Смеласць — дырэктара, спартыўны энтузіязм — настаўнікаў

- 11:47Якасць адукацыі

Па меркаванні дырэктара сярэдняй школы № 1 Ашмян Гродзенскай вобласці Міхаіла Гружэўскага, найноўшая гісторыя іх навучальнай установы доўгі час не адрознівалася ні якасцю арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы ў цэлым, ні спартыўнымі дасягненнямі ў прыватнасці. Паспяховы шматгадовы перыяд у гэтым напрамку быў звязаны з работай настаўнікаў-ветэранаў, але з іх зыходам застаўся ў мінулым. Разам з тым новы будынак школы меў усё: цудоўную спартзалу, абсталяваныя трэнажорныя, пакоі для спартыўных гульняў, цір, адкрытыя вулічныя пляцоўкі, стадыён, хакейную пляцоўку, футбольнае поле і іншае. Заставалася толькі знайсці настаўнікаў.

А школе проста не шанцавала на настаўнікаў-фанатаў, якія здольны захапіць спортам, якія жадаюць і ўмеюць працаваць на перспектыву. Улічваючы вялікую напаўняльнасць школы (40 класаў-камплектаў), кафедра фізічнай культуры фарміравалася з 4-х настаўнікаў з дастатковай вучэбнай нагрузкай. Дырэктар школы сур’ёзна адсочваў іх работу, рабіў пры крайняй неабходнасці адзінкавыя кадравыя замены, спрабаваў заўважаць найменшыя поспехі і на іх аснове падштурхоўваць цікавасць настаўнікаў да творчасці і самааддачы. Тым не менш сітуацыя не мянялася, і ўрокі фізічнай культуры пераходзілі ў разрад самых нелюбімых, а энтузіязм некаторых маладых цікавых настаўнікаў хутка згасаў, натыкаючыся на руціну і абыякавасць.smelost directora
І тады (гэта было 3 гады назад) дырэктар прыняў кардынальнае рашэнне: спыніць працоўныя адносіны з усімі настаўнікамі фізічнай культуры адразу. У такім кроку была сур’ёзная рызыка: знайсці для школы адразу 4-х новых настаўнікаў-прафесіяналаў у невялікім раёне, тым больш ведаючы амбіцыі і патрабаванні адміністрацыі, не так проста. Але Міхаіл Мар’янавіч, нягледзячы на пэўную трывогу, не губляў надзеі і сустракаўся з настаўнікамі, прапаноўваў, абгрунтоўваў, маляваў перспектывы, канкрэтызаваў умовы працы і патрабаванні. У выніку яго смеласць і энтузіязм былі ўзнагароджаны: на работу папрасіўся выпускнік школы — настаўнік фізічнай культуры Андрэй Лукашэвіч, які працаваў у сельскай школе, куды даводзілася ездзіць за 20 км. У педагога ўжо быў сур’ёзны прафесійны вопыт і аўтарытэт. Са сваімі дзецьмі ён перамагаў у тэлегульні “Бухта капітанаў”.
Затым закрылася базавая сельская школа, і да дырэктара прыйшоў настаўнік фізічнай культуры Сяргей Юшкоўскі, малады, але паспяховы спецыяліст у лёгкай атлетыцы. У ходзе рэарганізацыі ДЮСШ перайшла ў сярэднюю школу № 1 былы дырэктар спартыўнай школы Алена Александровіч, якая з’яўляецца спецыялістам у гульнявых відах спорту. Завяршыў працэс фарміравання кафедры Дзмітрый Шумчык, які па сямейных прычынах пераехаў у Ашмяны з Мінскай вобласці.
Першай і асноўнай задачай, якую паставіў перад новай камандай дырэктар, было вярнуць павагу дзяцей да ўрокаў фізічнай культуры, сфарміраваць жаданне і патрэбу займацца спортам, павярнуць бацькоў да гэтага напрамку ў жыцці школы. У выніку сістэмная работа на ўроках, секцыі выявілі асабліва адораных і першыя спартыўныя дасягненні з’явіліся хутчэй чаканага.
