SMART-­мэтавызначэнне ў адукацыйным працэсе: чым гэта дапамагае

- 9:05Образование

Калі настаўнік не задаволены вынікамі навучання сваіх вучняў, калі ім не хапае матывацыі і адказнасці, то трэба нешта мяняць у планаванні і правядзенні ўрокаў.  Многім педагогам дапамагло вызначэнне мэты ўрока ў фармаце SMART, які дазваляе фармуляваць канкрэтны, дасягальны і вымяральны вынік працы.

Два настаўнікі фізікі, якія працуюць у 8 класе, па-рознаму вызначылі  сваю мэту на ўрок па тэме  “Разлік колькасці цеплыні пры награванні і ахаладжэнні. Удзель­ная цеплаёмістасць”. Які варыянт вам больш даспадобы? 

Першы настаўнік: “Плануецца, што ў выніку пазнавальнай дзейнасці на ўроку вучні будуць ведаць і разумець сэнс фізічных паняццяў (колькасць цеплыні і цеплаёмістасць), формулу для разліку колькасці цеплыні; будуць умець знаходзіць у табліцы значэнні ўдзельнай цеплаёмістасці рэчываў;   змогуць рашаць задачы на вызначэнне колькасці цеплыні ў працэсе цеплаперадачы, на разлік масы і рознасці пачатковай і канчатковай  тэмператур рэчыва”.

Другі настаўнік: “Увесці паняцце колькасці цеплыні, неабходнай для награвання цела (і той, якая выдзяляецца, калі цела астывае); увесці паняцце удзельнай цеплаёмістасці рэчыва”.

Што вам, паважаныя чытачы, больш падабаецца? Калі падчас заняткаў у АПА прашу нашых слухачоў адказаць на гэтае пытанне, то яны аддаюць перавагу мэце першага настаўніка. Пытаюся ў іх чаму.

Вось іх аргументы.

  1. Сфармуляванае першым настаўнікам адпавядае сутнасці паняцця “мэта”: гэта запланаваны вынік дзейнасці; прадмет свядомага імкнення суб’екта; канчатковы вынік, на які накіравана яго дзейнасць.
  2. Першы настаўнік, плануючы ўрок, думаў пра тое, што на ім будуць рабіць вучні, каб у канцы яны змаглі паспяхова прадэманстраваць набытыя веды і ўменні.

Да пералічанага дадам наступнае: першы настаўнік мае сродак для ацэнкі поспехаў вучняў, для кіравання іх пазнавальнай дзейнасцю. Як гэта ажыццяўляецца на практыцы? Прачытаеце ніжэй.

“А што вы думаеце наконт запісу другога настаўніка?” — пытаюся ў слухачоў. Іх адказы наступныя.

  1. Гэта не мэта, а ўказанне на намеры педагога, на тое, што ён будзе сам рабіць на ўроку — уводзіць.
  2. Калі б па нейкай прычыне гэты настаўнік у сваім плане не напісаў мэту, то на ўроку нічога б не змянілася. Іншымі словамі, гэта фармальны запіс, без якога можна абысціся.
  3. Настаўнік пазбаўляе сябе магчымасці эфектыўна кіраваць дзейнасцю вучняў.

Вернемся да першага педагога. Ёсць усе падставы лічыць, што ён сфармуляваў на свой урок SМART-мэту (разумную мэту). Яе крытэрыі закладзены ў самой абрэвіятуры. Specific: канкрэтная, дакладна вызначаная. Measurable: вымяральная (дыягнастычная), якая дае магчымасць вызначыць, ці дасягнута яна. Аchievable: дасягальная. Relevant: рэалістычная (адпавядае раздзелу вучэбнай праграмы “Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў”). Time bound: абмежаваная па часе (будзе дасягнута на працягу 45 мінут урока).

Алгарытм фармулёўкі мэты

Прапануем надзейны алгарытм фармулёўкі SМART-мэты.

  1. Ацэньваем, наколькі вучні ўжо валодаюць патрэбнымі для вывучэння новай тэмы ведамі і ўменнямі (калі нечым не валодаюць, гэта павінна знайсці адлюстраванне ў мэце).
  2. Звяртаемся да вучэбнай праграмы — асноўных патрабаванняў да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў; вылучаем з іх тыя веды і ўменні, якімі вучні павінны авалодаць менавіта на гэтым уроку.
  3. Фармулюем сваю мэту праз чаканыя вынікі навучання — дакладную, вымяральную і дасягальную.

