Смак крэатыву

Адным з удзельнікаў прафесійнай кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” з’яўляецца Уладзіслаў Акуловіч, майстар вытворчага навучання па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” Слуцкага дзяржаўнага каледжа.

Перш чым пачаць расказваць пра канкурсанта, хочацца спыніцца на самой навучальнай установе, якую па праве называюць адной з лепшых у сістэме прафесійнай адукацыі краіны.

У Слуцкім дзяржаўным каледжы падрыхтоўка спецыялістаў для грамадскага харчавання вядзецца больш за 30 гадоў. У каледжы створана магутная, забяспечаная сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем база, якая дазваляе вывучаць самыя перадавыя тэхналогіі сучаснай вытворчасці. Найбольшую ўвагу прыцягвае рэсурсны цэнтр, дзе сканцэнтравана найноўшая тэхніка. Навучэнцы каледжа іншых устаноў такога ж профілю могуць набіваць руку ў гатаванні самых складаных страў, вучыцца эстэтычна іх аздабляць, правільна падаваць да стала.

Сёння спецыяліст грамадскага харчавання — адна з самых запатрабаваных прафесій. Прадпрыемства гэтай сферы — гэта спалучэнне бездакорнай кухні, найноўшых тэхналогій, крэатыўнага фармату, добразычлівага прафесійнага абслугоўвання. Таму рэстаратары вельмі заклапочаны тым, каб да іх прыходзілі спецыялісты самай высокай пробы. Без сумнення, менавіта такія кадры і рыхтуе Слуцкі дзяржаўны каледж.

На ўсіх папярэдніх чэмпіянатах WorldSkills Belarus удзельнічалі навучэнцы гэтай установы і паказвалі добрыя вынікі. На гэты раз было вырашана даверыць прадстаўляць каледж на такім высокім узроўні выпускніку 2015 года Уладзіславу Акуловічу.

Уладзіслаў працуе майстрам вытворчага навучання па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” і вучыць прафесіі кухара. Майстар прайшоў ужо некалькі этапаў ва ўдасканаленні сваёй прафесійнай дзейнасці. Спачатку гэта былі дзве ступені навучання ў каледжы: прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная. Калі ён канчаткова вызначыўся ў правільнасці выбранай прафесіі, паступіў у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Для ўрокаў Уладзіслава Акуловіча характэрна тое, што ён многа ўвагі ўдзяляе традыцыям беларускай кулінарыі, стараецца падштурхнуць навучэнцаў да самаразвіцця, творчага падыходу пры засваенні прафесійных навыкаў.

Уладзіслаў расказвае, што ў дзяцінстве нават думкі не дапускаў, што будзе кухарам, больш цікавіўся тэхнікай. Яго бацькі ніколі не мелі дачынення да кухарскай справы, акрамя таго, што яго маці смачна гатавала. Але лёс усё ж павярнуў хлопца ў бок менавіта Слуцкага дзяржаўнага каледжа. На выбар паўплывала бабуля Уладзіслава — Ганна Адамаўна Валатовіч, якая скончыла гэтую ж установу.

Па меркаванні Уладзіслава, кулінарыя — гэта цэлая навука, якую трэба пастаянна спасцігаць. У яго ўяўленні сапраўдны кулінар — гэта перш за ўсё адукаваны, творчы, культурны чалавек. Кухар — гэта мастак, нездарма ж кажуць “кулінарнае мастацтва”. Па меркаванні Уладзіслава, кухар павінен разбірацца ў дызайне, каб умець прыгожа афармляць стравы, складаць меню, выбіраць адпаведны посуд для падачы страў. Галоўным у прафесіі майстар лічыць самадысцыпліну, штодзённую вучобу, эксперыментальную работу, здабыванне вопыту, укараненне новых тэхналогій гатавання ежы, прапанаваных кулінарнай навукай, і, безумоўна, захоўванне нацыянальных традыцый беларускай кухні.

Што да ўражанняў ад нацыянальнага чэмпіянату, то Уладзіслаў рады знаёмству з яркімі і таленавітымі людзьмі, умацаванню сяброўскіх адносін з іншымі ўдзельнікамі, магчымасці праяўлення свайго творчага пачатку, назапашвання вопыту. Такі экзамен для майстра стане добрай школай для далейшай педагагічнай дзейнасці.

Ала КЛЮЙКО.