Смарт-кантракты маюць будучыню,

- 14:54Суразмоўца

бо гарантуюць бяспеку здзелкі, зберагаюць сродкі і час

З прыняццем Дэкрэта № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі” Беларусь легалізавала крыптавалюты на сваёй тэрыторыі. У студзені ў краіне пачала працаваць крыптабіржа, якая дазваляе абменьваць звычайныя (пакуль што) грошы на крыптавалюты. Як чакаецца, гэта дазволіць кампаніям больш актыўна выкарыстоўваць і смарт-кантракты. Дарэчы, “Вікіпедыя” так і напісала: “Першай краінай, якая заканадаўча замацавала смарт-кантракты, стала Беларусь”. Пра тое, што гэта такое — разумныя кантракты і як яны працуюць, мы гутарым з загадчыкам кафедры карпаратыўных фінансаў эканамічнага факультэта БДУ Ірынай КАРАЧУН.

— Ірына Андрэеўна, сёння ва ўсіх размовах пра лічбавую трансфармацыю грамадства так ці інакш узгадваюцца смарт-кантракты. Што гэта? Можна чакаць, што ў недалёкай будучыні яны стануць часткай нашага жыцця?

— Смарт-кантракт — гэта дамова, напісаная ў выглядзе камп’ютарнага кода, пры выкананні якой бакі абменьваюцца якімі-небудзь актывамі. Пры гэтым дзеянні па кантракце адбываюцца аўтаматычна.

Калі гаварыць пра звычайны кантракт, то няпэўнасць можа быць з двух бакоў. Таму для заключэння любой здзелкі даводзіцца далучаць юрыстаў, якія дапамагаюць аформіць дакументы, і аплачваць іх нятанныя паслугі. Іншымі словамі, патрэбна гарантыя трэцяга боку. Больш за тое, для правядзення разлікаў па кантракце патрабуюцца яшчэ і паслугі банка па абслугоўванні рахункаў і грашовых пераводаў, што таксама вымагае выдаткаў часу і сродкаў. А ў выпадку невыканання ўмоў здзелкі людзі мусяць звяртацца ў суд.

Тэрмін “смарт-кантракт” прыдумаў крыптограф, інфарматык і правазнаўца Нік Сабо ў сярэдзіне 90-х гадоў. Ужо тады ён зразумеў, што ў дэцэнтралізаванай сістэме можна заключаць электронныя кантракты, якія выконваюцца аўтаматычна. Ажыццявіць гэтую ідэю на практыцы стала магчыма пасля распаўсю­джання ў 2008 годзе тэхналогіі блокчэйн.

Смарт-кантракт, які заснаваны на крыптаграфіі, робіць здзелку бяспечнай: удзельнікі могуць быць упэўнены, што ўсе ўмовы будуць выкананы. І не трэба юрыстаў і кантралюючых органаў. Напрыклад, вы набываеце нейкі тавар. У праграмным кодзе прапісваецца дата, калі павінна прайсці аплата, адпаведна, з другога боку — адпраўлены тавар. Неабходная сума рэзервуецца ў блокчэйне, і толькі пасля пацвярджэння (праз электронную пошту, СМС ці інш.), што тавар атрыманы, грошы паступяць на рахунак прадаўца. Калі ж транзакцыі няма, то кантракт аўтаматычна разрываецца і нічога не адбываецца.

Такім чынам, смарт-кантракт уяўляецца больш выгадным, чым звычайны. Тэхналогія блокчэйн выключае любое знешняе ўмяшанне; ніхто не можа змяніць умовы здзел­кі, яна адбываецца аўтаматычна. Выдаткі на паслугі юрыстаў і час правядзення здзелкі істотна скарачаюцца. Адзіная (але вельмі важкая) прычына, па якой смарт-кантракты пакуль не атрымалі шырокага распаўсю­джання, — тое, што транзакцыі павінны ажыццяўляцца ў крыптавалюце.

— Многае ў свеце вызначаецца мэтазгоднасцю, і тое, што выгадна (больш бяспечна, больш танна, больш хутка), усё роўна праб’е дарогу…

— Так, у свеце гэта працуе. І беларускія праграмісты таксама пачынаюць па­крысе асвойваць смарт-кантракты. З цягам часу, трэба думаць, іх будзе станавіцца ўсё больш.

Пакуль смарт-кантрактамі цікавяцца пераважна юрыдычныя асобы. Калі гаварыць пра прымяненне, то гэта могуць быць розныя схемы крэдытавання. Зараз, каб атрымаць крэдыт, трэба сабраць даведкі, прыйс­ці ў банк, паставіць подпісы, чакаць пэўны час. Пагадзіцеся, куды прыемней імгненна атрымаць грошы і пры гэтым не плаціць ніякім пасрэднікам — такую перспектыву адкрывае крэдытаванне з дапамогай смарт-кантрактаў.

Наколькі хутка смарт-кантракты ўвой­дуць у наша жыццё, сказаць цяжка. Сёння ўсё, што звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі, цікавіць пераважна маладых лю­дзей, а ў іх пакуль няма грошай, дастатковых для адпаведных інвестыцый. А вось калі яны заробяць свае капіталы, атрымаюць грошы ў спадчыну ад сваіх бацькоў, то блокчэйн-энтузіястаў стане намнога больш. Навошта, скажыце, крыптавалюты сталым багатым людзям, у якіх заводы, параходы, самалёты і іншыя даброты? Таму трэба нейкі час пачакаць. Будзе павялічвацца колькасць людзей, гатовых свае паслугі абменьваць на крыптавалюту, — бу­дзе заключацца ўсё больш смарт-кантрактаў.