Ужо праз год выхаванец Сяргея Юшкоўскага Дзмітрый Барташэвіч становіцца пераможцам у рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Сёння Дзмітрый вучыцца ў 11 класе ў школе алімпійскага рэзерву ў Гродне, ён двухразовы чэмпіён краіны, член зборнай Беларусі па падрыхтоўцы да першага юнацкага чэмпіянату Еўропы, які будзе праходзіць у Грузіі. Аляксандр Швабовіч (настаўнік Андрэй Лукашэвіч), увайшоўшы ў склад зборнай Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы, стаў прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў. Караліна Ждановіч і Карына Несцерава ў гэтым годзе перамаглі на рэспубліканскіх спаборніцтвах па летнім мнагаборстве. А Караліна — пераможца і зімовага мнагаборства.
Абедзве дзяўчынкі прынялі ўдзел у Мінскім POLO-марафоне-2015, а таксама ў Рэспубліканскім прабегу, дзе Карына Несцерава стала бронзавым прызёрам на дыстанцыі 1 кіламетр. Абедзве сталі прызёрамі ў першынстве краіны па часавым бегу. А Данііл Пракопчык і Мікалай Дукель прынялі ўдзел у рэспубліканскім фінале “Шкаліяды”. Да перамог высокага ўзроўню гатовы юнакі і дзяўчаты школьнай каманды па паўэрліфтынгу. Вельмі перспектыўным паўэрліфтарам з’яўляецца пяціразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь Альберт Станкевіч.
Па выніках мінулага навучальнага года сярэдняя школа № 1 Ашмян стала пераможцай раённай спартакіяды і ўжо ў гэтым годзе нікому не саступіла ў першынствах на лёгкаатлетычным кросе, па лёгкай атлетыцы, валейболе.
Настаўнікі фізкультуры не замыкаюцца ў трэніровачным працэсе толькі на сваёй школе. Традыцыйнымі сталі таварыскія сустрэчы з іншымі школамі свайго і суседніх раёнаў, з дарослымі камандамі прадпрыемстваў. У суботнія дні пасля ўрокаў запатрабавана ўся спартыўная інфраструктура: пляцоўкі, зала, трэнажорныя. Арганізоўваюцца гульнявыя спаборніцтвы ў рамках унутрышкольнай спартакіяды, дні здароўя, спартландыі і секцыі разам з бацькамі.
Настаўнікі пастаянна бачаць перспектыву развіцця матэрыяльнай базы спартыўных аб’ектаў школы, самі знаходзяць сродкі і дырэктара нагружаюць пытаннямі. У прыватнасці, дзякуючы іх настойлівасці было заменена асвятленне спартыўнай залы, рэалізаваны мерапрыемствы па выкананні цеплавога рэжыму, якасна праводзіцца штогадовы бягучы рамонт, абноўлены спартыўныя маты, мячы па ўсіх гульнявых відах, набыты больш сучасныя пнеўматычныя вінтоўкі, з’явіліся новыя спартыўныя зоны на стадыёне. Зманціравана сістэма аператыўнага заліву хакейнага поля.
Усё гэта натуральным чынам фарміруе станоўчы імідж прафесіі настаўніка фізічнай культуры і здароўя. Яшчэ адна выхаванка сярэдняй школы № 1 Ашмян Дзіяна Трус гэты навучальны год пачала ў школе алімпійскага рэзерву. За апошнія два гады 5 выпускнікоў школы сталі студэнтамі фізкультурных УВА краіны. Фізічнае выхаванне ў школе не толькі вярнулася да лепшых традыцый, але і зрабіла сур’ёзны крок да далейшага развіцця, а ўрокі фізічнай культуры, як і самі настаўнікі, вярнуліся ў ранг самых любімых і паважаных.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.