SMART Лідар

- 12:17World Skills

У праграме крэатыўна-інавацыйнага цэнтра Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі з’явілася новае мерапрыемства для старшакласнікаў і навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў сталіцы. Гэта так званы маладзёжны інтэнсіў “SMART Лідар”.

Як расказала Іна Каралёва, супрацоўнік сталічнага палаца, у цэнтры маладзёжных ініцыятыў “Прыступкі”, дзе традыцыйна праходзіць маладзёжны інтэнсіў, створаны спрыяльныя ўмовы для камфортных зносін і нефармальнага навучання. Асноўныя мерапрыемствы праходзілі ў парку Горкага ў дні школьных канікул. Кожны дзень навучэнцам прапаноўваліся 2 тэматычныя майстар-класы або трэнінгі, а яшчэ дыскусіі, пітч-сесіі, прагляд кінафільмаў, наведванне планетарыя і многае іншае.

— Мы апрабавалі гэты фармат на летніх канікулах, — паведаміла кіраўнік крэатыўна-інавацыйнага цэнтра Ірына Васільеўна Камельчык. — Атрымаўшы станоўчыя водгукі ад удзельнікаў, вырашылі на кожных канікулах запрашаць сталічных старшакласнікаў на такую асаблівую інтэнсіўную праграму. Сучасныя формы навучання і развіцця, актуальныя тэмы, вопытныя ментары, камфортнае развіццёвае асяроддзе ў прыгожым парку — вось асноўныя складнікі нашага праекта “SMART Лідар”.

На восеньскі інтэнсіў запрасілі і ўдзельнікаў іншага праекта крэатыўна-інавацыйнага цэнтра — Мінскай лігі маладых лідараў. Гэта добраахвотнае аб’яднанне навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска, заснаванае на прынцыпах самакіравання, галоснасці, раўнапраўя і законнасці. Асноўная мэта інтэнсіву — развіццё лідарскага патэнцыялу ў падлеткаў. Таму праграма “SMART Лідар” была складзена так, каб дапамагчы навучэнцам развіць у сабе самастойнасць, крэатыўнасць, нестандартнасць мыслення, ініцыя­тыўнасць, уменне браць на сябе адказнасць за свае ўчынкі, камунікабельнасць і іншыя якасці, неабходныя сапраўднаму лідару.
Першы дзень мерапрыемства быў прысвечаны знаёмству ўдзель­нікаў паміж сабой і стварэнню каманды. У цэнтры маладзёжных ініцыятыў “Прыступкі” ўдзельнікаў “SMART Лідар” сустракала каардынатар праекта “Твой выбар” Кацярына Равянок. Пасля знаёмства і трэнінгу па цімбілдынгу ўтварылася сапраўдная каманда.

Трэнерам дня, прысвечанага аратарскаму майстэрству, выступіў спецыяліст крэатыўна-інавацыйнага цэнтра каардынатар “Прыступак” і міжнароднага праекта Dance4Life ў Беларусі Аляксандр Аляксееў. Удзельнікаў чакаў незвычайны дзень кіно, які стартаваў з воркшопа “Эфектыўная камунікацыя”, дзе юныя лідары разбіраліся, чаму ў зносінах мы часам не разумеем, не чуем адно аднаго і як змяніць гэтую сітуацыю. Вядучая воркшопа, ментар TEDxYouth@Minsk і куратар праекта крэатыўна-інавацыйнага цэнтра “Дыялогавая пляцоўка САМИ” Іна Каралёва паказала дзецям, як у камунікацыі дапамагае ўменне задаваць пытанні і як гэта рабіць найбольш эфектыўна. Дзень прадоўжыўся адкрытым дыялогам з беларускім кінарэжысёрам Аляксандрай Бутар. Гэтая сустрэча выклікала непадробную, жывую цікавасць: акрамя ўдзельнікаў інтэнсіву, да яе далучыліся кінаманы са сталічных прафесійна-тэхнічных каледжаў і ліцэяў. Смарт-лідары пагрузіліся ў магію і тэхналогію стварэння кінафільмаў, даведаліся, як бачыць кіно не глядач, а рэжысёр, дзе вучаць кінамайстэрству. Запомніўся інтэнсіў і днём прафарыентацыі. Гэты дзень быў прысвечаны выбару прафесійнай будучыні. Навучэнцы аналізавалі стан сучаснага рынку працы, атрымлівалі практычныя навыкі ў складанні рэзюмэ, вывучалі свет сучасных прафесій і праходзілі тэсты на схільнасць да той ці іншай прафесійнай сферы. Завяршылася праграма “SMART Лідара” крэатыўным днём. Спачатку ўдзельнікі пазнаёміліся з тэхналогіяй дызайн-мыслення, а затым адправіліся ў планетарый, бо лідару абавязкова трэба развіваць свой кругагляд і ўмець бачыць новыя гарызонты. “Праз церні да зорак”, казалі мудрацы, і хочацца дадаць: станавіся лідарам сёння, каб было паспяховым тваё заўтра.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.