“Смелый в боях и хороший товарищ…”

- 12:37Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Нашы вучні ўшаноўваюць подзвіг дзядоў і прадзедаў, даследуюць жыццё і баявы шлях удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, лёс якіх цесна звязаны з Малой Бераставіцай. У рамках праекта “Подзвігу народа жыць у стагоддзях”, рэалізаванага на базе школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”, праведзена даследаванне жыццёвага шляху былога дырэктара Мікалая Мікалаевіча Ластачкіна, які ўзначальваў школу з 10 верасня 1944 па 1951 год.

Складаным быў лёс Мікалая Мікалаевіча, аб чым сведчаць сустрэчы і гутаркі з яго роднымі, аналіз гістарычных дакументаў. Будучы педагог нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Замачулле на Магілёўшчыне. Сялянская сям’я была вялікая і дружная, даводзілася многа працаваць, але хапала часу і жадання і на вучобу. Яшчэ ў школьныя гады марыў аб прафесіі настаўніка. Паступіў у Магілёўскі педагагічны інстытут. А ў 1937 годзе яго прызвалі ў Чырвоную Армію, дзе ён служыў да лістапада 1938 года. Пасля дэмабілізацыі прадоўжыў навучанне, якое сумясціў з працай настаўніка рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 22 Магілёва. У чэрвені 1941 года атрымаў пуцёўку ў Маскву на сельскагаспадарчую выставу. З успамінаў жонкі Любові Анастасьеўны: “Коля заўсёды эмацыянальна расказваў пра пачатак вайны, бо 22 чэрвеня знаходзіўся ў Маскве. Масквічы былі вельмі ўзрушаны паведамленнем, вялікія натоўпы ўсхваляваных людзей на вуліцах, чэргі ў магазінах, у ашчадных касах і на вакзалах. Мікалай змог купіць білет на цягнік, каб вярнуцца дахаты. Непадалёку ад Оршы варожыя самалёты пачалі бамбіць цягнік, з’явіліся параненыя і забітыя. Але Мікалаю ўдалося даехаць да Магілёва, дзе 24 чэрвеня яго прызвалі ў Чырвоную Армію”.
Падчас абарончых баёў многія салдаты трапілі ў акружэнне. Так сталася і з Мікалаем восенню 1941 года падчас цяжкага бою. Праз некаторы час чырвонаармейцаў адправілі ў таварных вагонах у лагер для ваеннапалонных, які размяшчаўся паблізу польскага горада Холм, затым перамясцілі ў лагер у Замосці, а пазней — у Люблінскі лагер смерці. Мікалай зведаў здзекі, голад, холад і штодзённае чаканне смерці. Акрамя гэтага, ён вельмі цяжка перажываў знявагу, прыніжэнне чалавечай годнасці. Аднак здолеў уцячы з лагера, але на гэтым пакуты яго не скончыліся, шлях да роднай зямлі быў доўгі і небяспечны. З вялікімі складанасцямі ўдалося вярнуцца на Радзіму. Месяц пошукаў — і ён выйшаў да партызан атрада “Чырвоны Кастрычнік”. Адбылося гэта ў ліпені 1942 года. З успамінаў М.Ластачкіна: “Паколькі я быў у палоне, то мне спачатку не давяралі, але пасля некалькіх заданняў далі ў рукі зброю і ўключылі ў дыверсійную групу”.
На базе асобных партызанскіх атрадаў з вясны 1942 года пачалі стварацца партызанскія брыгады. Першая (“Гарнізон Паўлоўскага”) створана на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Палескай вобласці ў студзені 1942 года. У школьным музеі ёсць каштоўны дакумент — баявая характарыстыка на партызана атрада “Чырвоны Кастрычнік” 123-й брыгады імя 25-годдзя БССР Мікалая Мікалаевіча Ластачкіна. На дакуменце пазначаны нумар і назва гэтай брыгады, ён завераны подпісамі камандзіра атрада, начальніка штаба і камісара. На пячатцы юным даследчыкам удалося прачытаць: “Штаб Полесского соединения”, дата — 24 жніўня 1944 года.
Вытрымка з баявой характарыстыкі: “Тов. Ласточкин Н.Н. за время пребывания в отряде показал себя как примерный и дисциплинированный партизан, смелый в боях и хороший товарищ. Со дня прибытия в отряд всегда добровольно шел на диверсионную работу по спуску вражеских эшелонов, следовавших к линии фронта, а также был участником нескольких боев с вражескими гарнизонами и полицией: Грабье, Березовка, Холопеничи, Залесье и др. 9 января 1944 г. во время боевой засады в д.Подветка Октябрьского района был ранен в ногу, но поле боя не оставил до окончания боя. Имеет на своем личном счету 4 спущенных вражеских эшелона с техникой и вооружением, шедших к линии фронта. Десять раз он был участником рельсовой борьбы по взрыву ж.д. полотна и участником подрыва ж.д. мостов на реке Бобричь, ж.д. моста ст.Холопники, ст.Василевичи, ст.Голявуц, водокачки на ст.Холопники и ст.Останковичи, а также участник уничтожения 3 танков среднего типа и двух бронемашин. Тов. Ласточкин М.М. имеет на своем счету 60 истребленных гитлеровцев…”
Набліжаўся час вызвалення Беларусі ад ворагаў. Фашысты ўсё часцей сталі праводзіць карныя аперацыі супраць партызан. Падчас адной з іх група партызан трапіла ў палон, сярод іх быў і Ластачкін. Але Мікалай не скарыўся. Праз два месяцы зноў збег ад фашыстаў і вярнуўся на ўжо вызваленую ад ворагаў тэрыторыю ў жніўні 1944 года. Радзіма высока ацаніла заслугі Мікалая Мікалаевіча Ластачкіна. Сярод узнагарод — ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны II cтупені, медаль “Партызану Айчыннай вайны”.
На вызваленай тэрыторыі пачалося аднаўленне мірнага жыцця. Міністэрства адукацыі накіравала М.М.Ластачкіна на педагагічную работу на Гродзеншчыну. 10 верасня 1944 года ён пачаў працаваць дырэктарам Малабераставіцкай няпоўнай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна. Мікалай Мікалаевіч праявіў сябе як адукаваны, інтэлігентны і працавіты кіраўнік, які ўзяў на сябе цяжкую справу пасляваеннага аднаўлення адукацыі ў нашай мясцовасці. Менавіта такім запомнілі дырэктара-партызана старажылы Малой Бераставіцы. Яго жыццёвы і баявы шлях з’яўляецца прыкладам для вучняў, настаўнікаў і ўсіх наведвальнікаў школьнага музея.

Вікторыя КІСЯЛЕЎСКАЯ,
дырэктар Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.