Дзейнасць вучняў будзе прадукцыйнай, калі настаўнік па­дзеліцца з імі сваёй мэтай. Мэта вучняў у змястоўнай частцы павінна супадаць з мэтай настаўніка. У нашым выпадку важна паклапаціцца пра тое, каб вучні прынялі яе ў наступным выг­лядзе:

  • вы даведаецеся, якая вада хутчэй закіпае: чыстая або салёная; у якой каструлі вада закіпае хутчэй: у алюмініевай або жалезнай. Праз нейкі час зможаце разлічыць, колькі трэба запла­ціць за электраэнергію, каб на электрапліце зварыць каструлю баршчу;
  • для гэтага вам неабходна даведацца і зразумець сэнс фізічных паняццяў (колькасць цеплыні і цеплаёмістасць); разабрацца ў формуле для разліку колькасці цеплыні; навучыцца знаходзіць у табліцы значэнні ўдзельнай цеплаёмістасці рэчываў, навучыцца рашаць задачы на вызначэнне колькасці цеплыні ў працэсе цеплаперадачы, на разлік масы і рознасці пачатковай і канчатковай тэмператур рэчыва.

Такім чынам, мэту вучняў таксама можна лічыць SMART-мэтай. Калі вучні яе разумеюць, то ведаюць, чаго могуць дасягнуць, рацыянальна размяркоўваюць свой час, валодаюць інфармацыяй пра тое, як яны набліжаюцца да намечанага выніку.

Як такая канкрэтная, вы­мя­ральная і дасягальная мэта выкарыстоўваецца настаўнікам і вучнямі? Настаўнік, плануючы ўрок, арыентуецца на мэту — чаканыя вынікі работы вучняў. У пачатку ўрока ён даводзіць да вучняў іх мэту ці арганізуе “вырошчванне” яе самімі вучнямі. Затым ён прапануе вучням вызначыцца, як яны будуць працаваць, каб дасягнуць мэты, або прапануе свой план. 

Вучні сваю дзейнасць таксама ажыццяўляюць у кірунку мэты. Па ходзе ўрока яны суадносяць атрыманыя веды і ўменні са сваёй мэтай, радуюцца ў выпадку поспеху; пры неабходнасці карэкціруюць сваю дзейнасць і прамежкавыя вынікі. У канцы ўрока яны выконваюць кантрольныя заданні для праверкі дасягнення мэты, параўноўваюць атрыманыя веды і ўменні з мэтай. Пры неабходнасці праводзіцца карэкцыя. Дамашняе заданне даецца ў адпаведнасці з вынікамі дыягностыкі. На ўроку паралельна ідуць працэсы навучання-вучэння і кантролю-­ацэнкі, самакантролю-самаацэнкі, а таксама ўзаемакантролю-ўзаемаацэнкі. Вучню важна на кожным этапе бачыць сваё развіццё, суадносіць тое, што і як ён робіць, з мэтай, нормамі, узорамі, эталонамі.

Такім чынам, SMART-мэта выконвае функцыю сродку арганізацыі зваротнай сувязі. Настаўнік атрымлівае інфармацыю ад вучняў, калі прапануе ім выканаць заданні, што адпавядаюць мэце. Вучні, дзякуючы зваротнай сувязі ад настаўніка, эталонам правільна выкананых заданняў, ба­чаць, у чым яны паспяховыя, ведаюць, што і як карэкціраваць. Яны да­юць зваротную сувязь сваім аднакласнікам па выкананых заданнях згодна з мэтай іх дзейнасці на ўроку.

Такое навучанне стварае на ўроку спрыяльнае асяроддзе, павышае адказнасць вучняў і іх пазнавальную матывацыю, ро­біць іх суб’ектамі ацэначнай дзейнасці. Гэта стварае сітуацыю поспеху, матывуе навучэнцаў на працяг дзейнасці.

Развіваем і выхоўваем

Верагодна, у вас узнікае пытанне наконт выхаваўчых і развіццёвых мэт. Як вядома, яны вызначаны ў стандартах пачатковай, базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, у тлумачальных запісках да вучэбных праграм. У некаторых школах на педсавеце прымаецца ўзгодненая калектывам і баць­камі вучняў кампетэнтнасная мадэль выпускніка. Гэтыя мэты разлічаны на вялікі тэрмін: на год ці на ўвесь час навучання ў школе. І гэта зразумела, бо за 45 мінут урока нельга сфарміраваць тую або іншую кампетэнцыю, выхаваць тую або іншую якасць асобы вучня. Але ж выхоўваць і развіваць вучняў неабходна. Як быць? Прыгадаем сэнс слова “задача”: гэта тое, што трэба зрабіць, каб дасягнуць мэты. Такім чынам, на ўрок мы фармулюем сваю мэту па засваенні вучнямі вучэбнага матэрыялу, трансфармуем яе для вучняў, а таксама вызначаем свае задачы па выхаванні і развіцці вучняў.