Сёння Беларусь мае рэпутацыю першай краіны, якая дазволіла абарачэнне крыптавалют у такім аб’ёме. Паціху выхоўваецца пакаленне, якое ўсведамляе, што свет трансфармуецца, і яно не будзе пасіўным сведкам гэтага працэсу, а зробіць свой уклад у будучыя пераўтварэнні.

— Як рэагуе вышэйшая школа на новыя выклікі часу?

— Лічбавая трансфармацыя грамадства прыводзіць да змен у вучэбных планах і праграмах — гэта вельмі адчуваецца. На нас са­праўды ляжыць вялікая адказ­насць: калі мы не навучым, то ніхто не навучыць. Вядома, не ўсе выпускнікі пойдуць гандляваць на крыптабіржу і будуць пісаць смарт-кантракты. Але яны павінны ведаць, што гэта такое, дзе выкарыстоўваецца, як знайсці патрэбную інфармацыю для работы.

Сфера, дзе могуць прымяняцца смарт-кантракты, вельмі шырокая: фінансавы рынак, крэдытаванне, лагістыка, краўдфандынг і г.д. Тэхналогія дае магчымасць бяспечна абменьвацца грашыма, уласнасцю і іншымі актывамі напрамую, без лішніх выдаткаў грошай і часу.

Мы на факультэце ніколі не арыентаваліся на стандартныя спецыяльнасці. Наша мэта — аналітыка і, канечне, азнаямленне студэнтаў з фінансавымі тэхналогіямі. Заканамерна, што многія выпускнікі працу­юць у гэтай сферы. Яны не праграмісты, але ім дастаткова атрыманых ведаў, каб аналіза­ваць базы даных, працаваць з крыптавалютамі і г.д.

Мы бачым, што моладзь вельмі цікавіцца новымі напрамкамі. У нас ёсць спецыяльнасц­ь “Эканамічная інфарматыка” (кваліфікацыя  “эканаміст-інфарматык”) — там самы высокі конкурс на факультэце, прыходзяць лепшыя выпускнікі школы. І мы будзем скіроўваць іх падрыхтоўку ў бок фінансавых тэхналогій.

Сёлета ў магістратуры адкрываецца новая спецыяльнасць — “Фінансы, падаткаабкладанне і крэдыт” (прафілізацыя “фінансавыя тэхналогіі”). На спецыяльнасці “Эканоміка” з’явіцца прафілізацыя, звязаная з інтэлектуальным аналізам даных, дзе студэнты атрымаюць актуальныя веды ў галіне новых тэхналогій.

Дзякуючы таму, што БДУ — вялікая шматпрофільная ўстанова, мы маем вялікія перавагі. Так, праграмаванне і аналіз даных у нас выкладаюць спецыялісты з факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі; права — з юрыдычнага факультэта і факультэта міжнародных адносін. Такім чынам, будучыя спецыялісты атрымліва­юць інтэграваную падрыхтоўку, што дазваляе ім працаваць у той сферы, якая ім са­праўды цікавая.

— Можна сказаць, што ў студэнтаў эканамічнага факультэта сёння больш цікавая мара, чым проста працаваць у банкаўскай сферы?

Смарт-кантракты заснаваны на тэхналогіі блокчэйн — гэта дэцэнтралізаваная сістэма, якая размеркавана па ўсім свеце ў мностве камп’ютараў, аб’яднаных у адну сетку. Блокчэйн дазваляе карыстальнікам ажыццяўляць транзакцыі і перадаваць інфармацыю без дапамогі банкаў і іншых пасрэднікаў.

— Так, сёння ў банкаў з’явілася сур’ёзная канкурэнцыя. Бо адна справа, калі вы пры­ходзіце ў банк і робіце грашовы перавод — гэта доўга, а за абслугоўванне бяруць грошы. І зусім іншая, калі вы ажыццяўляеце транзакцыю ў крыптавалюце. У першым выпадку банку, безумоўна, прыемна, а вось у другім — яму нічога не перападае. Таму, хутчэй за ўсё, банкі ў прывычным нам выгля­дзе паціху пачнуць трансфармавацца. У Еўро­пе гэта ўжо адбываецца: буйныя банкі аб’ядноўваюцца, стараючыся такім чынам узбуйніць свае актывы, умацаваць пазіцыі.

Дробныя фінтэхкампаніі заключаюць смарт-кантракты, уступаючы ў канкурэнцыю з юрыдычнымі кампаніямі. І тым таксама непрыемна. Юрыдычнае лобі ў Еўропе і ЗША, дарэчы, вельмі моцнае. Нам у гэтым сэнсе прасцей, бо ў Беларусі няма буйных юрыдычных кампаній, якія маюць вялікую вагу і супрацьстаяць развіццю фінансавых тэхналогій. Таму ў нашай краіны ёсць рэальны шанс стаць першай у гэтым напрамку. Наша крыптабіржа ўжо заявіла пра сябе як сур’ёзная фінансавая пляцоўка — сёння ў чарзе на рэгістрацыю знаходзяцца каля 15 тысяч удзельнікаў. Нам трэба разумець, што свет мяняецца, і рыхтаваць спецыялістаў, гатовых кіраваць гэтымі зменамі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.