоўныя якасці, якія я набыла і якія неабходны кожнаму сучаснаму маладому чалавеку”.

Паспяховасць педагога заключаецца не толькі ў выніковым выступленні навучэнцаў у алімпіядах. Эфектыўнасцю і практычнай накіраванасцю адрозніваюцца штодзённыя метадычна спланаваныя вучэбныя і факультатыўныя заняткі. Па выніках ЦТ па рускай мове 2018 года сярэдняя школа № 1 Бярозаўкі  займае першы радок у рэйтынгу сярод школ не толькі раёна і вобласці, але і ўсёй краіны. Удзел у рабоце даследчага таварыства “Эрудыт”, якое існуе ў школе ўжо 20 гадоў, дазваляе фарміраваць і развіваць у вучняў уменні аналізаваць і рабіць вывады, бачыць праблемы і вырашаць іх — і тым самым папаўняць скарбонку перамог у канферэнцыях даследчага характару. Так,  па выніках адкрытай рэгіянальнай канферэнцыі даследчых работ “Прыступкі да навукі” 2019 года  вучні 9 класа Аляксандр Каранеўскі і Ганна Грынько, дзейнасцю якіх кіравала Ірына Іванаўна, занялі 3-е месца і сталі ўдзельнікамі абласнога конкурсу даследчых работ “Крыштальная Альфа”.

Кіруючы школьным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў гуманітарнага напрамку, Ірына Іванаўна прапагандуе сярод калег укараненне ў педагагічную практыку прынцыпаў кампетэнтнаснага падыходу, сродкаў фарміравання чытацкай дасведчанасці, мэтазгоднага выкарыстання ІКТ. Яе эфектыўны педагагічны вопыт запатрабаваны і на раённым узроўні. Вялікую цікавасць сярод настаўнікаў-філолагаў Лідскага раёна выклікалі паведамленні аб эфектыўных прыёмах праверкі і ацэнкі ведаў навучэнцаў на ўроках рускай мовы, аб сістэме пад­рыхтоўкі вучняў да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання.

Дадатковым доказам плённай працы настаўніцы з’яўляецца шэраг узнагарод, якімі адзначана Ірына Іванаўна Багдзель за дасянутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, у тым ліку і грамата Міністэр­ства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Амаль кожны год выпускнікі школы для далейшай адукацыі выбіраюць філалагічныя факультэты ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны.

Ірына Іванаўна — не проста таленавіты і выніковы настаўнік. Гэта абаяльная жанчына, якая разам з мужам выхавала двух сыноў. Яна ўпэўнена, што школа, соцыум уносяць свае карэктывы ў фарміраванне асобы чалавека, але асноўную ролю ў гэтым адыгрывае сям’я.

— Галоўным выхавальнікам, — лічыць Ірына Іванаўна, — з’яўляецца любоў. Дзеці капіруюць мадэль паводзін бацькоў. Калі ў сям’і пануе любоў, павага да старэйшых, працавітасць, прыстойнасць і сумленнасць, то можна быць упэўненым, што ў такіх умовах вырастуць дзеці, якімі можна будзе ганарыцца.

Нягледзячы на тое, што работа патрабуе шмат часу, у жыцці Ірыны Іванаўны знаходзіцца месца для захапленняў. З частай перыядычнасцю ў гардэробе настаўніцы з’яўляюцца новыя эксклюзіўныя вязаныя рэчы, створаныя па асабістых эскізах яе рукамі. А яшчэ кветкі… Яны ўсюды — у школьным кабінеце, у пакоях яе ўтульнай кватэры. Асабліва многа на дачы, дзе з ранняй вясны да позняй восені, агорнутая любоўю і цяплом блізкіх, любіць праводзіць вольны час Ірына Іванаўна і з замілаваннем назіраць, як падрастаюць яе ўнукі.

Таццяна НЭСАН,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Бярозаўкі Лідскага раёна Гродзенскай вобласці