СМІ заклікаюць улады выступіць супраць “сеткавага зла”

Кіраўнікі вядучых СМІ Вялікабрытаніі звярнуліся да ўрада з заклікам стварыць асаблівы кантралюючы орган, які перашкаджаў бы распаўсюджванню фэйкавых навін, цкаванню і іншым злоўжыванням у сацыяльных сетках Facebook і Twitter.

Афіцыйнае пісьмо падпісана кіраўнікамі карпарацыі ВВС, тэлеканалаў Sky News і ITV, тэлекамунікацыйных кампаній BT Group і TalkTalk, паведамляе ТАСС са спасылкай на брытанскую газету The Sunday Telegraph.

На думку аўтараў пісьма, брытанскі ўрад павінен прыняць адпаведныя меры ўжо цяпер, калі рыхтуецца пакет прапаноў па павышэнні бяспекі ў інтэрнэце. Кіраўнікі СМІ заклікаюць улады выступіць супраць “сеткавага зла, якое толькі павялічваецца сацыяльнымі медыя”.

Прадстаўнікі журналісцкага асяроддзя таксама заявілі, што сацыяльныя медыя сёння не могуць самастойна выпрацаваць крытэрыі прымальнага і недапушчальнага кантэнту. У апублікаваным звароце да ўрада адзначаецца, што наспела тэрміновая неабходнасць у правядзенні незалежнай ацэнкі рашэнняў, якія прымаюцца сацыяльнымі медыя, павышэнні празрыстасці ў гэтай сферы. Пры гэтым падкрэсліваецца, што “размова ідзе не пра цэнзуру ў сетцы, а пра тое, каб зрабіць папулярныя інтэрнэт-платформы больш бяспечнымі, дабіўшыся таго, каб крокі, якія робяць гэтыя прыватныя кампаніі, былі падсправаздачныя і празрыстыя”.

Найбуйнейшыя брытанскія тэлевяшчальнікі таксама звяртаюць увагу ўлад, што яны плацяць падаткі, ажыццяўляюць інвестыцыі і пры гэтым знаходзяцца пад наглядам рэгулюючага органа. Сацыяльныя медыя, такія як Google, Facebook і Twitter, далёка не заўсёды ўносяць суразмерныя сумы ў дзяржаўную казну Вялікабрытаніі і свабодныя ад якога-небудзь кантролю.