Смак педагагічнай працы

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Прафесiяналiзм і кампетэнтнасць педагога — галоўныя ўмовы якаснай адукацыi. Але па якіх крытэрыях іх вызначаць?  

— Прафесіяналізм педагога ўключае шмат складнікаў, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы Маларыты № 1 Н.В.Іванова. — Грамадства заўсёды прад’яўляла да настаўніка высокія патрабаванні. Сучасны педагог павінен мець выразную грамадзянскую пазіцыю, быць адказным і сацыяльна актыўным, валодаць высокім узроўнем псіхолага-педагагічнай культуры, па-дзелавому падыходзіць да справы, генерыраваць новыя ідэі, сумяшчаць патрабавальнасць і справядлівасць, ураўнаважанасць, ветлівасць і добразычлівасць, адчуваць пульс жыцця, паўнату падзей, умець узаемадзейнічаць з вучнямі… Гэты пералік можна працягваць і працягваць.

Н.В.Іванова ўпэўнена, што атрыманне педагагічнай адукацыі не гарантыя таго, што ты ўжо стаў настаўнікам. Настаўнiк пачынаецца не з моманту заканчэння ўнiверсiтэта. Узрост і стаж таксама не галоўныя паказчыкі прафесіяналізму і аўтарытэту. Аўтарытэт — у добрым веданні справы, ва ўменні зацікавіць дзяцей, данесці неабходныя веды, павесці за сабой. 

Навукоўцы тлумачаць прафесіяналізм так: “Гэта выкананне заданняў з максімальнай стараннасцю, уменнямі і ведамі, якія чалавек мае ў пэўнай сферы жыццядзейнасці. З гэтым не нараджаюцца, але гэтага можна дасягнуць. Прафесіяналізм павінен удасканальвацца на працягу ўсяго жыцця”.

З такой думкай цалкам згодны выхавальнік групы прадоўжанага дня М.І.Лямачка з сярэдняй школы № 1 Маларыты. Ён адзіны мужчына ў раёне, які працуе па гэтай спецыяльнасці. За плячыма ў яго ўсяго два гады педстажу. Нягледзячы на гэта, на маладога спецыяліста ўжо звярнулі ўвагу ў раённым аддзеле па адукацыі.

— Хацелася б, каб такіх педагогаў было як мага больш у школах, — прызнаецца начальнік раённага аддзела па адукацыі Т.М.Лаўрэенка. — Мікалай Іванавіч Лямачка адказны, прынцыповы, справядлівы, імкнецца дабівацца пастаўленых мэт. У пэўнай ступені маладога педагога можна лічыць прафесіяналам сваёй справы. 

Шлях у педагогі ў М.І.Лямачкі адначасова быў звыклым і нязвыклым. Пра работу ў школе ён марыў яшчэ сямікласнікам. Значны ўплыў на яго аказалі настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Аляксандр Шугала і Людміла Хадатчук, якія былі для юнака прыкладам. Не раз ён уяўляў сябе ля карты з указкай. Да паступлення на гістарычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна М.І.Лямачка рыхтаваўся старанна і грунтоўна.

— Але жыццё распарадзілася інакш, — расказвае педагог. — Пасля заканчэння школы паступіў у Беларускі дзяржаўны медыцынскі каледж у Мінску. Праўда, на 3 курсе ўсвядоміў, што памыліўся з жыццёвым выбарам. Кінуў вучобу. У 2015 годзе паступіў туды, куды збіраўся раней: на гістфак БрДУ імя А.С.Пушкіна. Пасля атрымання дыплома ўладкаваўся настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў Ляхавецкі дзіцячы сад — сярэднюю школу, але ненадоўга. Неўзабаве апынуўся ў сярэдняй школе № 1 Маларыты, дзе стаў выхавальнікам групы прадоўжанага дня ў 3 класе. 

Работай педагога задаволены і адміністрацыя ўстановы, і бацькі дзяцей. Сёння вельмі не хапае мужчынскага падыходу да выхавання.

— Цяпер без сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак, гарэзлівых, непаседлівых, дапытлівых, часам свавольных, не ўяўляю жыцця, — гаворыць М.І.Лямачка. — Паспрабаваўшы сябе ў прафесіі, зразумеў, што работа з дзецьмі — гэта назаўсёды, гэта маё. Адчуў сапраўдны смак педагагічнай працы.

Упершыню на такой думцы выхавальнік злавіў сябе падчас педагагічнай практыкі пасля 3 курса ў аздараўленчым лагеры “Равеснік”, дзе працуе і сёння. Хаця педстаж у М.І.Лямачкі невялікі, у яго можна многаму павучыцца. Галоўнае ў яго дзейнасці — прымаць вучняў такімі, якія яны ёсць. Выхавальнік упэўнены, што нельга дзяліць дзяцей на добрых і дрэнных, паслухмяных і неслухаў. Усе яны свае, усе падатлівыя і мяккія, як гліна. Было б толькі жаданне іх змяніць да лепшага. У руках майстра, як вядома, гліна набывае патрэбную форму.

— Згодны з думкай вядомага педагога-наватара Шалвы Аманашвілі, які сцвярджаў, што дзеці бязмежныя ў сваіх здольнасцях, таму кожнаму з іх неабходны свой занятак, — гаворыць М.І.Лямачка. — Яны хочуць свабоды, а свабода — гэта выбар. На занятках знаходжу справу для кожнага. Толькі тады будзе пэўны вынік. Сучасных дзяцей чымсьці зацікавіць складана, але магчыма. Педагог на ўроку павінен быць галоўным, пастаянна скіроўваць дзяцей у патрэбнае рэчышча, быць адначасова філосафам і дырыжорам, арганізатарам і навукоўцам, псіхолагам і артыстам.

Галоўная мара педагога — стаць сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, таму ён пастаянна займаецца самаадукацыяй і самаўдасканаленнем. 

— Каб жыць у краіне дзяцінства, варта быць надзвычай крэатыўным. Педагог павінен умець не парушыць трапяткія дзіцячыя фантазіі, гарманічна ўпісвацца ў іх. Выхавальніку ГПД трэба не толькі любіць сваіх падапечных, але і быць з імі на адной хвалі, умець ставіць сябе на іх месца, думаць, як дзеці. А яшчэ варта мець вялікае цярпенне, вытрымку і такт, умець наладжваць зносіны з бацькамі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.