Гэтыя задачы рэкамендуецца вызначаць з дапамогай дзеясловаў садзейнічаць, спрыяць, стварыць умовы і г.д. Напрыклад, калі многія вучні ў класе не валодаюць даследчымі кампетэнцыямі, а гэтае ўменне пазначана ў вучэбнай праграме, то лагічна сфармуляваць наступную задачу: стварыць умовы для развіцця даследчых здольнасцей навучэнцаў (заўважым, што для гэтага павінен быць адпаведны вучэбны матэрыял). Яшчэ прыклад: у многіх вучняў пакуль не сфарміраваны навык самаацэнкі. Таму можна сфармуляваць наступную задачу: арганізаваць сітуацыю, якая будзе спрыяць развіццю ў выхаванцаў здольнасцей ацэньваць уласную дзейнасць і яе вынікі. У цэлым задача фармулюецца пры наяўнасці супярэчнасці паміж уяўленнем аб ідэальным выпускніку школы і рэальнай праб­лемай у выхаванні і/або развіцці навучэнцаў. У любым выпадку важна ўлічваць выхаваўчы і развіццёвы патэнцыял вучэбнага  матэрыялу.

Вырашэнне задач выхавання і развіцця дасягаецца праз арганізацыю на ўроках адпаведных сітуацый, з дапамогай заданняў. Напрыклад, для развіцця ўмення весці дыялог на ўроку павінны гучаць дыялогі; для развіцця крэатыўнасці патрэбны творчыя заданні.

Алгарытм вызначэння выхаваўчых і развіццёвых задач уключае наступныя крокі:

1) звяртаемся да адукацыйнага стандарту, тлумачальнай запіскі да вучэбнай праграмы, выбіраем кампетэнцыю/якасць асобы, якой вучні пакуль не валодаюць або валодаюць недастаткова добра;

2) ацэньваем магчымасці вучэбнага матэрыялу для пазбаўлення ад яўных супярэчнасцей (вучні павінны гэтым вало­даць, але пакуль гэтага не назіраецца);

3) фармулюем задачы па выхаванні і развіцці;

4) знаходзім і прымянем на ўроку сродак/ствараем сітуацыю, які/якая дазваляе больш-менш паспяхова вырашаць гэтыя задачы.

Прыведзены алгарытм, па сутнасці, з’яўляецца механізмам рэалізацыі на ўроках кампетэнтнаснага падыходу.

SMART-мэта — гэта ўніверсальны сродак, прымяненне якога карысна пры планаванні і выкананні любой работы, праекта, правядзенні мерапрыемстваў. Яна дазваляе  павысіць эфектыўнасць дзейнасці калектыву  школы, калі мэту ў плане яе работы на год вызначаць не дэкларатыўна (павысіць узровень прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў), а, напрыклад, так: да заканчэння навучальнага года не менш за 40% настаўнікаў будуць валодаць тэхналогіяй актыўнай ацэнкі.

Разгледзім наступныя прыклады. Плануецца правядзенне педагагічнага савета па тэме “Функцыянальная дасведча­насць — сучасны выклік для адукацыі”. Адміністрацыяй установы вызначана мэта: ”Знаёмс­тва з тэарэтычнымі асновамі функ­цыянальнай дасведчанасці. Агляд вопыту выкарыстання тэхналогій фарміравання розных кірункаў функцыянальнай дасведчанасці педагогамі школы”. Чытачы разумеюць, што гэта не мэта, а ўказанне на змест мерапрыемства. Паспрабуем сфармуля­ваць SMART-мэту: да заканчэння педсавета настаўнікі будуць разумець актуальнасць функцыянальнай дасведчанасці сучаснага чалавека, ведаць сутнасць і структуру функцыянальнай дасведчанасці, змогуць вызначыцца, якія ідэі з вопыту калег яны возьмуць на ўзбраенне, у якіх кірунках будуць далей развіваць сваю дзейнасць.

Настаўнік плануе правядзенне бацькоўскага сходу па тэме “Бяспека дзяцей у нашых руках”. Мэта класнага кіраўніка: плануецца, што ўдзельнікі сходу будуць ведаць існуючыя пагрозы, якім могуць падвяргацца іх дзеці; напрыканцы сходу назавуць не менш за 8 магчымасцей для абароны сваіх дзяцей ад існуючых пагроз; набудуць вопыт правядзення адпаведных гутарак са сваімі дзецьмі. Для дасягнення трэцяй часткі мэты бу­дуць праведзены спарынгі паміж баць­камі па прадухіленні пагроз для іх дзяцей.

Карысна вызначаць SMART-­мэты і для экскурсіі, і для апошняга званка, і для майстар-класа, і для гадзін палітінфармацыі, і г.д.

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі
 і менеджменту адукацыі АПА